Праваабаронцу Алесю Бяляцкаму споўнілася 60 гадоў. Больш за год ён за кратамі без суда


Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» сустракаў свой дзень народзінаў у няволі і год таму, і дзесяць гадоў таму. 25 верасня 2022 года яму споўнілася 60 гадоў. Больш за год ён у зняволенні без прысуду. Яшчэ тры гады ён правёў за кратамі ў 2010-х.

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі. Лета 2021 года.
Фота: viasna96 / Telegram

Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня 2021 года ў межах маштабнай атакі спецслужбаў на праваабарончую супольнасць Беларусі. Яму спачатку выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), але потым пакінулі толькі артыкул пра падаткі. Бяляцкага ўсё яшчэ не судзілі, а толькі працягвалі тэрмін заключэння пад вартай. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Бяляцкі – кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) з 2007 да 2016 гг. «Вясна» стала самым вядомым праваабарончым цэнтрам Беларусі.

Артыкулы
Што такое «Вясна»? Кароткая гісторыя праваабарончага цэнтру, на які напала дзяржава
2021.07.14 15:55

За чвэрць стагоддзя сваёй дзейнасці Бяляцкі быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: у 2006 годзе – шведскай прэміяй імя Пера Ангера; прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава; прэміяй «Homo Homіnі», якую ўручаў Вацлаў Гавэл. У 2011 годзе – дыпломам «За мужнасць і барацьбу за свабоду», прэміяй «Найлепшы праваабаронца года», прэміяй Нарвежскага звязу пісьменнікаў «За свабоду слова». У 2012 годзе – прэміяй Дзярждэпартаменту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі на знак прызнання дзейнасці ў адстойванні правоў чалавека ў Беларусі. У 2013 годзе – прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЕ, у 2019 годзе – прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закона», а ў 2020 годзе – прэміяй «За годны лад жыцця» і супольна з іншымі прэміяй імя Сахарава. Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.

Бяляцкі ўжо быў палітычным зняволеным. Ён быў арыштаваны ў жніўні 2011 года і асуджаны на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Адбываў пакаранне ў жодзінскай турме і бабруйскай калоніі. Вызвалены ў чэрвені 2014 года праз амністыю.

Як згадвае «Вясна», Бяляцкі – аўтар сямі кніг, з якіх пяць напісаў за кратамі. Таксама выходзіў «Альбом салідарнасці» пра пераслед Бяляцкага ў першай палове 2010-х.

Паводле звестак «Вясны», Бяляцкага ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 у так званым «спецкалідоры» – паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі. Цягам гэтага года Бяляцкага моцна абмяжоўваюць у ліставанні. Але яму можна паспрабаваць напісаць ліст на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск (пазначыць: Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму).

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў