Святлана Ціханоўская пра перагляд стасункаў з Расеяй, дэкамунізацыю і свята незалежнасці ў Новай Беларусі


25 жніўня спаўняецца 32 гады незалежнасці Беларусі. У гадавіну надання Дэкларацыі аб незалежнасці сілы канстытуцыйнага закону абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская ў эксклюзіўным інтэрв’ю «Белсату» расказала, якою яна бачыць Новую Беларусь.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 21 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

У вольнай Беларусі на частку з гэтых пытанняў будзе адказваць самое беларускае грамадства пасля шырокай грамадскай дыскусіі. Тым часам мы пацікавіліся думкаю Святланы Ціханоўскай, задаўшы ёй 12 кароткіх пытанняў.

– Якую дзяржаўную сімволіку вы б хацелі бачыць у Новай Беларусі?

– Канечне, бел-чырвона-белы сцяг і нашую Пагоню.

Якая дзяржаўная мова павінная быць у Новай Беларусі?

– У Канстытуцыі 1994 года была толькі адна дзяржаўная мова – беларуская. Увядзенне дзвюх дзяржаўных моваў прывяло да дыскрымінацыі і заняпаду беларускай мовы. Зараз неабходная шырокая кампанія і дзяржаўная праграма па вяртанні беларускай мовы ў масавы ўжытак. Тады можна будзе прымаць рашэнне аб вяртанні беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Не павінна быць прымусу, кожны грамадзянін мае права сам вырашаць, на якой мове размаўляць. Аднак патрабаванне да дзяржаўных службоўцаў ведаць беларускую мову павіннае быць, і ім трэба дапамагчы шляхам праграмаў, напрыклад, павышэння кваліфікацыі. Такім чынам беларуская мова будзе распаўсюджвацца.

Hавiны
«Бараніць свабоду мірна і са зброяй у руках». Зварот Ціханоўскай у дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі
2023.08.25 13:18

– Якое значэнне, на вашую думку, названы ніжэй гістарычны перыяд (або падзея) мае для Беларусі?

ВКЛ для Беларусі гэта

…пачатак фармавання і сталення беларускай нацыі.

Перыяд у Расейскай імперыі – гэта…

…час знішчэння нашай беларускай самасвядомасці.

Утварэнне БНР – гэта…

…асэнсоўванне сябе не толькі як нацыі, але і як нацыянальнай дзяржавы. Гэта першы крок да ўсведамлення сябе на сваёй тэрыторыі.

Савецкі перыяд – гэта…

…спроба беларускай нацыі выратаваць і захаваць сябе.

1991–1994 гады – гэта…

…атрыманне і асэнсаванне сваёй незалежнасці.

Час улады Аляксандра Лукашэнкі – гэта…

…страта каштоўнага часу. Рэжым Лукашэнкі адкінуў нашую краіну назад. Гэта перыяд, калі Лукашэнка дазволіў іншай краіне вырашаць лёс Беларусі. Гэта фармаванне дыктатуры, пры якой большая частка грамадства не заўважала, у што пераўтвараецца прэзідэнцтва Лукашэнкі.

Аналітыка
Прывязка да РФ і традыцыйныя каштоўнасці. Што трэба ведаць пра новую Канцэпцыю нацбяспекі
2023.04.04 20:15

Падзеі Плошчы-2006 і Плошчы-2010 – гэта…

…гонар. Я ганаруся тымі людзьмі, хто тады, нягледзячы на масавую абыякавасць, усё роўна працягваў змагацца за беларускасць, супраць дыктатуры, за нашую нацыянальную ідэю.

Пратэсты 2020 года для Беларусі – гэта…

…абуджэнне беларусаў. Беларусы ў 2020 годзе патрабавалі дэмакратыі, можа, нават не поўнасцю разумеючы, што гэта такое. Яны абурыліся супраць гвалту, яны пабачылі рэальны твар дыктатуры, на што яна гатовая, каб захаваць сваю ўладу. Прайшло тры гады, а гэтае абуджэнне не спынілася. І тое, што з 1994 да 2020 года рэпрэсавалі, – беларускасць, нацыянальны гонар – адрадзілася і пачало ўмацоўвацца. Гэта адраджэнне беларускасці, адраджэнне нацыі, і, можа, упершыню за ўсё сваё жыццё многія беларусы пачалі ганарыцца, што яны беларусы. Бо яны пабачылі адно аднаго, гэта быў такі нацыянальны прарыў.

Удзельнікі агульнаграмадзянскага маршу ў Менску, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Вот Так / Белсат

Вайна ва Украіне для Беларусі – гэта…

Давайце не будзем называць гэта вайной ва Украіне, бо гэта не ўнутраны канфлікт, а агрэсія Расеі супраць Украіны. Гэта цяжкі перыяд для Беларусі, бо Беларусь супраць волі беларускага народу стала суагрэсарам толькі таму, што ва ўладзе быў чалавек, якога людзі не прынялі і былі супраць яго. Беларусь стала небяспечнай суседкай для заходніх суседзяў. Але гэтая вайна дапамагла шмат якім нашым суграмадзянам убачыць сапраўдны твар расейскай улады, убачыць імперскія амбіцыі расейскага грамадства і пазбавіцца небяспечных ілюзіяў. Бо нам шмат гадоў расказвалі, што Расея – гэта наш адзіны саюзнік, Расея з намі назаўжды. Але з пачатку поўнамаштабнай вайны беларусы моцна аддзялілі сябе ад расейцаў, бо адчулі, што ў нас няма такога стаўлення да іншага народу, у нас няма гэтых імперскіх амбіцыяў, мы не хочам ваяваць супраць блізкай нам нацыі.

– Ці патрабуе Новая Беларусь перагляду адносінаў з Расеяй?

– Канечне. Перагледзець адносіны з Расеяй абавязкова трэба. Мы не можам заставацца ў адным саюзе з агрэсарам. Беларусі трэба выходзіць з саюзаў, дзе дамінуе Расея.

– У якіх саюзах вы б бачылі Новую Беларусь?

– Найлепшы выбар для Беларусі – Еўрапейскі Звяз. Мы павінныя стаць чальцамі спачатку Рады Еўропы, а потым і Еўразвязу.

– Чый помнік павінен стаяць на месцы помніка Леніну на плошчы Незалежнасці ў Менску?

– Тое, што змяняем гэты помнік, – гэта пэўна. Камуністычныя помнікі павінныя застацца ў музеях. А што паставіць – павінныя вырашаць мясцовыя ўлады.

– Каго вы лічыце нацыянальнымі героямі Беларусі?

– І Скарыну, і Касцюшку, і Каліноўскага, нашых асветнікаў і змагароў. Тут вялікі спіс. Новы час даў нам шмат новых герояў. Алесь Бяляцкі, напрыклад.

– Калі ў Новай Беларусі лепш адзначаць Дзень Незалежнасці?

– Ёсць тры даты, якія могуць святкавацца як Дзень Незалежнасці: 25 сакавіка (абвяшчэнне незалежнасці БНР), 27 ліпеня (дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце) і 25 жніўня (дзень аднаўлення незалежнасці).

– Ці варта, на ваш погляд, пакідаць дзяржаўным святам Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі?

– Не, не трэба. Трэба расказваць аб гэтым у падручніках гісторыі, што такі дзень быў, але гэта не беларускае свята.

– Ці трэба ў Беларусі святкаваць Дзень Перамогі?

– Вядома, трэба адзначаць гэтую дату, аднак не праслаўляць вайну, як гэта робіцца цяпер. Гэты дзень павінен быць днём памяці тых, хто загінуў. Без парадаў, як гэта адбывалася ўсе гэтыя гады. Гэта дзень смутку, дзень пашаны.

– Ці патрэбная Беларусі дэкамунізацыя?

– Думаю, што правесці дэкамунізацыю трэба. У свой час гэтага не зрабілі, і мы бачым наступствы: цяпер улада трымаецца толькі на рэпрэсіях. Трэба памятаць, што сутнасць камуністычнага рэжыму была не ў тым, каб стварыць умовы для развіцца чалавека, а ў тым, каб чалавека перарабіць. Усе нязгодныя з гэтым пераробліваннем сталі ахвярамі масавых рэпрэсіяў. Камуністычныя сімвалы ўжо назаўжды будуць звязаныя з рэпрэсіямі. Гэтыя сімвалы рэпрэсіяў трэба прыбраць. Магчыма, у музей. Дэкамунізацыя павінная прайсці ў галаве ў людзей, і ў гэтым напрамку трэба працаваць.

– Беларусы – яны якія?

– Беларусы працавітыя. Беларусы схільныя паважаць закон і жыць па правілах. Беларусы вельмі сціплыя, але ўмеюць дасягаць поспеху нават у цяжкіх умовах, гэта такі навык выжываць. Беларусы кемлівыя. Беларусы ўмеюць і хочуць сябраваць. Беларусы паважаюць іншыя нацыі, іншых людзей, але таксама патрабуюць павагі і да сябе.

Hавiны
«Я ганаруся тым, што вам дапамагаюць беларусы». Святлана Ціханоўская павіншавала Украіну з Днём незалежнасці
2023.08.24 10:37

Размаўляла В. С.  belsat.eu

Стужка навінаў