На 19 гадоў калоніі асудзілі падпалкоўніка вайсковай выведкі


Менскі гарадскі суд асудзіў на 19 гадоў калоніі падпалкоўніка галоўнага разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны Дзмітрыя Самсонава. Суд цягнуўся тры месяцы і праходзіў у закрытым рэжыме, паведамляе «Вясна».

Падпалкоўнік вайсковай выведкі Дзмітрый Самсонаў.
Фота: spring96.org

Справу разбірала суддзя Таццяна Фалькоўская. Падпалкоўніка выведкі Дзмітрыя Самсонава абвінавачвалі ў здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356 КК), мэтанакіраваным разгалошванні службовай таямніцы (ч.1 арт. 375 КК) і ў адмыванні сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч.2 арт. 235 КК).

Пра справу, працэс і самога Самсонава амаль нічога невядома, паведамляюць праваабаронцы. Да восені 2020-га Дзмітрый Самсонаў працаваў у Галоўным упраўленні вайсковай выведкі Мінабароны ў званні падпалкоўніка. Служыў у сакрэтнай частцы 15738. Гэтае ўпраўленне, апроч іншага, мае доступ да матэрыялаў, атрыманых КДБ, у тым ліку матэрыялаў праслухоўвання.

«Вядома таксама, што Самсонава затрымалі ў 2020 годзе і да суду ўтрымлівалі пад вартай. Суд над ім пачаўся 4 кастрычніка і праходзіў у закрытым рэжыме на той падставе, што ў матэрыялах справы змяшчалася нібыта інфармацыя, якая ўтрымлівае сакрэтныя звесткі. Цяпер Дзмітрый Самсонаў знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага», – паведамляе «Вясна».

Ці звязана гэтая справа з палітычнымі падзеямі – невядома. Восенню мінулага года журналісты «Нашай Нівы» спрабавалі звязацца з роднымі Самсонава, але тыя не пацвердзілі і не зняпраўдзілі гэтую тэорыю. Пра Дзмітрыя Самсонава няма згадак ні ў праўладных СМІ, ні ў тэлеграм-каналах, пра гэтую справу не распавядалі прэс-службы сілавых ведамстваў і суду. Таксама пра Дзмітрыя не згадвалася ў фільме «Манкурты» пра сілавікоў на АНТ.

Артыкулы
Палітвязень Дзяніс Урад пакараны 18 гадамі пазбаўлення волі
2021.05.14 13:51

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў