news
Агляд
Прарасейскія і антыбеларускія ці ўсё ж не? Іспанія хоча памілаваць каталонскіх сепаратыстаў
«Беларусь – Сноўдэн – Навальны» – гэта ключавая тройца.
25.11.202309:00

У Іспаніі абмяркоўваюць магчымасць амністыі для соцень прыхільнікаў незалежнасці Каталунні – аўтаномнага рэгіёну на ўсходзе краіны са сталіцай у Барсэлоне. Пры гэтым самыя каталонскія актывісты, прынамсі некаторыя з іх, раней былі заўважаныя ў гульні з Расеяй і спробах зменшыць салідарнасць з беларускімі пратэстамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сотні дэманстрантаў сабраліся на плошчы Каталунні ў шостую гадавіну рэферэндуму аб незалежнасці. Барсэлона, Іспанія. 1 кастрычніка 2023 года.
Фота: Kike Rincon / Europa Press / abacapress.com / East News

Каталуння – рэгіён з адметнаю моваю, гісторыяй і культураю – неаднаразова спрабавала абвясціць сваю незалежнасць ад Іспаніі. Але пакуль гэтыя памкненні поспеху не мелі. Пры гэтым у 1979 годзе Каталуння атрымала ад Мадрыду шырокую аўтаномію са сваім парламентам, урадам і з каталонскаю мовай у якасці адной з афіцыйных. Тым не менш прыхільнікі незалежнасці не гублялі надзеі на яе здабыццё.

Увосень 2017 года ўлады аўтаноміі абвясцілі рэферэндум аб незалежнасці. Канстытуцыйны суд Іспаніі прызнаў яго незаконным, але галасаванне ўсё ж адбылося. Яўка склала 43 % выбарнікаў, з якіх 92 % прагаласавалі за незалежнасць. У канцы кастрычніка незалежнасць абвясціў ужо парламент Каталунні. У той жа вечар улады Іспаніі распусцілі ўрад Каталунні. Некаторыя лідары руху за незалежнасць, у тым ліку прэзідэнт Карлэс Пучдэмон, уцяклі за мяжу. Але рэшта, не зважаючы на шматтысячныя пратэсты, былі затрыманыя. У 2019 годзе дзевяцярых з іх, у тым ліку старшыню парламенту і віцэ-прэзідэнта, асудзілі на тэрміны ад 9 да 13 гадоў. Але ўжо ў чэрвені 2021-га іх памілавалі.

Цяпер у Іспаніі паўстала пытанне амністыі іншых удзельнікаў сепаратысцкага руху. Менавіта гэтае пытанне сталася ўмоваю падтрымання Сацыялістычнай партыі з боку каталонскіх «Рэспубліканскія левыя Каталунні» і «Разам за Каталунню» экс-прэзідэнта Пучдэмона. Без іх сацыялісты не здолелі б сфармаваць устойлівага ўраду.

Незалежнасць з аглядкаю на Расею?

Пры гэтым каталонскіх сепаратыстаў неаднаразова вінавацілі ў магчымых сувязях з Расеяй. Напрыклад, у 2019 годзе расейскі палітолаг і былы дэпутат Сяргей Маркаў апавядаў, што ўвосень 2017 года за некалькі тыдняў да рэферэндуму з ім у Маскве тройчы сустрэўся пасланнік Пучдэмона Віктар Тэрадэляс. Палітолаг казаў, што праз яго каталонскія сепаратысты хацелі звязацца з расейскімі ўладамі, каб РФ падтрымала незалежнасць Каталунні.

«А Каталуння ў адказ магла б заявіць, што Крым уваходзіць у склад Расеі», – казаў Маркаў, але, паводле яго, Расея не стала ўмешвацца.

У 2020 годзе ўжо іспанская суддзя, што вяла справу супраць 21 каталонскага бізнесоўца, казала, што нейкая расейская група нават абяцала ў 2017-м паслаць з 10 тысяч вайскоўцаў дзеля сілавога падтрымання рэферэндуму. Але Пучдэмон, падобна, адмовіўся ад такой прапановы.

Каталонцы супраць Беларусі?

У верасні 2021 года іспанскае выданне «Ok Diario» са спасылкаю на звесткі расследавання паведаміла пра магчымыя сувязі сепаратыстаў з Расеяй. Падобны матэрыял апублікавала і амерыканская газета «New York Times». У прыватнасці была атрыманая інфармацыя з тэлефона Жузэпа Люіса Алая і Рудрыгеса, прафесара гісторыі і правай рукі былога прэзідэнта Пучдэмона, у тым ліку пра ягоныя размовы 23 жніўня 2020 года з адвакатам Пучдэмона Гансалё Бае Тусэтам. Гэты адвакат пасля абараняў затрыманага ў Барсэлоне Анатолія Шарыя – украінскага прарасейскага блогера.

У гутарцы Алая з адвакатам гаворыцца, што салідарнасць Пучдэмона з расейскім апазіцыянерам Аляксеем Навальным і беларускімі пратэстоўцамі, а таксама ліст прэзідэнту ЗША з просьбаю памілаваць былога работніка амерыканскіх спецслужбаў Эдўарда Сноўдэна могуць «нашкодзіць падтрыманню Расеяй». Паводле Бае, «Беларусь – Сноўдэн – Навальны» – гэта ключавая тройца.

«Так, галоўная праблема – гэта Беларусь… для нашай пазіцыі», – сказаў тады Бае.

«Гэта нас забівае», – дадаў Алай.

Бае і Алай тады пастанавілі ўгаварыць Пучдэмона маўчаць у гэтых пытаннях:

«Я сказаў яму, што Масква цяпер у цяжкім становішчы, і галоўная праблема Пуціна – гэтая злашчасная тройца».

Таксама Алай апавядаў пра сустрэчы з расейскім бізнесоўцам у Іспаніі Аляксандрам Дзмітрэнкам і называў яго «сваім чалавекам» у Расеі, які «дапаможа адчыніць у Маскве шмат якія дзверы». Паводле іспанскіх уладаў, Дзмітрэнка працаваў на расейскія спецслужбы і арганізаваную злачыннасць з каранямі ў РФ. Сам Дзмітрэнка, праўда, гэтыя абвінавачванні адкінуў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чальцы каталонскай паліцыі супрацьстаяць дэманстрантам за барыкадамі падчас сутычак на акцыі за незалежнасць Каталунні ў Барсэлоне. У дзень пасяджэння Кабінету Міністраў Іспаніі прыхільнікі незалежнасці Каталунні часткова перакрылі дарогі ў горадзе. Барсэлона, Іспанія. 21 снежня 2018 года.
Фота: Pau Barrena / AFP / East News

Пучдэмон у адказ заявіў, што расследаванне «поўнае хлусні, неадпаведнасцяў» з мэтаю «крыміналізацыі і дыскрэдытацыі каталонскага руху за незалежнасць». Назвала абвінавачванні лухтой і прэс-сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава.

Але, паведамляла «El Español», апублікаваныя дакументы выклікалі крызіс у партыі «Разам за Каталунню», бо стваралі «дрэнны міжнародны імідж». Таксама, паводле выдання, Алай у 2019 годзе ездзіў у Маскву, дзе сустракаўся з расейскімі чыноўнікамі, пасля чаго ў Каталунні ўзнікла «новая і лютая група пратэсту» пад назваю «Дэмакратычнае цунамі». Сам Алай публічна ўхваляў выказванні міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова і прапагандыста Уладзіміра Салаўёва.

У жніўні 2020 года ў сваім Twitter ён неаднаразова крытыкаваў еўрапейскіх палітыкаў за салідарнасць з Беларуссю:

«Крывадушнікі. Спачатку развяжыце канфлікт у Каталунні, а потым, магчыма, вы зможаце павучаць дзе-небудзь яшчэ за межамі Еўразвязу».

Падобным чынам выказваўся і сам Пучдэмон:

«Калі вы хочаце дапамагчы дэмакратыі ў Беларусі ці дзесьці яшчэ, умацуйце дэмакратыю ў ЕЗ. Скончыце з падвойнымі стандартамі і выкрывайце парушэнні правоў чалавека іспанскай манархіяй», – пісаў ён у Twitter 13 жніўня 2020 года. Аналагічныя былі і ягоныя пазнейшыя каментары адносна Навальнага.

Таксама палітык неаднаразова параўноўваў дзеянні іспанскіх уладаў з дзеяннямі лукашэнкаўскага рэжыму. Дзеля справядлівасці, Пучдэмон усё ж выказваў салідарнасць з беларускімі пратэстоўцамі. Напрыклад, 21 верасня 2020 года далучыўся да акцыі беларусаў у Бруселі каля Еўрапарламенту, дзе ў той момант была Святлана Ціханоўская.

«Хачу выказаць салідарнасць з народам Беларусі, які змагаецца за свабоду, за правы чалавека. Яны просяць падтрымання, і я хачу выказаць падтрыманне», – казаў Пучдэмон.

Таксама палітык выступаў з патрабаваннямі да ЕЗ адрэагаваць на затрыманне Марыі Калеснікавай.

А што з Украінаю?

Неадназначным было стаўленне Пучдэмона і да Украіны. З аднаго боку, выказваў спачуванні з нагоды гадавіны Галадамору і сустракаўся з украінскімі палітыкамі, з другога – пісаў, што ЗША мусяць пайсці на кампраміс з Расеяй у пытаннях Украіны. За тыдзень да пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ – 17 лютага 2022 года – ён ухіліўся ад галасавання адносна вылучэння Кіеву дапамогі на суму 1,2 мільярда еўраў.

Аднак пасля ўварвання Рада Рэспублікі, якую ўзначальвае Пучдэмон, асудзіла «ваенныя дзеянні Расейскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны, што груба парушаюць міжнароднае права», і асудзіла ядравыя пагрозы з боку Масквы. Таксама яна выказала «максімальную салідарнасць з жыхарамі і ўладамі Украіны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былы прэзідэнт Каталунні Карлэс Пучдэмон (справа) перад прэс-канферэнцыяй у Бруселі, Бельгія. 14 кастрычніка 2019 года. Kenzo Tribouillard / AFP / East News

Адзначым, што Еўрапарламент у 2021 годзе ініцыяваў расследаванне датычнасці Пучдэмона да кантактаў з расейскімі спецслужбамі. Але з улікам таго, што ён дасюль застаецца еўрадэпутатам, ніякіх доказаў такіх кантактаў, відаць, знойдзена не было.

Дык ці будзе амністыя?

Дзеля атрымання каталонскага падтрымання Сацыялістычная працоўная партыя 13 лістапада ўнесла ў парламент законапраект, які вызваляе ад крымінальнага пераследу больш як 300 лідараў, актывістаў і шараговых удзельнікаў руху за незалежнасць Каталунні, супраць якіх былі выстаўленыя абвінавачанні ў падбухторванні да мяцяжу, парушэнні грамадскага парадку і нямэтавым выкарыстанні дзяржаўных сродкаў. Таксама пад амністыю трапляюць каля 70 паліцыянтаў, абвінавачаных ва ўжыванні гвалту да пратэстоўцаў. Хоць амністыя ахоплівае падзеі з 1 студзеня 2012 года да 13 лістапада 2023-га, асноўную частку амніставаных складаюць удзельнікі правядзення рэферэндуму 2017-га.

Ідэя такой амністыі выклікала шырокамаштабныя пратэсты прыхільнікаў адзінай Іспаніі, якія называюць прэм’ера Пэдра Санчэса здраднікам. Напрыклад, колькасць удзельнікаў акцыі 19 лістапада ў Мадрыдзе ацэньваюць на 170 тысячаў.

Тым не менш юрысты Кангрэсу – ніжняй палаты іспанскага парламенту – ужо ўхвалілі законапраект аб амністыі. Яны прызналі, што дакумент «не мае фармальных хібаў, якія зрабілі б немагчымым яго допуск да разгляду». А 21 лістапада ўжо кіроўная кааліцыя ў Кангрэсе прыняла да разгляду прапанаваны законапраект. Абмяркуюць дакумент, як чакаецца, 12 снежня. Правыя партыі працягваюць настойваюць на неканстытуцыйнасці законапраекту і спыняць сваё змаганне не плануюць. Аднак галасоў у парламенце ім, відавочна, не стае.

Макар Мыш belsat.eu