«Белая Русь» змяняе статут, каб вылучаць дэлегатаў на Усебеларускі народны сход


Міністэрства юстыцыі Беларусі яшчэ ў траўні прызнала ГА «Белая Русь» суб’ектам грамадзянскай супольнасці, які мае права на ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі. Цяпер арганізацыя змяняе статут, каб вылучаць кандыдатаў для ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе.

Намёт арганізацыі «Белая Русь» і стэнд з надпісам «Менск – гэта мы» ў Парку Перамогі. Менск, Беларусь. 10 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

У чацвер, 24 жніўня, у Менску прайшло паседжанне рэспубліканскай рады «Белай Русі», падчас якога абмяркоўвалася новая рэдакцыя статуту і парадак вылучэння кандыдатаў на УНС. Старшыня арганізацыі Алег Раманаў распавёў, што цяпер вядзецца праца для фармавання квотаў ад рэгіёнаў, прадумваюцца спісы кандыдатураў.

Да 1 верасня зменены статут накіруюць у Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі.

Алег Раманаў падкрэсліў, што Беларусь уступае ў вельмі важны перыяд электаральнай кампаніі.

«У гэтым палітычным годзе нам трэба сфармаваць Усебеларускі народны сход. Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне – адзін з суб’ектаў гэтага працэсу. Менавіта гэтае пытанне будзе ў цэнтры нашай увагі», – сказаў старшыня «Белай Русі».

Hавiны
«Белая Русь» і аб’яднанне ветэранаў. Якія арганізацыі Мінюст адносіць да грамадзянскай супольнасці
2023.05.23 15:51

Рэспубліканская рада арганізацыі таксама прыняла рашэнне аб правядзенні з 5 да 15 верасня грамадска-палітычнага марафону «17 граняў адзінства». Дыялогавыя пляцоўкі плануюцца ў 17 гарадах Беларусі.

Праўладнае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» было створанае ў 2007 годзе. 18 сакавіка 2023 года яно было зарэгістраванае як партыя, якая падтрымлівае Лукашэнку і фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту.

Аналітыка
Ці будзе «БРСМ для дарослых» «калектыўным Лукашэнкам»? «Белая Русь» стала партыяй
2023.05.03 14:36

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў