З Беларусі эвакуявалі сям'ю папулярызатараў беларускай мовы, Ігара Случака і Аліну Нагорную


Сям’ю папулярызатараў беларускай мовы Ігара Случака і Аліну Нагорную з двума дзецьмі эвакуявалі з Беларусі. Цяпер яны ў Вільні. Пра гэта распавёў сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак, які дапамагаў з эвакуацыяй.

Ігар Случак і Аліна Нагорная ў Вільні пасля эвакуацыі.
Фота: Andrej Stryzhak / Facebook

Вядомыя абаронцы моўных правоў беларусаў Ігар Случак і ягоная жонка Аліна Нагорная да гэтага часу заставаліся ў Беларусі, аднак дзеля бяспекі былі вымушаны пакінуць свой дом і не жылі па месцы прапіскі. Аднак апошнім часам заставацца ў краіне ім стала не бяспечна, і яны вырашылі з’язджаць. У пары – двое маленькіх дзяцей.

«Гэта была асаблівая эвакуацыя са складанымі і драматычнымі рашэннямі. Складаная яшчэ і тым, наколькі шмат Аліна і Ігар змаглі зрабіць, знаходзячыся ў Беларусі дагэтуль (!). Іх расповед пра жыццё апошніх трох год − гэта драматычны прыгодніцкі трылер, і гэты расповед варты асобнай кнігі. Аліна і Ігар пратрымаліся максімальна доўга, працягваючы займацца праваабарончай дзейнасцю ўнутры краіны, але кола вакол іх звузілася настолькі і справа стала такой небяспечнай, што яны былі вымушаныя з’ехаць», − паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook Андрэй Стрыжак.

На радзіме яны папулярызавалі беларушчыну, актыўна пісалі лісты на прадпрыемствы і ў дзяржаўныя органы з просьбаю пашыраць ужытак беларускай мовы. Многія прыслухоўваліся да гэтых просьбаў і дзякавалі Случаку з Нагорнай за неабыякавасць.

У верасні гэтага года Ігар Случак распавядаў, што пасля іхнага ад’езду з прыватнага дому аднавяскоўцы пачалі выносіць з іхнай хаты ўсё каштоўнае. Зразумеўшы, што сям’я вернецца не хутка, аднавяскоўцы спачатку пакралі з падворку ўсе металічныя рэчы і самаробны мангал. Пасля чарга дайшла да гаспадарчых пабудоваў – з іх таксама павыносілі ўсё металічнае. Прайшло яшчэ крыху часу, і чарга дайшла да плота з сеткі-рабіцы – яго таксама знеслі. Ігар Случак казаў, што гэта яго не надта здзівіла, бо пра такія рэчы ён чытаў раней.

Дапамагчы сям’і можна праз спасылку, аднак не карыстайцеся беларускімі ці расейскімі плацежнымі інструментамі для данату праз BYSOL.

Hавiны
Пасля ад’езду мовазнаўцаў аднавяскоўцы пачалі абкрадаць іхны дом
2023.09.03 20:26

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў