Тэрарысты «Хамас» вызвалілі першых 24 закладнікаў: грамадзянаў Ізраілю і Тайланду


Ізраіль дасягнуў дамовы з тэрарыстамі «Хамас» аб гуманітарнай паўзе і вызваленні закладнікаў у абмен на зняволеных палестынцаў. 24 лістапада пачалося чатырохдзённае спыненне агню, а вечарам, як піша «The Times of Israel», тэрарысты адпусцілі першых закладнікаў.

Машына «Чырвонага крыжа» з ізраільскімі закладнікамі, вызваленымі «Хамасам», перасякаюць памежны пункт Рафах у сектары Газа па дарозе ў Егіпет, адкуль яны павінны быць дастаўлены ў Ізраіль. 24 лістапада 2023 года.
Фота: Mohammed Abed / AFP / East News

Першыя 13 вызваленых ізраільскіх закладнікаў цяпер у руках Службы бяспекі Ізраілю (שב”כ). На машынах «Чырвонага крыжа» праз памежны пераход Рафах вывезлі жанчын, дзяцей і састарэлых. Таксама вызвалілі не менш за 10 грамадзянаў Тайланду.

Міністэрства замежных справаў Катару пацвердзіла, што «Чырвоны крыж» атрымаў 24 закладнікаў, прызначаных да абмену. Раней меркавалася, што тэрарысты вызваляць 13 ізраільцянаў і 12 грамадзянаў Тайланду, але, паводле непацверджаных паведамленняў, адпусцілі на аднаго чалавека менш, а адзін з вызваленых – грамадзянін не Тайланду, а Філіпінаў.

Тэрарысты абяцалі вызваліць сумарна 50 закладнікаў, за кожнага Ізраіль абяцаў адпускаць трох асуджаных за злачынствы палестынцаў.

Вызваленых палестынцаў перадаюць не тэрарыстам: абяцалі проста вызваліць з турмаў да 150 асуджаных за сувязі з тэрарыстамі, замахі на забойства і іншыя злачынствы. Першымі абяцалі адпусціць 39 жанчын і непаўнагадовых.

Паводле дамовы, Ізраіль спыніць агонь па сектары Газа на чатыры дні. Як паведамляе «Associated Press», пасля абвяшчэння спынення агню не было звестак пра перастрэлкі.

Ды Ізраіль не абяцаў зусім спыніць атак на тэрарыстаў: міністр ваеннага кабінету казаў, што пасля чатырох дзён спынення агню ваенная аперацыя ў Газе працягнецца. Іншых закладнікаў будуць спрабаваць вызваліць – мяркуючы з заявы міністра, у тым ліку ваенным шляхам.

Атакі тэрарыстаў 7 кастрычніка забралі жыцці 1200 чалавек, з якіх большасць была мірнымі жыхарамі. У закладніках тэрарыстаў застаюцца больш за дзве сотні ізраільцянаў, у тым ліку немаўля.

Hавiны
Шасцёра беларусаў адмовіліся эвакуявацца і засталіся ў сектары Газа
2023.11.20 09:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў