Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 25 лютага


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 25 лютага.

Суд над Уладзімірам і Дзмітрыем Каракінымі з гурта Litesound, а таксама іх бацькамі Юрыем і Вольгай прызначаны на 10 сакавіка. Сям’ю затрымалі ў кастрычніку 2022 году за ўдзел у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў. Палітзняволеным выстаўлена абвінавачванне паводле двух артыкулаў: ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і ч.2. арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»).

У Баранавічах вынеслі прысуд 28-гадоваму Анатолю Пугачу. Ён быў затрыманы ў снежні 2022 году пасля таго, як вярнуўся ў Беларусь на анкалагічнае абследаванне. Палітвязня абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Да суду Пугач таксама знаходзіўся пад вартай, нягледзячы на стан здароўя.

ПЦ «Вясна» паведамляе, што палітвязня Алега Рубца 60 содняў утрымлівалі ў ШІЗА. Паводле ягоных бацькоў, ужо 2,5 месяцы ад Алега не было ні лістоў, ні званкоў. 26 лютага хлопцу споўніцца 21 год. Лісты да яго амаль не дахадзяць.

З палітзняволенай актывісткай «Еўрапейскай Беларусі» Аленай Лазарчык таксама знікла сувязь: да яе ўжо некалькі разоў не пускалі адваката, родныя не маюць ніякай інфармацыі пра стан здароўя жанчыны.

Нагадаем, Алега Рубца асудзілі да 5,5 гадоў зняволення, Алену Лазарчык – да 8 гадоў.

Па стане на 25 лютага ў зняволенні ў Беларусі 1449 асобаў, якіх праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў