Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган паведаміў, што Украіна і Расея блізкія да кансэнсусу ў чатырох з шасці пунктаў перамоваў. Ён расказаў пра гэта журналістам па вяртанні з Бруселю, дзе прыняў удзел у пазачарговым саміце NATO.
«Мяркую, у чатырох пунктах у перамовах ёсць кансэнсус. Першы пункт датычыцца ўваходу Украіны ў NATO. Першапачаткова Украіна настойвала на сяброўстве ў альянсе, але пасля Зяленскі пачаў заяўляць пра магчымасць адмовы. Другі пункт тычыцца прыняцця расейскай мовы ва Украіне ў якасці афіцыйнай. Зяленскі пагадзіўся і з гэтым. На расейскай мове і так размаўляюць практычна на тэрыторыі ўсёй Украіны. У гэтым плане праблемаў няма», – адзначыў Эрдаган.
Паводле ягоных словаў, яшчэ адна важная тэма, што абмяркоўваюць бакі канфлікту, датычыцца дэмілітарызацыі Украіны.
«Вядома, Украіна – гэта дзяржава, таму аб прыняцці раззбраення ад А да Я гаворкі не ідзе. Але і ў гэтым пытанні незразумелых аспектаў няма. Гэта значыць, украінскі бок заявіў, што можа пайсці на пэўныя саступкі і ў гэтым пытанні. Чацвёрты пункт перамоваў датычыцца калектыўнай бяспекі. Украіна прадэманстравала пазітыўны падыход і ў гэтых адносінах», – распавёў прэзідэнт Турцыі.
Аднак кансэнсусу ўсё яшчэ няма ў пытанні Крыму і Данбасу. Са словаў Эрдагана, у выніку Зяленскі прапанаваў правесці рэферэндум наконт Данбасу.
АД belsat.eu