Прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс у інтэрв’ю расейскаму тэлеканалу «Дождь» распавёў пра гатовасць ягонай краіны пачаць будаваць сцяну на мяжы з Беларуссю.
«Абарона нашых межаў – гэта першая задача, якой мы павінны займацца», – сказаў прэзідэнт.
Паводле яго, будаўніцтва можа пачацца ўжо хутка, «калі сітуацыя застанецца такой самай, як цяпер».
«Абарона нашых межаў – першачарговы доўг нашых краінаў. І мы абараняем нашыя межы. Мы не можам прыняць факту, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае людзей з Блізкага Усходу як інструмент гібрыднай вайны. Таму мы будзем цвёрда стаяць на нашых межах. І гэта пазіцыя Латвіі, Літвы, Польшчы. Мы не можам прыняць гэтай правакацыі», – сказаў Эгілс Левітс.
23 жніўня міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак паведаміў у Twitter, што на мяжы з Беларуссю паставяць «новы, салідны плот вышынёй 2,5 м». Ён паабяцаў неўзабаве раскрыць падрабязнасці адносна далейшага ўдзелу Сілаў абароны Польшчы ў дапамозе памежнікам.
Будаўніцтва агароджы вядзе і Літва.
МГ belsat.eu