Беларуса затрымалі за замах на вайскоўца ў Крыме


У Крыме затрымалі 61-гадовага грамадзяніна Беларусі, якога абвінавачваюць у замаху на расейскага вайскоўца. Ён нібыта сабраў бомбу і ўсталяваў яе на аўтамабіль вайскоўца. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Baza».

Узарваны аўтамабіль вайскоўца. Крыніца: tipichyi_dzhankoi / Telegram

Інцыдэнт адбыўся яшчэ 23 верасня ў Джанкоі. Тады выбухнуў аўтамабіль «Chevrolet Aveo», які належаў расейскаму вайскоўцу, ніхто не пацярпеў. Першапачаткова разглядалася версія аб выбуху газабалоннага абсталявання, але яна не пацвердзілася. Пазней эксперты вызначылі, што ў машыну было закладзенае самаробнае выбуховае прыстасаванне магутнасцю 500 грамаў у тратылавым эквіваленце.

Удзень 23 верасня бомба здэтанавала побач з домам, дзе жыве вайсковец. Ніякіх паражальных элементаў у бомбе скарыстана не было, таму толькі выбіла шкло на першым паверсе ў блізкім доме.

Следчыя вызначылі, што да выбуху мог быць датычны 61-гадовы беларус Вячаслаў Піскуноў, які зарэгістраваны ў Чэхіі, але жыве ў Севастопалі.

Пры ператрусе ў складскім памяшканні ТАА «Картэр – Поўдзень» у Севастопалі сілавікі выявілі цэлую схованку, якая належыць Піскунову. У ёй знайшлі электрадэтанатары, амаль 2 кг гексагену, пісталет-кулямёт і 138 патронаў. Паводле версіі Следчага камітэту, беларус 20 верасня сабраў з наяўных кампанентаў самаробную бомбу і ўстанавіў яе на машыну вайскоўца.

Паведамляецца, што Піскуноў затрыманы і ўжо даў прызнальныя паказанні. Паводле звестак тэлеграм-каналу, супраць яго распачалі справу за спробу забойства, захоўванне выбуховых рэчываў і наўмыснае пашкоджанне маёмасці.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў