Падрыхтаваліся, патаннее. Чакаем акцыі на новабудоўлі да Новага года

Традыцыйна ў снежні менскія камерцыйныя забудоўнікі аб’яўляюць акцыі і скідкі на метры, якія будуюцца. Разгледзім, што гэта за акцыі і якіх варта чакаць.

«А-100»: Новая Баравая і Зялёная Гавань

«А-100» проста фантануе паведамленнямі аб акцыях. Напрыклад, забудоўніык абвясціў аб продажы кватэр у Зялёнай Гавані па $ 950 за квадратны метр. Вы не недачулі: гаворка пра жылы комплекс ля гольф-палёў, які даўно і паспяхова рэкламаваўся як элітнае ціхае месца на ўлонні прыроды. У дамах паніжанай паверхавасці два гады запар прадавалі кватэры $ 1350–1700 за квадратны метр, а тут – $ 950.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новая Баравая. Менск, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Праўда, невядома, колькі кватэраў прадалі па гэтай цане. Як піша аўтар тэлеграм-каналу «Литовская о жилье», кіраўніцтва кампаніі-дэвелапера назвала колькасць акцыйных кватэраў «камерцыйнай таямніцай». Але сам факт з’яўлення кватэраў за такі кошт уражвае.

Як і кошт метра ў таўнгаўсу там жа. Дагэтуль метр прадаваўся за $ 1700–1850, і таўнгаўсы былі пад 125 «квадратаў». Цяпер двухузроўневыя кватэры з мікранадзелам – усяго 110 метраў, і кошт ужо $ 1400 за квадратны метр. І яшчэ ўкідваць грошы ў рэкламу трэба – чарга, відавочна, не стаіць.

У Новай Баравой не адстаюць – кожны тыдзень рэкламуюць кватэры па $ 1000 за квадратны метр у новых дамах. Вядома, з прыпіскамі «Паспейте» і «Колькасць абмежаваная». Але калі паляваць за метрамі ў Новай Баравой, метр за тысячу зловіце.

«Трыумф» і «4 сезоны»: паркінг у падарунак

Жылы комплекс «Трыумф» забудоўнік («СаваІнвестБуд») актыўна распрадаваў увесь гэты год. Кватэры прадаваліся па кошце ад $ 950 за квадратны метр (вялікіх плошчаў) і $ 1000–1200 (маленькіх). Зараз прапаноўваюць рэшткі – еўрадвойкі – па $ 1250, але затое месца ў паркінгу, які будуецца, у падарунак.

Дорыць паркамесца і «Тэнк-Інвест» – забудоўнік ЖК «4 сезоны». Але пры стоадсоткавай аплаце кватэры. Прычым паркінг ужо ўведзены ў эксплуатацыю. Чытай, гэта зніжка на $ 3000–5000.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дамы ў Лошыцы. Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

«Айрон»: ціхія зніжкі ў «Менскім квартале»

Без усялякіх рэкламных аб’яваў у «Менскім квартале», у другім, ужо здадзеным доме, забудоўнік прадаў нядаўна «завіслыя» трохпакаёвыя кватэры па $ 1120 за квадратны метр. Прытым што такія ж у доме, які будуецца, без акцыяў, у гэты час прапаноўваліся па $ 1180, а акцыйныя па $ 1080. Цяпер цэннік – $ 1100 у еўратраячцы пры стоадсоткавай аплаце.

Без апавяшчэння народных масаў з дапамогай рэкламы ў тым жа «Менскім квартале» «Айрон» знізіў на $ 100 цэны на еўрадвойкі ў доме, які будуецца. Прадаваў за $ 1300 на стадыі катлавану, цяпер дом бачны, а кошт – $ 1200. Праўда, тут ёсць падвох: частка такіх кватэраў яшчэ нядаўна прадаваліся на акцыі за $ 1150.

«Квартал на Грушаўцы»: скідкі на вушка

Коштавая палітыка забудоўніка «ГрандХаузIнжэнiрынг» вельмі гнуткая. На сайце бачныя цэны, але на кватэры, якія завіслі, рэзка і без рэкламы аб’яўляецца зніжка. Так, улетку частцы пакупнікоў еўрадвойкі перапалі па $ 1120 за квадратны метр.

Мяркуючы з высокай стадыі будаўніцтва і колькасці непрададзенага жылля, тут да Новага года будуць акцыі, якія шмат каму спадабаюцца.

Варта чакаць зніжак і ў «Гранд Авеню» ад забудоўніка «Датч Стары» – падобна на тое, што вельмі дрэнна прадаюцца кватэры вялікіх метражоў.

Меркаванні
Налятай, патаннела? Банкі знізілі стаўкі па крэдытах на жыллё
2022.11.14 17:03

«Менск Свет»: чаго чакаем?

«Менск Свет» забудоўваецца дамамі з кватэрамі без чарнавога адштукавання і адзінкавымі дамамі з гатовым адштукаваннем. Гэта дзіўна, але калядных зніжак пакуль не абвешчана. Мы выдатна памятаем, што на акцыях калісьці былі кватэры без чарнавога адштукавання, але з коштам ад € 700 у эквіваленце.

Цяпер «Менск Свет» хоча за тое ж самае ад € 1000. А ў дамах бліжэй да метро – ад € 1140 пры стоадсоткавай аплаце. Калі ўлічыць, што ў чарнавое адштукаванне кожнага метра, паводле падлікаў тых, хто там будаваўся, трэба ўкласці яшчэ парадку € 200, цана € 1340 выглядае ўжо далёка не рынкавай і відавочна завышанай. За € 1460 выстаўляюць метры ў дамах з чыставым адштукаваннем. І гэтую цану таксама складана назваць нізкай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Раён «Менск Свет». Менск, Беларусь. 12 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Пастаянная акцыя ў раёне «Менск Свет» – карпаратыўная 10-адсоткавая зніжка для арганізацыяў. Ці будуць зніжкі тут да Новага года? У мінулым годзе ў снежні былі кватэры па € 860 за метр без чарнавога адштукавання. Гэты снежань не павінен стаць выключэннем.

Дзяржзабудоўнікі: зніжкі? Якія зніжкі?

Хто ўжо не гнуткі, дык гэта дзяржзабудоўнікі. Святочных зніжак яны не робяць, а кошт зніжаюць толькі на тое, што катэгарычна не прадаецца па старой цане. Але ад дзяржзабудоўнікаў можна ў снежні чакаць старту продажаў у новых дамах. Часам па цалкам рынкавых цэнах.

Чакаем цэнападу?

Так, у снежні – чакаем. Камерцыйныя забудоўнікі ведаюць, што ў студзені ў пакупнікоў няма настрою. І калі не сабраць іхныя грошы ў снежні, у лютым усё роўна прыйдзецца рабіць акцыі і ладзіць распродажы. А значыць, далевікам трэба прыглядзець цікавы жыллёвы комплекс і маніторыць.

Але не разлічвайце на зніжкі на паўкошту. І памятайце, што забудоўнікі схільныя выстаўляць з дысконтам тое, што прадаць па жаданай цане складана – кватэры вялікіх метражоў або кватэры на ніжніх паверхах. Або апартаменты з зусім ужо сумным відам з вокнаў. Так што варта звяртаць увагу і на нюансы – не толькі на кошт.

Дзяніс Бетонны /ІР, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў