Ціханоўская ў Дзень Волі: Пакуль мы разам і не апускаем рук, мы крочым да сваёй перамогі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды 106-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэмакратычная лідарка запісала адмысловы зварот да Дня Волі.

«Мы вымушаны ладзіць урачыстасці ў замежжы, а не на роднай зямлі. Мы не можам святкаваць з лёгкім сэрцам, бо тысячы людзей знаходзяцца за кратамі. Мы кажам «Дзень Волі», але разумеем: сёння наша краіна апынулася ў закладніках Расейскай імперыі, якая вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны, знішчае нашу незалежнасць і нашу ідэнтычнасць. Тым не менш я ўпэўнена: у нашых з вамі сілах – змяніць сітуацыю.

За ўсе гэтыя гады мы пачалі цаніць нашу, беларускую, салідарнасць. Асэнсавалі, што шлях да свабоды не бывае хуткім і лёгкім. Мы атрымалі ўнікальны – хоць і балючы – гістарычны вопыт. І сёння імкнёмся яго скарыстаць, каб ізноў стаць вольнымі.

Я ўпэўнена: прыйдзе час, калі і мы з вамі здолеем пабудаваць краіну, пра якую марым. Хтосьці скажа, што я вяду размову пра нейкую далёкую будучыню. І калі гэта спраўдзіцца – і ці спраўдзіцца ўвогуле, – невядома. Але пакуль мы разам і не апускаем рук, мы крочым да сваёй перамогі.

З Днём волі! Жыве Беларусь!» – заявіла Святлана Ціханоўская.

Да беларусаў з нагоды Дня Волі звярнулася таксама старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла. Яна заклікала беларусаў праяўляць салідарнасць, шанаваць незалежнасць сваёй краіны і прадэманстраваць свету, што беларусы не падтрымліваюць палітыкі агрэсіі супраць іншых краінаў, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі.

ВІДЭА
Як адсвяткавалі Дзень Волі ў Варшаве і Вільне
2024.03.24 15:30

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў