Замежныя дыпламаты наведалі вызвалены Ізюм


Кіраўнікі замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў наведалі вызвалены Ізюм у Харкаўскай вобласці і на свае вочы змаглі пабачыць наступствы ваенных злачынстваў расейскай арміі. Такое даручэнне аддаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, паведамілі ў МЗС Украіны.

Фота: mfa.gov.ua
Фота: mfa.gov.ua

У склад дэлегацыі ўвайшлі кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ ва Украіне, кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місій Літвы, Латвіі, Эстоніі, Іспаніі, Аўстрыі, Венгрыі, Харватыі, Швецыі, Славакіі, Швейцарыі, Турцыі, Польшчы, Славеніі, Францыі і Даніі.

«Свет павінен ведаць праўду пра крывавыя злачынствы акупантаў. Менавіта таму вельмі важна, што сёння замежныя дыпламаты мелі магчымасць на ўласныя вочы пабачыць тое, што пакідаюць пасля сябе расейскія акупанты. Мы падкрэсліваем, што расейскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва павінна панесці пакаранне за злачынства ўзброенай агрэсіі супраць Украіны», – заявіў намеснік кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Сыбіга.

Замежныя дыпламаты агледзелі на ўскраіне Ізюму месца масавага пахавання закатаваных і пакараных расейскімі ваеннымі ўкраінцаў. На дадзены момант там эксгумавана 436 целаў, сярод якіх пяць дзіцячых. Большасць целаў маюць сляды гвалтоўнай смерці.

Фота: mfa.gov.ua
Фота: mfa.gov.ua

Таксама яны пабывалі каля разбуранага 500-кілаграмовай расейскай бомбай шматпавярховага жылога дома, дзе загінулі 53 чалавекі, сярод якіх – сямёра дзяцей.

«Украіна будзе прымаць усе магчымыя захады, каб РФ панесла адказнасць. Усе расейскія злачынцы павінны паўстаць перад міжнародным правасуддзем. Расея адкажа за сваю агрэсію супраць Украіны», – сказаў намеснік міністра замежных спраў Яўген Пэрэбыйніс.

У Міністэрстве замежных спраў дадалі, што візіт стаў адным з крокаў, якія робяцца кіраўніцтвам Украіны для прыцягнення Расеі да адказнасці за злачынствы агрэсіі, генацыду, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ва Украіне.

Аналітыка
Колькі чалавек загінулі на вайне ва Украіне. Разбіраем лічбы, якія агучвалі абодва бакі
2022.09.21 14:17

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў