У ГЦ «Dana Mall» адбылася цісканіна ў ліфце. Там выступае расейская блогерка


У менскі ГЦ «Dana Mall» 24 верасня са сваім выступам прыбыла расейская блогерка і спявачка, 12-гадовая Мілана Хаметава. Гандлёвы цэнтр запоўнілі сотні фанатаў і праз перагрузку ліфта ў ім завіслі 20 асобаў. На месца прыбылі машыны хуткай дапамогі і рэанімацыі, паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя.

Скрыншот з відэа: Белсат

Паводле інфармацыі ведамства, была перагрузка ліфтавай сістэмы, з прычыны чаго кабіна пільна спынілася. З неафіцыйных крыніцаў, ліфт сарваўся з вышыні першага або другога паверху. На здарэнне ў гандлёвы цэнтр выехалі адна рэанімацыйная і чатыры лінейныя брыгады хуткай медычнай дапамогі.

«Каля 20 асобаў, якія былі ўнутры, адразу ж пасля таго, як былі адчыненыя дзверы кабіны, атрымалі дапамогу спецыялістаў хуткай медычнай дапамогі, якія прыбылі на месца здарэння. Паводле папярэдняй інфармацыі, цяпер усе пацярпелыя аглядаюцца медыкамі і тым, каму гэта было неабходна, аказваецца медычная дапамога», – паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Вось колькі падлеткаў прыйшло сёння, 24 верасня, на сустрэчу з Міланай Хаметавай:

Пазней блогерка паведаміла, што праз занадта вялікую колькасць людзей адміністрацыя і служба бяспекі ГЦ папрасіла адмяніць сустрэчу або правесці яе ў максімальна сціснутым часе. У выніку сустрэчу скарацілі з дзвюх гадзінаў да 20 хвілінаў.

Мілана Хаметава – вядомая расейская блогерка, мадэль і спявачка. У яе больш за 2,5 млн падпісальнікаў у сацсетцы Likee, а на Youtube – больш за 3,2 млн падпісальнікаў.

Вокладка: калаж «Еўрарадыё».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў