На Падляшшы пройдзе фестываль аўтарскай песні «Бардаўская восень»


На Падляшшы 27-29 кастрычніка адбудзецца XVIII Фестываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песні «Бардаўская восень». Уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю вольны.

Афіша фестывалю беларускай бардаўскай і аўтарскай песні «Бардаўская восень»

Традыцыйна фестывальныя мерапрыемствы пачнуцца ў Бельску Падляскім. Першае мерапрыемства пачнецца ў пятніцу 27 кастрычніка а 18:00 у Бельскім Доме Культуры (ul. 3 Maja 2).

27 кастрычніка

У першы дзень 27 кастрычніка ўдзельнікаў фестывалю чакае размова-успамін Надзеі Артымовіч – бельскай паэткі і беларускага голасу Падляшша, якая неаднойчы наведвала фестываль. Адбудзецца канцэрт і візуальна-музычная праграма «Край» з удзелам спявачкі і музыкі Кацярыны Ваданосавай і мастачкі пясочнай анімацыі Аляксандры Канафальскай. Таксама чакаецца канцэрт гурта Relikt – пераможцы і неаднаразовага госця «Бардаўскай восені».

28 кастрычніка

Субота 28 кастрычніка –  другі дзень фестывалю, ён пройдзе ў Орлю. Мерапрыемствы пачнуцца а 17:00 у Гмінным асяродку культуры ( ul. Mickiewicza 4).

У гэты дзень адбудзецца канцэрт Алега Кабзара. Ён прадстаўнік мясцовай музычнай супольнасці, «грамадзянін Падляшша» – як ён сябе называе, мастак і бард, выступае на фестывалю не адно дзесяцігоддзе. У гэтым годзе значная частка ягонай музычнай праграмы будзе прысвечана Надзеі Артымовіч. Пройдзе дыскусія «Беларуская літаратура Падляшша», падчас якой будзе магчымасць лепш пазнаёміцца з беларускім літаратурным працэсам на Падляшшы, сустрэцца з мясцовымі аўтарамі, даведацца аб іх поспехах, крыніцах натхнення і творчых планах.

Таксама на вечар 28 кастрычніка запланаваны выступ WZ Trio з удзелам Змітра Вайцюшкевіча.

29 кастрычніка

Трэці дзень «Бардаўскай восені» пройдзе ў Беластоку, праграма пачнецца а 17:00 у Беластоцкім Тэатры Лялек (ul. Kalinowskiego 1).

У гэты дзень адбудуцца дзве прэм’еры – тэатральная і музычная. Пакажуць прэм’еру спектакля «Святло ў цемры» рэжысёра Андрэя Саўчанкі. «Святло ў цемры» – сумесны праект Тутэйшага тэатру і фонду Тутака. У яго аснову пакладзены тэксты і біяграфіі творцаў, забітых ці рэпрэсаваных у 1937 годзе ў Беларусі.

Акрамя спектаклю адбудзецца прэм’ера беларускамоўнай праграмы «Арка» музычнага праекту ZUI. У яго складзе Алена Зуй-Вайцяхоўская і Міхась Зуй, якія збіраюцца здзіўляць нечаканым спалучэннем эксперыментальнай электроннай музыкі, іранічных тэкстаў і вакалу. Праграма «Арка» стане часткай новага альбома, над якім зараз працуюць музыкі.

Пасля гэтага адбудзецца канцэрт гурта :B:N:. Гэта мікс сучаснага і класічнага еўрапейскага року ў спалучэнні з меладычным вакалам і дынамічным гітарным гучаннем.

Уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю вольны. «Белсат» выступае медыяпартнёрам фестывалю.

ВІДЭА
Вольны хор даў у Варшаве канцэрт памяці расстраляных паэтаў. «Белсат» вёў трансляцыю
2023.10.29 13:00

belsat.eu

Стужка навінаў