Эксперты МАгАтЭ знайшлі супрацьпяхотныя міны каля Запарожскай АЭС


Эксперты Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАгАтЭ) знайшлі супрацьпяхотныя міны на перыферыі пляцоўкі Запарожскай АЭС, паведаміў генеральны дырэктар агенцтва Рафаэль Мар’яна Гросі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Stringer / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Падчас абходу станцыі 23 ліпеня група МАгАтЭ заўважыла некалькі мінаў, якія былі ў буфернай зоне паміж унутранымі і вонкавымі агароджамі на перыметры станцыі. Паводле экспертаў, гэта зона абмежаванага доступу, недасяжная для персаналу станцыі. У межах унутранага перыметру пляцоўкі эксперты нічога не заўважылі.

«Як я паведамляў раней, МАгАтЭ было вядома пра папярэдняе ўсталяванне мінаў за межамі перыметру пляцоўкі, а таксама ў пэўных месцах унутры. Нашая каманда абмеркавала гэта з персаналам, ім сказалі, што гэта ваеннае рашэнне і сітуацыя кантралюецца вайскоўцамі», – сказаў Гросі.

Адначасова генеральны дырэктар МАгАтЭ зазначыў, што наяўнасць такіх выбуховых рэчываў на пляцоўцы станцыі не адпавядае нормам МАгАтЭ ды інструкцыям аб ядравай бяспецы і стварае дадатковы псіхалагічны ціск на персанал станцыі, нават калі першапачатковая ацэнка МАгАтЭ кажа, што падрыў любой з гэтых мінаў не павінен паўплываць на сістэмы ядравай бяспекі і абароны пляцоўкі. Каманда экспертаў працягне ўзаемадзеянне з персаналам станцыі.

Група МАгАтЭ не заўважыла на Запарожскай АЭС цяжкой вайсковай тэхнікі, а таксама мінаў ці выбуховых рэчываў у памяшканнях шостага рэактарнага блоку. Эксперты працягнуць патрабаваць доступу да дахаў рэактараў ЗАЭС і машынных залаў, у тым ліку ў блоках 3 і 4, якія ўяўляюць асаблівую цікавасць.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што на даху Запарожскай атамнай электрастанцыі расейскія вайскоўцы ўсталявалі прадметы, падобныя на выбухоўку, і не выключаная магчымая атака на гэты аб’ект.

Hавiны
Расея можа ўчыніць правакацыі на ЗАЭС
2023.07.05 09:06

Эксперты МАгАтЭ таксама працягваюць сачыць за наяўнасцю вады для ахалоджвання шасці рэактараў ЗАЭС і іншых важных функцыяў ядравай бяспекі пасля разбурэння Кахоўскай плаціны. Паводле групы МАгАтЭ, водазабеспячэнне застаецца адносна стабільным, пры гэтым узровень вады зніжаецца прыкладна на 1 сантыметр за дзень праз выкарыстанне і выпарэнне. Але вады па-ранейшаму дастаткова на некалькі месяцаў.

24 ліпеня група экспертаў МАгАтЭ прыбыла таксама на Ровенскую АЭС, на гэтым тыдні новыя групы прыбудуць на Хмяльніцкую і Паўднёва-Украінскую атамныя станцыі.

Запарожская АЭС – найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Еўропе. Расейскія войскі захапілі яе на пачатку сакавіка 2022 года.

Hавiны
Што паказваюць праверкі МАГАТЭ на Запарожскай АЭС?
2023.07.07 18:34

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў