Сёлета беларускія ўлады затрымалі па «экстрэмісцкіх» артыкулах 5 тысяч чалавек


Генеральны пракурор Андрэй Швед расказаў, што ў 2022 годзе ў Беларусі было выяўлена больш за 5 тысяч злачынстваў «экстрэмісцкай накіраванасці». Таксама ён паведаміў, што сёлета Расея ўжо выдала афіцыйнаму Менску 16 беларускіх грамадзян, якіх абвінавачваюць паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

Марш герояў
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Толькі сёлета за 11 месяцаў выяўлена больш за 5000 злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. 76% з іх – гэта тыя, якія здзейснены ў віртуальнай сетцы Інтэрнэт. Большасць гэтых злачынстваў звязана з падзеямі 2020 года і з наступным перыядам. Ільвіную долю складаюць злачынствы, звязаныя з абразамі прадстаўнікоў улады, паклёпам, дыскрэдытацыяй нашай рэспублікі, распальваннем варожасці», – распавёў Швед у эфіры СТВ.

Таксама ён прыгразіў адказнасцю беларусам, якія з’ехалі з краіны, і нагадаў пра завочныя суды.

Таксама Швед дадаў, што расейскія ўлады сёлета прынялі 25 «станоўчых рашэнняў» па запытах аб выдачы беларускіх грамадзян, якіх абвінавачваюць паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Расея ўжо выдала афіцыйнаму Менску 16 беларускіх грамадзянаў і ў найбліжэйшы час мае выдаць астатніх.

«Шэсць крымінальных справаў мы накіравалі ў Расею для прыцягнення грамадзян Расейскай Федэрацыі. Частка гэтых спраў ужо разгледжана, у прыватнасці ў Казані асуджаны грамадзянін Расеі за тое, што абражаў службовую асобу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ён пакараны ў адпаведнасці з расейскім заканадаўствам», – заявіў Швед.

Аднак Генеральны пракурор заявіў, што з іншымі краінамі такога ўзаемадзеяння няма.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў