Чаму ў Беларусі зноўку загаварылі пра бамбасховішчы, і ці трэба на іх разлічваць


Размовы пра бамбасховішчы ў Беларусі не сціхаюць цэлы тыдзень. Да таго ж узніклі яны сёлета не ўпершыню. На фоне прапаганды і інфармацыйных укідаў паспрабавалі разабрацца з экспертам, ці трэба беларусам разлічваць на грамадзянскую абарону ўвогуле ды як унікнуць пагрозы ад бомбаў і ракетаў.

Сховішча ў Дачным, Менскі раён.
Фота: onliner.by

Прадаецца бамбасховішча

«Вытрывае нават тады, калі і сапраўды нешта прыляціць! А на паверхні – ладны надзел зямлі. Можаце насадзіць сад і збудаваць сабе прыгожы катэдж з палісаднікам, паставіць лазню!» – гэтак расхвальвае свой тавар рыэлтарка, якая размясціла на папулярнай у Беларусі пляцоўцы гандлю нерухомасцю абвестку аб продажы бамбасховішча непадалёк Калодзішчаў каля Менску. Тэлефаную як цікаўны магчымы пакупнік, з размовы даведваюся, што бамбасховішча пабудавалі ў 1984 годзе. Будынак сухі, дагледжаны, з электрычнасцю і водаправодам, «гэта вам не той волкі і цвілы склеп, што ў Менску неяк выстаўлялі на продаж, пабудаваны ў 1949 годзе».

Рыэлтарка адсочвае абвесткі такога зместу, сваю размясціла не выпадкова: адчула магчымы попыт. «Ну, а чаго чакаць? Раптам людзям спатрэбіцца паводле першаснага прызначэння? Сябе з сям’ёй схаваць ад пагрозы ці работнікаў з фірмы, гатовае сховішча. А заціхне ўсё – што хочаш можна зарганізаваць: кіназалу, кўэст-зону, гатэль, рэстаран. Бо абмежаванняў на выкарыстанне няма, а будынак моцны ды экзатычны, з тоўстымі сценамі. Там можна хоць песні ўва ўсё горла пець – суседзі ні гуку не пачуюць».

Гэта гісторыя добра адлюстроўвае стан, у якім цяпер застаюцца беларусы: адным страшна за сябе, другім страшна за сваю пасаду, трэцім не страшна, але хочацца каб усё хутчэй скончылася, іншыя гатовы скарыстацца момантам не без выгады. Большасць жа абывацеляў няўцямна круцяць галовамі, мала разумеючы, што адбываецца.

Увесь мінулы тыдзень тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» публікаваў паведамленні чытачоў з розных куткоў Беларусі: правяраюць сховішчы ў навучальных і медычных установах, на прадпрыемствах, праводзяць трэнаванні дзеянняў падчас эвакуацыі, раяць прышываць дзецям на адзенне біркі з імёнамі і нумарамі тэлефонаў бацькоў.

Што кажуць пра бамбасховішчы ў публічнай прасторы

Тэма бамбасховішчаў пачала актыўна абмяркоўвацца ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання. Міністр надзвычайных сітуацыяў Вадзім Сіняўскі расказаў, што ў Беларусі больш за 5 тысяч аб’ектаў, якія ў выпадку чаго здолеюць абараніць ад бомбаў і ракетаў. Выступленне міністра як бы падсумоўвала тэму павышэння ўзроўню ваеннай пагрозы, якую 10 кастрычніка агучыў Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы пра пачатак разгортвання рэгіянальнай групоўкі Беларусі і Расеі. Затым увесь тыдзень то міністр абароны, то старшыня Памежнага камітэту, то старшыня КДБ заяўлялі пра спробы «нядобразычліўцаў з суседніх краінаў» гразіць Беларусі вайсковаю сілай і зброяй ды нават пра планы нанесці ўдары ракетамі.

Hавiны
Міністэрства надзвычайных сітуацыяў атрымала зброю і загаварыла пра бамбасховішчы
2022.10.16 23:00

Такі інфармацыйны сцэнар дзеяў і ў пачатку вясны, калі Расея напала на Украіну, а ў Беларусі міністры-сілавікі ды іхны лідар сталі актыўна гаварыць пра ўкраінскую пагрозу і нават паказваць на мапах месца магчымага ўдару, які быццам планаваўся. Тады ж гэтую тэму абмяркоўвалі і медыі.

Прайшло паўгода, і тэма бамбасховішчаў ізноў стала актуальная, бо зноў стала абмяркоўвацца імаверная пагроза.  Гэтым разам упершыню за многія гады агучылі лік сховішчаў. Мяркуючы з паведамленняў інфаваланцёраў, сапраўды асобныя з іх правяраюцца.

Сховішчы прызначаны не для ўсіх

«Усе абмеркаванні, ёсць ці няма ў Беларусі 5 тысячаў хованак ад бомбаў і ракетаў, – пустая трата часу і прыгожая «карцінка» для медыяў, бо гэта так усё таямніча, тоўстыя ахоўна-герметычныя дзверы з колцамі гідраўлічных завалаў выглядаюць так эфектна. І гэтак далей, – адзначае эксперт з досведам працы ў вайсковым ведамстве Беларусі, які пажадаў захаваць сваю ананімнасць. – Сапраўдныя звесткі пра бамбасховішчы засакрэчаныя, і спраўдзіць наяўнасць ці адсутнасць сховішчаў можна будзе толькі ў момант Х».

Пра засакрэчанасць звестак пра сховішчы паведаміў 23 кастрычніка і дзяржаўны тэлеканал ОНТ, паказаўшы сюжэт з аднаго з менскіх прадпрыемстваў. «Мапы са сховішчамі няма ў адкрытым доступе, каб іх не знайшлі раней за вас умоўныя нядобразычліўцы», – сказаў аўтар сюжэту, спасылаючыся на МНС.

Паводле заканадаўства, менавіта Міністэрства надзвычайных сітуацыяў ёсць органам дзяржаўнага кіравання грамадзянскай абаронай. Адна з галоўных задачаў грамадзянскай абароны – папярэджваць насельніцтва пра пагрозу масавага характару. «Сістэма апавяшчэння сапраўды створаная, і яе працаздольнасць падтрымліваецца, бо ў экстранай сітуацыі адна з галоўных задачаў – пазбегнуць панікі ды зарганізаваць эвакуацыю насельніцтва з месцаў НС», – распавядае суразмоўца.

Другая важная задача ў мірны час – папярэджваць наступствы катастрофаў прыроднага і тэхнагеннага характару. «Тэхнагенныя пагрозы існуюць найперш на прадпрыемствах, дзе ў вытворчых мэтах выкарыстоўваюць шкодныя рэчывы, існуе небяспека выбуху, атручвання паветра, грунтовых ці сцёкавых водаў атрутнымі рэчывамі, газамі і гэтак далей, – тлумачыць эксперт. – На практыцы пагроза існуе нават на мясакамбінаце ці холадакамбінаце, бо ў сістэмах ахаладжэння выкарыстоўваюцца атрутныя рэчывы. Адмыслова абароненыя закрытыя памяшканні павінны быць на ўсіх прадпрыемствах, дзе можа ўзнікнуць высокі ўзровень пагрозы для яго работнікаў ці жыхароў прылеглых паселішчаў і жылых масіваў».

На тэрыторыі МАЗу размешчанае самае вялікае ў Менску сховішча. На здымку: тэрыторыя прадпрыемства.
Фота: discovery.nemiga.info

Паводле эксперта, апроч вытворчасцяў з выкарыстаннем небяспечных рэчываў і працэсаў адмыслова абароненыя памяшканні павінны быць на прадпрыемствах ВПК, на вытворчасцях падвойнага прызначэння, на аб’ектах крытычнай інфраструктуры, у пэўных установах аховы здароўя, сувязі, энергазабеспячэння. І, ясна, у будынках розных органаў кіравання і важных дзяржаўных установаў.

«Галоўная задача ўсіх гэтак званых закрытых ахоўных аб’ектаў ці то ў мірны час, ці то ў ваенны – забяспечыць дзейнасць крытычна важных для краіны аб’ектаў кіравання і вытворчасці, – кажа эксперт. – То бок, можа быць, існуе пяць ці колькі тысяч сховішчаў, але яны існуюць не дзеля, умоўна кажучы, жыхароў спальных мікрараёнаў».

Без дапамогі не пакінуць і насельніцтва, адзначае эксперт, «але гэта дапамога не будзе выглядаць як недасяжны для бомбаў і ракетаў склеп глыбока пад зямлёю, гэта дапамога будзе інфармацыяй пра тое, як і ў які час дабрацца да эвакуацыйнага пункту ці пункту раздачы вады і ахоўных сродкаў».

Ці існуюць у Беларусі бункеры

Мода на бамбасховішчы скончылася з істэрыяй халоднай вайны, калі нават у школах вучылі, як сябе весці ў выпадку ядравага выбуху ці выкарыстання атрутных газаў. Але нават у савецкі час грамадзянскія вучэнні з наведаннем бамбасховішчаў шырока не праводзіліся, прынамсі масавых не было, можа толькі на якіх зачыненых вайсковых прадпрыемствах. Пасля распаду СССР нейкія аб’екты, вядома ж, засталіся і на тэрыторыі Беларусі.

«Сапраўдныя аўтаномныя бункеры на выпадак ядравага ўдару, напэўна, ёсць толькі ў Расеі, бо ў яе ёсць ядравая зброя. Ці засталося што працаздольнае з аб’ектаў такога кшталту ў Беларусі, я не ведаю». Паводле эксперта, падтрыманне ў працаздольным стане аўтаномных сховішчаў – справа даволі не танная: «Толькі вады на аднаго чалавека за содні трэба мінімум 8 літраў, гэта яшчэ савецкі нарматыў (я кажу пра пітную і тэхнічную ваду). Дадайце запасы харчавання, паліва, сродкаў гігіены, коўдраў і гэтак далей. Электраасвятляльныя прыборы тыя ж, вентыляцыйныя сістэмы, фільтры, медыкаменты, перавязачныя матэрыялы. Вялікія выдаткі на ўсё гэта патрэбны».

Ёсць некалькі важных чыннікаў, улічваючы якія ў краіне ствараюць і падтрымліваюць сетку сховішчаў, здольных абараніць ад сродкаў вайсковага паражэння: «Існаванне рэальнай вонкавай ваеннай пагрозы, існаванне небяспекі ўнутранага канфлікту, наяўнасць пэўных матэрыяльных рэсурсаў і палітычнай волі на выкарыстанне гэтых рэсурсаў».

У аўтарытарнай Беларусі ўсе працэсы і рашэнні завязаныя на аднаго чалавека, а вось ён якраз меў скептычнае стаўленне да сховішчаў, якое выказаў, напрыклад, наведваючы 12 жніўня 2021 года прадпрыемства ў Віцебскай вобласці, дзе планавалі выпускаць беларускую вакцыну ад COVID-19. Лукашэнку тады правялі па тэрыторыі прадпрыемства і паказалі бамбасховішча, якое, як аказалася, маецца ў распараджэнні «на выпадак надзвычайнай сітуацыі».

«Яно ў поўнай баявой гатовасці. Калі біялагічная пагроза нейкая. Яно з 1930а года», – сказаў дырэктар прадпрыемства.

Лукашэнка быў вельмі здзіўлены:

«Каму там быць? У мяне няма бамбасховішча!» – цытаваў Лукашэнку тэлеграм-канал «Пул Первого».

Бункеры і сховішчы высокага класу аховы будуюцца дзеля абароны ад зброі масавага знішчэння. У найноўшай гісторыі Беларусі рэальнай пагрозы выкарыстання такой зброі не існавала.

Што рабіць пры пагрозе бомбавых ці ракетных удараў

Галоўнае, што здольная зрабіць грамадзянская абарона Беларусі, – папярэдзіць пра пагрозу. Жыхары Менску ды іншых гарадоў за сваё жыццё не раз сутыкаліся з гукам сірэнаў сістэмы апавяшчэння, якія ўмыкаліся для правярання. Працаўнікі офісаў і цэхаў не раз сутыкаліся з трэнавальнымі паведамленнямі праз сеткі гучнагаварыльнікаў.

«Ёсць адзін вельмі важны сігнал, ён называецца «Слухайце ўсе». Першая прыкмета гэтага сігналу – гучанне сірэнаў даўжэй за 3 хвіліны. Пачуўшы такі незвычайна працяглы сігнал, трэба тэрмінова ўлучыць любую радыёстанцыю ці тэлеканал, бо па іх будуць транслявацца важныя паведамленні. На сотавыя тэлефоны прыйдуць ведамкі з інструкцыямі. Магчыма, па вуліцах будуць ездзіць спецыяльныя машыны з рупарамі, па якіх будуць зачытваць тэкст важнай абвесткі. Гэтыя абвесткі будуць утрымліваць інструкцыі для дзеянняў, у тым ліку і адрасы блізкіх сховішчаў».

У выпадку пагрозы выкарыстання бомбаў і ракетаў будзе дзеяць такі ж алгарытм інфармавання.  Да перадаванай інфармацыі, падкрэслівае эксперт, трэба ставіцца сур’ёзна, але дзеяць самастойна: «Усе павінны зразумець, што ў выпадку крайніх сітуацыяў, кожны сам павінен зрабіць для сябе і сваіх блізкіх запасы пітной вады (тры літры на содні), запасы каларыйнай, але з невялікаю вагой ежы на некалькі дзён, лекаў, адзення. Добра мець з сабою сцізорык, скотч і клей БФ-2, яны могуць прыдацца для дапамогі пры раненнях – парэзах і апёках».

Сховішчы – гэта вельмі часовая мэта, падкрэслівае эксперт. У выпадку пагрозы баявых дзеянняў найлепшае, што могуць зрабіць цывільныя асобы, – пакінуць тэрыторыю з такою пагрозай. Эвакуацыю таксама будзе спрабаваць зарганізаваць МНС.

Усе станцыі менскага метро маюць глыбіню болей за 9 метраў. Гэтага дастаткова, каб вытрываць траплянне авіябомбы сярэдняга калібру.
Фота: minsknews.by

Не дрэнна было б загадзя самастойна дамовіцца, куды будзе эвакуявацца вашая сям’я. Гэта павінна быць нейкае адно вядомае сямейнікам і месца – лецішча, дом у вёсцы, у родзічаў. Можна дамовіцца і пра нейкі прамежкавы пункт збору, куды цягам пэўнага часу павінна дабрацца сям’я. Падумайце і пра сродкі сувязі. Тэлефоны, інтэрнэт могуць працаваць з перабоямі. Трэба мець дадатковыя акумулятары альбо паўэрбанкі для падсілкавання прыладаў. Добра мець на ўсіх прыладах праграмы, якія працуюць пры нестабільным інтэрнэце ці без яго – «Fire Chat» ці аналагі.

Эксперт звярнуў увагу на тое, што, кажучы пра ахоўныя збудаванні, трэба разумець, ад якіх менавіта пагрозаў яны здольныя абараніць. У выпадку баявых дзеянняў з выкарыстаннем артылерыі, ракетаў і авіябомбаў да таксічных, тэрмічных і механічных фактараў пашкоджання, пагрозы якіх існуюць у мірны час, дадаюцца ўдарная хваля, паражэнне аскепкамі, разбуральная здольнасць самога боепрыпасу, тэрмічнае пашкоджанне, можа быць нават радыеактыўнае выпраменьванне.

У выпадку баявых дзеянняў «тэарэтычна гэтыя пагрозы ўзнікаюць па ўсёй тэрыторыі краіны. Практычна ж яны існуюць толькі побач з вайсковымі аб’ектамі і аб’ектамі крытычнай інфраструктуры. Галоўныя ж пагрозы для цывільнага насельніцтва – паніка, коркі на выезд, пагроза марадзёрства, пагроза застацца без ежы, вады і лекаў, без медычнай дапамогі, пагроза згубіцца».

Аналітыка
Дзе ў Беларусі ратавацца ад ракетаў і бомбаў? Інфармацыя пра сховішчы закрытая
2022.03.03 18:41

«Не бяруся крытыкаваць здольнасць беларускіх пажарнікаў і ратавальнікаў ці медыкаў выконваць прафесійныя абавязкі ў крытычных сітуацыях, але ў выпадках урагану Хавіер, ковіднай інфекцыі, разладу сістэмы водазабеспячэння ў Менску ўлетку 2020 года было відавочна, што ўсе адмысловыя службы (МНС, медыкі і г. д.) здольныя справіцца з выклікамі толькі пры вялікім валанцёрскім падтрыманні, – адзначыў эксперт. – Зноў жа, згадайце, наколькі беларусы эфектыўна здолелі самаарганізавацца падчас пратэстаў. Таму мая парада вельмі простая: разлічвайце найперш толькі на сябе і сваіх блізкіх ды сяброў, дапамагайце адно аднаму. Дапамогуць дзяржаўныя службы – добра, не дапамогуць – вы павінны быць да гэтага гатовыя».

Кажучы пра крокі і дзеянні, якія трэба рабіць цывільным, трапіўшы ў зону баявых дзеянняў, эксперт параіў зазірнуць найперш на ўкраінскія сайты. Там сёння існуе шмат карысных публікацыяў з падрабязнымі інструкцыямі, як паводзіцца пад абстрэлам ці ў акупацыі. Даволі падрабязныя прафесійныя інструкцыі ў справе выжывання пачалі размяшчаць і некаторыя расейскія сайты. На беларускіх рэсурсах такіх інструкцыяў пакуль не сустрэць.

  • Што важна ў выпадку надзвычайнай сітуацыі ці вайны
  • Як сабраць «трывожную валізу»
  • Як сябе паводзіць у зоне баявых дзеянняў

Якія збудаванні могуць паслужыць схованкамі падчас абстрэлаў

  • Метро (можа вытрываць беспасярэднія траплянні даволі магутных бомбаў, менскае метро мае глыбіню больш за 9 метраў, у выпадку баявых дзеянняў яно будзе галоўным сховішчам у сталіцы, дзе, паводле ОНТ, могуць размясціцца каля 112 тысячаў чалавек).
  • Падземныя пераходы.
  • Скляпенні (пажадана з некалькімі выхадамі).
  • Некаторыя калодзежы гарадскіх камунікацыяў.
  • Каналы, траншэі, натуральныя і штучныя складкі мясцовасці.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў