Сёння ўначы Расея дронамі і ракетамі атакавала Адэсу. Разбураная партовая інфраструктура, параненая адна жанчына.
Паводле паведамлення Сілаў абароны поўдня Украіны, уначы расейцы атакавалі Адэскую вобласць 19 дронамі тыпу «Shahed-136/131», дзвюма звышгукавымі ракетамі «Онікс», а таксама 12 ракетамі тыпу «Калібр».
У выніку атакі моцныя пашкоджанні атрымала прыпартовая інфраструктура Адэсы.
Як адзначыла спікерка аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк, быў знішчаны марскі вакзал у Адэсе, пашкоджанні атрымала зернясховішча.
Паводле кіраўніка Адэскай вайсковай адміністрацыі Алега Кіпэра, выбухамі былі пашкоджаныя складскія памяшканні і адзін з прыватных дамоў. Быў пашкоджаны нежылы шматпавярховы дом. Імаверна, гаворка пра 19-павярховы гатэль «Адэса», які функцыянаваў з 2001 да 2011 года.
Як паведамляюць Сілы абароны поўдня Украіны, паветраная абарона збіла 19 «Шагэдаў» і 11 «Калібраў».
Раман Шавель belsat.eu