Па стане на 23 верасня накрыта амаль 60% даху касцёлу. Агульная сума ахвяраванняў на рамонт святыні склала 1 045 000 рублёў, піша «Народная воля» са спасылкай на пробашча будслаўскай парафіі Дзмітрыя Дубовіка.
Як распавёў ксёндз Дзмітрый Дубовік, цяпер інтэнсіўна ідуць працы на накрыцці даху – працаўнікі мусяць паспець да наступлення халадоў. Працы вядуцца таксама ўнутры касцёлу.
Сумы ахвяраванняў, крыху большай за мільён рублёў, недастаткова, каб накрыць дах. Паводле ксяндза Дубовіка, патрэбна яшчэ 300 тысяч рублёў.
Касцёл у Будславе загарэўся раніцай 11 траўня. Пажар удалося патушыць, а таксама ўратаваць галоўны скарб святыні – абраз Маці Божай Будслаўскай. Аднак у касцёле цалкам выгарэў і абваліўся дах.
Ужо ў дзень пажару распачаўся збор сродкаў на аднаўленне касцёлу, і ахвяраванні працягваюць паступаць да гэтага часу.
Прычыны пажару пакуль названы не былі. Паводле пробашча, адпаведныя органы, якія займаюцца расследаваннем, ніякай інфармацыі з гэтай нагоды не давалі.
У тэлеграм-канале, прысвечаным аднаўленню Будслаўскага касцёлу, з’явілася паведамленне, што 2 кастрычніка плануюцца працы па навядзенні парадку ў касцёле і вакол яго, таму запрашаюцца валанцёры. Збор а 10-й гадзіне раніцы. А 9-й – Святая Імша.
ГГ, belsat.eu