«Пішу пра ўсіх, хто супраць вайны». Гiсторыi беларусаў, якiя запусцiлi iнiцыятывы для падтрымання ўкраiнцаў


Мінула сем месяцаў з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Украіне дапамагаюць не толькі іншыя дзяржавы, але і асобныя людзі, каманды. Сярод iх i беларусы. Расказваем пра iнiцыятывы нашых суайчыннiкаў, салідарных з Украiнаю.

«Мы ведаем, як выглядае баявая падрыхтоўка»

Ініцыятыва Prague Support Team рыхтуе добраахвотнікаў з усяго свету на фронт. Яны збіраюць наборы з рэчаў, неабходных на фронце, а таксама займаюцца вайсковай падрыхтоўкай. У ініцыятывы ёсць база недалёка ад польска-ўкраінскай мяжы, дзе ваяроў рыхтуюць да фронту інструктары з Чэхіі, Польшчы, ЗША.

Кірыл Якімовіч жыве ў Празе з 2008 года. Ён у свой час служыў у беларускім войску, а пасля пераезду ў Чэхію дзеля сацыялізацыі пачаў займацца стральбою, тады і пазнаёміўся з вайскоўцамі і паліцыянтамі. Таксама ён прадаваў абсталяванне для страйкболу.

Кірыл Якімовіч. 
Фота: Таццяна Касуля

Яшчэ за пару тыдняў да пачатку вайны добры знаёмец Кірыла з Украіны папрасіў яго праверыць трываласць бронеплітаў на адным з чэшскіх палігонаў. Але выбухнула поўнамаштабнае ўварванне, і дапамагаць давялося не толькі бронеплітамі.

Спачатку Кірыл разам з групаю аднадумцаў пачаў збіраць наборы ўзбраення і абароны, якія будуць жыццёва неабходныя на фронце. Дапамагалi кантакты, якiя зʼявiлiся падчас продажу абсталявання для страйкболу і заняткаў стральбой.

«Чэхія мае даўнія традыцыі вырабу зброі, ды і паводле заканадаўства гэта самая вольная краіна Еўропы. Калі вы хочаце пастраляць, то вам сюды», – кажа Кірыл.

Але пазней стала зразумела, што патрэбная комплексная дапамога. Каля ўкраінска-польскай мяжы ініцыятыва арганізавала базу. Там месціцца склад, а таксама дзее курс падрыхтоўкі беларускіх добраахвотнікаў на фронт.

«Мы ведаем, як цяпер выглядае баявая падрыхтоўка ва Украіне, таму імкнемся рабіць максімум на тэрыторыі Еўропы. Ужо былі водгукі: «Вашыя хлопцы са спецназу?» Калі людзі думаюць, што прыедуць ва Украіну і атрымаюць час, экіпіроўку, інструктараў – гэта не так. Можа быць недахоп чагосьці», – кажа Кірыл.

Агулам ініцыятыва выслала каля 100 набораў, а падрыхтавала – каля 90 чалавек. Кірыл кажа, што яны адкрытыя для людзей з любым пашпартам – нядаўна ў цэнтр Prague Support Team звярнуўся грамадзянін Расеі.

Iніцыятыва існуе на ахвяраванні, пры падтрыманні дыяспараў і фонду BySol.

«Я працую горным гідам, гэта сезонная праца, найбольш запатрабаваная ўлетку і зімою. Вайна пачалася акурат у міжсезонне, калі я меў шмат прыватных планаў. Спачатку было вельмі цяжка, мы працавалі 14–16 гадзінаў на дзень. Але пакрысе выбудавалі працэсы, нават маем людзей на заробку. І вось цяпер я магу дазволіць сабе паехаць у Альпы на працу, і нічога не разваліцца», – кажа Кірыл Якімовіч.

«Першае, што трэба зрабіць, – дапамагчы з жытлом людзям, якія бягуць ад вайны»

Платформа icanhelp.host узнiкла адразу пасля пачатку вайны ва Украіне. Сэрвіс дапамагае ўцекачам знайсці прытулак у дамах іншых людзей па ўсім свеце. Стварылі icanhelp.host беларускія актывісты і айцішнікі.

Актывiст Нік Анціпаў, якi ў 2021 годзе быў вымушаны ўцякаць з Беларусі, бо займаўся праваабарончай дзейнасцю, апынуўся ў эміграцыі ў Берліне.

«24 лютага мой калега з Фонду Абамы [праграма для лідараў і лідарак са ўсяго свету. – belsat.eu], які паходзіць з Іраку і ўцёк ад генацыду, напісаў у нашым чаце: «Пачалася вайна. І першае, што трэба зрабіць – дапамагчы знайсці жытло людзям, якія бягуць ад вайны», – прыгадвае падзеі той страшнай раніцы Нік.

Ідэя калегі Ніку вельмі адгукнулася. «У мяне ёсць гэты досвед, разуменне, што ты не можаш вярнуцца дадому», – кажа ён. Нік працаваў ўэб-дызайнерам і ўмее будаваць сайты і працаваць у тэхнічных праектах. Ён звязаўся са знаёмымі айцішнікамі, і ўжо 25 лютага яны прэзентавалі ідэю ў чаце, дзе было 15 чалавек. А на трэці дзень вайны быў створаны прататып платформы icanhelp.host.

«Пачатак сакавіка быў вельмі цяжкім часам. Я адмовіўся ад іншых праектаў і сфакусаваўся на icanhelp.host – добра, што была фінансавая магчымасць. Агулам над праектам працавалі 60 валанцёраў і валанцёрак, а ў пікавыя моманты колькасць абвестак з прапановамі жытла дасягала 13 тысячаў». Хоць ідэя першапачаткова прыйшла ў галаву нарадзінцу Іраку, каманда ў праекце на 90 % складаецца з беларусаў. Прычым першапачаткова ўнутры было шмат абмеркаванняў – ці варта казаць пра паходжанне icanhelp.host.

Нік Анціпаў. 
Фота: Таццяна Касуля

«Мне сэрца баліць, бо гэта мой рэгіён, бо з маёй краіны запускаюць ракеты, якія ляцяць ва Украіну. Менавіта таму мне гэта бліжэй, чым людзям з Нямеччыны або Францыі. Хацелася мне верыць, што я б гэта рабіў і нягледзячы на геаграфію», – зазначае Нік.

Бяспека карыстальнікаў платформы – прыярытэт для заснавальнікаў. Паводле Ніка, каманда вельмі дбае аб тым, каб пазбегнуць трафікінгу.

«У нас ёсць працэдура СМС-верыфікацыі, таксама мы правяраем дакументы. Цяпер уся каманда працуе над тым, каб прапанаваць усім, хто публікаваў аб’явы, прайсці праз верыфікацыю асобы. Ёсць пытанні з захоўваннем гэтых звестак, але мы намагаемся іх вырашыць».

Больш за ўсё жытла прапаноўваюць жыхары Польшчы. Потым ідуць Нямеччына і Канада. Пасля доўгіх абмеркаванняў было вырашана не публікаваць абвестак ад людзей з Расеі і Беларусі.

Платформа папулярная і цяпер, праўда, яе ўжо выкарыстоўваюць больш для планавання свайго ад’езду.

«Людзям важна памятаць, што беларусы супраць вайны»

Instagram-праект #belarusiansagaisntwar прэзентуе гісторыі беларусаў, якія актыўна выступаюць супраць вайны ва Украіне. Журналістка Яўгенія Доўгая вядзе яго ў асабістым профілі ў Instagram, але ставіць адмысловы гэштэг. Ейныя героі – самыя розныя беларусы: валанцёры, журналісты, жаўнеры палка Каліноўскага. Агулам Яўгенія запісала больш за 80 гісторыяў.

Яўгенія Доўгая восенню 2020 года ўцякла з Беларусі ад пераследу ў Кіеў, а пасля 24 лютага – у Польшчу.

Калі пачалася вайна, Яўгенія спадзявалася эвакуявацца разам са сваёй цёткай – тая даўно жыве ў Кіеве. Але месца ў ейнай машыне для журналісткі і ейнай дачкі не знайшлося. Яўгенія нават адмовілася ад эвакуацыйнага аўтобуса ініцыятывы Free Belarus Center. Ёй і 10-гадовай дачцэ Сашы прыйшлося правесці ноч у метро, якое стала бамбасховішчам. Але яна здолела эвакуявацца на іншым аўтобусе ад Free Belarus Center у Львоў.

Яўгенія Доўгая.
Фота: Таццяна Касуля

«Там на вакзале была страшная цісканіна, у майго дзіцяці пачалася панічная атака. Нас забраў знаёмец, я апісала нашую гісторыю ў Facebook, дзякуючы гэтаму знаёмыя знайшлі мне месца ў эвакуацыйным аўтобусе для айцішнікаў. Так мы апынуліся ў Польшчы».

Седзячы на пероне вакзалу ў Львове, Яўгенія чула, як людзі сталага веку крычалі хлопцам: «Едзьце назад у вашую Беларусь, адкуль вы там прыехалі!» Тады яна зразумела, што з гэтым трэба нешта рабіць. Калі дзяўчына апынулася ў бяспецы, яна пачала распавядаць гісторыі беларусаў і беларусак.

«Я пішу пра ўсіх, хто хоць неяк выказваецца супраць вайны і змагаецца з ёй і з расейскай агрэсіяй. Важна паказваць працу ўсіх, антываенную пазіцыю і падтрыманне Украіны. І некаторыя пасты становяцца вельмі папулярныя. Напрыклад, пост пра сляпога мужчыну, якога беларускія валанцёры адвезлі ў Нямеччыну, разляцеўся на 500 рэпостаў. Таксама добра зайшоў пост пра Цімура Міцкевіча, хлопца, якога моцна катавалі сілавікі ў жніўні 2020 года. Людзі яшчэ пісалі: «Ён жа непаўналетні!», а ўжо два гады мінула, ён паўналетні. Час нібыта спыніўся».

Фота
Выстава «Беларусь на целе». Навошта беларусы б’юць сабе пратэставыя тату
2022.08.05 11:30

Часам у каментары прыходзяць боты пад выглядам украінцаў, каб распальваць канфлікты. Але ім не ўдаецца.

«Украінцы часта здзіўляюцца: адкуль у беларусаў столькі вытрымкі. Таксама яны даведваюцца пра маштабы дапамогі ад нас. Дзякуюць. Але і беларусам вельмі важна бачнасць нас саміх, людзям важна памятаць, што беларусы супраць вайны».

***

У 2021 годзе 4376 беларусаў атрымалі ва Украіне від на жыхарства. Хутчэй за ўсё, рэальная колькасць беларусаў, якія жылі там, – значна большая, бо шмат хто жыў без афармлення пасведчання на жыхарства.

Паводле апытанняў сацыёлагаў, каля 70 % беларусаў, што з’ехалі за мяжу, дапамагалі ўкраінскім уцекачам. У той жа час 31 % апытаных сутыкнуліся з дыскрымінацыяй паводле нацыянальнай прыкметы ў Польшчы, а ў Грузіі – 39 %.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў