У Польшчы стварылі камісію ў справах беларускіх уцекачоў, якія жывуць у гэтай краіне. Першае паседжанне камісіі прайшло 25 сакавіка, паведамілі ў польскім МУС.
У паседжанні прыняў удзел намеснік міністра МУС Барташ Градэцкі.
Таксама ў паведамленні МУС Польшчы сказана, што стварэнне камісіі стала вынікам учорашніх перамоваў паміж кіраўніком МУС Мар’юшам Каміньскім і Святланай Ціханоўскай. Пасля сустрэчы Ціханоўская напісала ў Twitter:
«Польшча ласкава прыняла дзясяткі тысяч беларусаў, якія ўцякалі ад лукашэнкаўскіх рэпрэсіяў і расейскай агрэсіі ва Украіне. Міністр унутраных справаў Мар’юш Каміньскі запэўніў мяне і Паўла Латушку, што беларусам будзе аказаная ўсялякая дапамога ў легальным статусе і магчымасцях для працы. Дзякуй!»
Раней у Офісе Святланы Ціханоўскай паведамлялі, што згодна з дамоўленасцю польскіх уладаў, ніхто з беларусаў, якія маюць праблемы з легалізацыяй у Польшчы, дэпартаваны ў Беларусь не будзе.
АД belsat.eu