Міністр замежных справаў Беларусі выказаўся за рэформу Рады бяспекі ААН. Як Байдэн і Зяленскі


Размовы аб рэформе Рады бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў ідуць даўно, але сёлета вельмі розныя бакі – Беларусь, ЗША і Украіна – выказаліся за пашырэнне гэтай рады. 

Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік выступае на Генеральнай асамблеі ААН. 23 верасня 2023 года.
Фота: С. Пак / Un.org

Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік з трыбуны Генеральнай асамблеі ААН заклікаў да рэформы Рады бяспекі ААН. Па выніках Генасамблеі ААН ён падрабязней расказаў, што думае аб рэформе Рады бяспекі арганізацыі: упэўнены, што ў першую чаргу варта пашыраць гэтую Раду бяспекі за кошт краінаў Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі, а рашэнне павінна ўключаць інтарэсы ўсіх без выключэння чальцоў ААН і пазіцыі сталых чальцоў Рады бяспекі.

Раней у нечым падобную ідэю выказваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі: на паседжанні самой Рады бяспекі прапанаваў прыняць у якасці сталых чальцоў Рады краіны Афрыканскага Звязу, Азіі, Лацінскай Амерыкі, Ціхаакіянскага рэгіёну і Нямеччыну.

Але разам з тым Зяленскі прапаноўваў, каб вета сталага чальца магло быць пераадоленае дзвюма трацінамі галасоў Генеральнай асамблеі ААН, каб удзел дзяржавы ў Радзе бяспекі прыпыняўся, калі яна вядзе ваенную агрэсію ў парушэнне Статуту ААН, а таксама стварыць сістэму прэвентыўных санкцыяў за падрыхтоўку да агрэсіі.

Разбор
Ці рэальна пазбавіць агрэсара права вета ў Радзе бяспекі ААН, як прапануе Зяленскі?
2023.09.21 14:16

Прапановы Зяленскага былі звязаныя з тым, што вайну ва Украіне вядзе сталы чалец Рады бяспекі ААН – Расея. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў гэтай вайне выступае суагрэсарам на баку Расеі. І прадстаўнік гэтага рэжыму (які прасіў не называць такім словам дзейныя ўлады ў Беларусі) якраз заклікаў улічваць пазіцыі сталых чальцоў Рады бяспекі – а значыць, і Расеі. Па словах выбранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, дэлегацыю рэжыму Лукашэнкі ў кулуарах у жарт называюць «Расея + 1».

Алейнік пры тым назваў Раду бяспекі ААН адзіным органам прыняцця рашэнняў у ААН, які «мае сістэму стрымак і супрацьвагаў» і які «здольны прымаць збалансаваныя рашэнні». А ў Генасамблеі, казаў ён, такога механізму няма, таму «пераважная большасць рэзалюцый носяць дастаткова супярэчлівы і палітызаваны характар».

За пашырэнне Рады бяспекі ААН выступае і прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн. Алейнік сказаў, што не давярае амерыканскай ініцыятыве, бо тая «мае падвойнае дно», а ЗША хочуць «пашырыць сферу ўплыву» – у адрозненне ад яго, бо ён хоча рэформы з улікам інтарэсаў дзяржаваў «глабальнага Поўдню», а тое тры з пяці сталых чальцоў прадстаўляюць Захад. Расея і Кітай, сцвярджае ён, падтрымліваюць тую рэформу, аб якой кажа ён, але не тую, за якую Байдэн.

Каментар
Дайсці па ланцужку да Лукашэнкі. BYPOL дапамог падрыхтаваць справаздачу для ААН
2023.09.22 19:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў