БелАЭС атрымала ліцэнзію на эксплуатацыю другога энергаблоку


Беларуская атамная электрастанцыя 24 кастрычніка атрымала ліцэнзію на эксплуатацыю другога энергаблоку. Рашэнне выдала МНС пасля паседжання калегіі міністэрства.

На паседжанні калегіі МНС было прынятае рашэнне аб выдачы ліцэнзіі Беларускай атамнай станцыі. Скрыншот з відэа: mchs112by / Telegram

«На калегіі было прынятае рашэнне аб выдачы ліцэнзіі Беларускай атамнай станцыі на эксплуатацыю другога энергаблоку. У снежні 2021 года была выдадзеная ліцэнзія аб пачатку фізічнага пуску энергаблоку № 2 і ў цэлым прааналізаваная гатоўнасць арганізацыі эксплуатацыі, якая нясе ўсю паўнату адказнасці за бяспеку Беларускай атамнай станцыі», – заявіла Вольга Лугоўская, кіраўніца Дэпартаменту ядравай і радыяцыйнай бяспекі МНС.

Паводле ейных словаў, пасля ўсіх гэтых разглядаў Дзяржатамнагляд падрыхтаваў выснову аб магчымасці выдачы ліцэнзіі БелАЭС. Лугоўская таксама дадала, што Беларусь атрымлівала ад міжнародных місіяў рэкамендацыі, якія нібыта дазволілі павысіць узровень патрабаванняў і гарантаваць выкананне ўсіх правілаў бяспекі.

«МНС пераканалася, што ўстаноўленыя праектам станцыі межы і ўмовы бяспечнай эксплуатацыі, пацверджаныя і абгрунтаваныя, а рашэнні, закладзеныя ў эксплуатацыйную і супрацьаварыйную дакументацыю, адпавядаюць патрабаванням бяспекм», – дадалі ў міністэрстве.

На паседжанні калегіі МНС было прынятае рашэнне аб выдачы ліцэнзіі Беларускай атамнай станцыі. Скрыншот з відэа: mchs112by / Telegram

Першы энергаблок БелАЭС быў уведзены ў прамысловую эксплуатацыю 10 чэрвеня 2021 года. З моманту яго ўключэння на ім не раз праводзілі рамонт. 29 верасня на БелАЭС пачалося комплекснае выпрабаванне абсталявання другога энергаблоку.

У эколагаў з самага пачатку працы БелАЭС узнікаюць пытанні наконт яе бяспекі. Занепакоеныя і суседнія дзяржавы.

Так, улады Літвы неаднойчы заклікалі Менск прыпыніць эксплуатацыю АЭС праз дэфекты. Міністэрства замежных справаў Літвы нават накіроўвала Міністэрству замежных справаў Беларусі ноту пратэсту і патрабавала не эксплуатаваць другі энергаблок, бо ядравая бяспека, экалагічныя стандарты і патрабаванні не выконваюцца.

У ліпені тэлеграм-канал «сПокойный Островец» паведамляў са спасылкай на ўласныя крыніцы, што другі энергаблок Беларускай АЭС быў запушчаны з больш як 12 500 дэфектамі.

Hавiны
На першым энергаблоку БелАЭС пачаўся рамонт
2023.10.06 11:24

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў