Чым небяспечны фільм пра беларускі пратэст, у якім не схаваныя твары ўдзельнікаў


Днём 24 ліпеня літоўскае выданне «Delfi» апублікавала дакументальны фільм «Хроніка сучаснасці» пра беларускія пратэсты 2020 года. Гэта выклікала хвалю абурэння: у фільме толькі некаторыя твары пратэстоўцаў схаваныя, а шмат каго можна пазнаць. Cупрацоўнікі ГУБАЗіК публічна радаваліся такой стужцы. Спыталі экспертаў, ці варта хвалявацца тым, хто знаходзіцца ў Беларусі і трапіў у кадр.

Малюнак згенераваны нейрасеткай. Пратэстоўцы ў Беларусі
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Пратэстоўцы ў Беларусі. Выява: Dall-E / Bing.com

Выданне «Delfi» неўзабаве закрыла доступ да фільму, але яго паспелі перазаліць на свае каналы сілавікі. Пазней фільм выклалі ў адкрыты доступ праваабаронцы «Вясны», каб беларусы маглі праверыць, ці не «засвяціліся» яны ў відэа, на якое ўжо звярнулі ўвагу сілавыя структуры.

Аўтар фільму Мікалай Мамінаў тлумачыў, што перад публікацыяй фільму праводзілі маніторынг і правяралі, што «такія ж кадры 9–10 жніўня, яны ёсць на стоках, на міжнародных платформах», што «ёсць фільм пра падзеі на „Рызе“ 10 жніўня, усё гэта ёсць у доступе незаблюранае», што разам з рэдактарам ён замазваў тыя твары, якія добра бачна. Акрамя таго, у аўтара фільму пры затрыманні вымалі тэлефон, на якім былі відэа, і пры затрыманні яго забіралі з кватэры, таму «відэа, фота, якія там былі яны, хутчэй за ўсё, вынялі, як і ўва ўсіх астатніх».

Няўжо ж сілавікі не маюць тэрабайты відэа з пратэстаў?

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Алег Агееў кажа «Белсату», што фільм небяспечны для тых, хто трапіў у кадр, бо сілавікі і суды ў Беларусі выкарыстоўваюць такія відэа як «доказ віны». Гаворка менавіта аб падвышэнні ўзроўню пагрозы, падкрэслівае ён: незалежна ад таго, мелі сілавікі ці не мелі такія відэа, імавернасць таго, што фігурантаў відэа пакараюць, стала большай.

Малюнак згенераваны нейрасеткай. Пратэстоўцы ў Беларусі
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Пратэстоўцы ў Беларусі. Выява: Dall-E / Bing.com

Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак у размове з «Белсатам» пагаджаецца, што інфармацыя ўжо была ў адкрытым доступе, фота і відэа ўжо ёсць у сілавікоў, у тым ліку з дэвайсаў затрыманых і сервераў медыяў, у якіх рабілі ператрусы. Але падкрэслівае, што мэтазгоднасць выкладвання інфармацыі менавіта ў такім выглядзе спрэчная.

«Адбылося такое „падсвечванне пражэктарам“ гэтай сітуацыі для сілавікоў. Мы бачым па публікацыях Telegram-каналаў, падкантрольных сілавым структурам выразны акцэнт, што вось, скажыце „дзякуй“ стваральнікам фільму…» – кажа ён.

Сілавікам напраўду спрасцілі працу

Доктар Яраслаў Кот, юрыст-крыміналіст, былы выкладчык кафедры крыміналістыкі ў БДУ і Інстытуту падвышэння кваліфікацыі Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў, тлумачыць «Белсату»: сілавікі – гэта сістэма са сваімі трэндамі, першачарговымі загадамі. Не ўсе людзі ў гэтай сістэме ведаюць, дзе якое відэа ляжыць у добрай якасці. Спецыялістаў, якія напраўду разбіраюцца ў тым, як шукаць людзей па відэа, адзінкі. Публічнасць нейкага праекту, будзь то дапамога рэпрэсаваным ці адукацыйныя магчымасці, адразу прыцягвае ўвагу сілавых структураў.

Малюнак згенераваны нейрасеткай. Пратэстоўцы ў Беларусі
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Пратэстоўцы ў Беларусі. Выява: Dall-E / Bing.com

Выхад фільму, які звяртае на сябе ўвагу, проста прымушае сілавікоў пераправяраць гэтыя відэа, тлумачыць ён. Да таго ж, адна справа, калі розныя відэа ляжаць у інтэрнэце па розных месцах, а іншая справа – паўтары гадзіны кадраў з розных месцаў у розныя дні адным файлам.

Па раскіданых у розных месцах відэа маглі прызначаць мноства асобных працоўных групаў, кожная з якіх мусіла б праходзіць праз папяровую працу: рэгістрацыі, справаздачы, пратаколы… А па цэлым фільме могуць прызначыць адну працоўную групу, якая не перастане працаваць, пакуль не прааналізуе цэлы фільм.

І ў гэтым фільме можна разглядзець не толькі твары людзей, а і іншыя больш ускосныя прыкметы. Эксперт пералічвае доўгі шэраг прыкладаў магчымых дзеянняў сілавікоў, якія мы не станем пераказваць, каб не падаваць ідэі, але гэта тыя прыкметы, па якіх сам чалавек пазнае: гэта я, гэта маё. Акрамя таго, фільм зняты на значна лепшыя камеры за тыя, на якія сілавікі здымалі натоўпы.

«Калі вы ў фільме, вы ўжо частка гісторыі, частка храналогіі пэўнай падзеі. І тады ўказанне можа быць дадзенае зверху: усіх, хто ў гэтым фільме, пасадзіць, прыцягнуць да адказнасці», – разважае ён.

Ён згадвае, як у першыя дні вайны ва Украіне самі ўкраінцы адразу выкладвалі відэа абстрэлаў, чым дапамагалі расейскім войскам карэктаваць агонь. Але хутка амаль перасталі так рабіць.

Што рабіць, калі ты ў Беларусі і ў гэтым фільме

Фонд BYSOL пасля публікацыі фільму заявіў пра пагрозу бяспекі і заклікаў тых, хто адчувае сябе ў небяспецы праз публікацыю стужкі звяртацца на «гарачую лінію» ў Telegram @help_bysol для экстранай эвакуацыі. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак кажа, што за 24 ліпеня заявак на «гарачую лінію» было ўдвая больш, чым звычайна: шмат людзей з Беларусі пыталі, наколькі гэта небяспечна і што рабіць. 25 ліпеня таксама прыходзіць шмат пытанняў. Выпадкаў тэрміновай эвакуацыі пакуль не было.

Малюнак згенераваны нейрасеткай. Пратэстоўцы ў Беларусі
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Пратэстоўцы ў Беларусі. Выява: Dall-E / Bing.com

Што рабіць? Найперш – ацаніць рызыкі, адказвае Стрыжак. Калі чалавек у фільме знаходзіцца на праезнай частцы, гэта падстава для пераследу паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), які прадугледжвае рэальныя турэмныя тэрміны. Людзі, якія знаходзяцца на ходніках і носяць нацыянальную сімволіку, могуць быць расцэненыя сілавікамі як удзельнікі «несанкцыянаванага мерапрыемства», супраць іх могуць ужыць розныя пакаранні.

«Чалавек павінен прымаць для сябе рашэнні, што рабіць, – кажа Стрыжак і адзначае, што рызыкі ён бачыць высокімі. – Мая парада: калі вы бачыце сябе ў небяспецы, калі пабачылі сябе ў гэтым фільме, прымаць рашэнне пра тэрміновы выезд з Беларусі».

Нават калі ў чалавека няма шэнгенскай візы, а ёсць толькі дзейны пашпарт, «ёсць іншыя варыянты», якія дазваляюць эвакуяваць чалавека ў больш бяспечнае месца нават за дзень і там пачынаць легалізацыю або візавы працэс, дадае Стрыжак. Але падкрэслівае: «Мы не чараўнікі». Чым раней чалавек звярнуўся на «гарачую лінію», тым лепей.

Доктар Яраслаў Кот разважае, што з Беларусі даўно трэба было з’язджаць, бо проста знаходзіцца ў краіне цяпер небяспечна: пасадзіць могуць за «няправільны» колер адзення або няправільную скрыню ад тэлевізара на балконе. Ягонага сябра пасадзілі за налепленыя на вакно папяровыя сняжынкі «няправільнага» колеру. Больш за тое, у Беларусі ўжо з’явіліся тысячы баевікоў групы Вагнэра, якіх ні за што не караюць. Жыць у цяперашняй Беларусі, кажа ён, гэта «як будаваць дом на балоце» – але ж трэба ўлічваць, што многія не могуць з’ехаць праз блізкіх і родных.

Разбор
Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках
2023.02.27 10:05

Ці варта наогул рабіць фільмы пра пратэсты-2020?

Падзеі выбараў-2020 – частка нацыянальнай памяці, гісторыі Беларусі, кажа Стрыжак. Відэа з пратэстаў павінны быць захаваныя, бо з часам стануць часткай нацыянальнага эпасу. Толькі людзям у Беларусі трэба максімальна бяспечна захоўваць фота і відэа з пратэстаў, як то на воблачным сховішчы. Мастацкія і дакументальныя фільмы могуць нагадаць пра тыя кошты, якія беларусы заплацілі за 2020 год, але не ў такім фармаце.

Стрыжак прапануе фармат інтэрв’ю ці дыскусіяў з удзельнікамі падзеяў, якія прымалі тады лёсавызначальныя рашэнні. Кот дадае: можна рабіць відэагульні пра пратэсты, мастацкія інсцэніроўкі, можна – закрытыя паказы, адукацыйныя праекты, даследаванні злачынстваў сілавікоў, абы гэта не было бяздумна.

Агееў падкрэслівае, што асвятляць тыя падзеі трэба, грамадскі інтарэс да іх застаецца вялікім, але калі іх асвятляць у медыях, «трэба думаць і пра бяспеку тых, хто на гэтых відэа». Гэта значыць – абавязкова хаваць твары людзей на відэа, мяняць голас – ананімізаваць людзей.

Парады
Як захаваць фота з пратэстаў, каб іх не знайшлі сілавікі
2021.12.21 21:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў