З’явіліся новыя спадарожнікавыя фота лагеру вагнэраўцаў пад Асіповічамі. Што на іх відаць


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) апублікаваў спадарожнікавыя здымкі кампаніі «Maxar», на якіх у дэталях відаць, як выглядае лагер баевікоў групы Вагнэра пад Асіповічамі станам на 23 ліпеня.

Лагер баевікоў групы Вагнэра. Цэль, Беларусь. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Maxar Technologies / Understandingwar.org

ISW з аналізу спадарожнікавых здымкаў робіць выснову, што баевікі не ствараюць сур’ёзнай пагрозы Польшчы ці Украіне: яны цяпер не маюць цяжкай тэхнікі, ды калі і атрымаюць яе, не змогуць стаць сур’ёзнай пагрозай блоку NATO.

На здымках відаць, што на стаянцы каля лагеру вагнэраўцаў у вёсцы Цэль, што пад Асіповічамі, размешчаныя ў асноўным легкавыя і грузавыя машыны, каля 35 фураў, але не відаць танкаў ці артылерыі. На поўдні бачная таксама будаўнічая тэхніка. Колькі чалавек размешчаныя ў дзвюх сотнях намётаў у лагеры, са спадарожнікавых здымкаў ацаніць немагчыма, але тэарэтычна там могуць змясціцца больш як 5000 чалавек.

«Няма ніякіх прыкметаў таго, што байцы групы Вагнэра ў Беларусі валодаюць цяжкім узбраеннем, неабходным для сур’ёзнага наступу на Украіну ці Польшчу без значнага пераўзбраення, паколькі ўмовай пагаднення Пуціна-Лукашэнкі-Прыгожына аб спыненні ўзброенага паўстання было тое, што ПВК „Вагнэр“ здаў такое ўзбраенне расейскаму Міністэрству абароны», – заўважае ISW.

Як адзначае маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн», зялёная зона ў лагеры паступова запаўнялася транспартнай тэхнікай ужо пасля 16 ліпеня. Праект заўважыў 10 буйных калонаў вагнэраўцаў, якія прыбывалі з Расеі, а таксама адзінкавыя машыны баевікоў у Асіповіцкім раёне. Паводле ацэнак «Гаюна», у Беларусі цяпер прынамсі 3450–3650 баевікоў групы Вагнэра.

Раней кіраўнік баевікоў групы Вагнэра Яўгеній Прыгожын зарэгістраваў кампанію ў Асіповіцкім раёне, якая нібыта мае займацца кіраваннем нерухомасцю. Міністэрства абароны Беларусі сцвярджае, што баевікі ладзяць беларускім вайскоўцам супольныя трэнаванні блізу мяжы з Польшчай, а Прыгожын абяцаў зрабіць беларускую армію «другой у свеце», што падхапіла дзяржаўная прапаганда.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 23 ліпеня заяўляў: «Нас пачалі „напружваць“ вагнэраўцы – жадаюць на Захад: «Сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў». У Польшчы ў той жа дзень анансавалі стварэнне батальёну ля мяжы з Беларуссю.

Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня доўга хваліўся тым, як уратаваў Расею ад мяцяжу Прыгожына. Ён тады заявіў, што Прыгожын ужо ў Беларусі, «лётае ўжо на гэтым самалёце», і калі захоча, можа «нейкі час у нас перакантавацца і іншае». Пад гэта кіраўніку баевікоў «мы прапанавалі адну з закінутых частак: калі ласка, плот ёсць, усё ёсць, стаўце намёты».

Міністра абароны Віктара Хрэніна Лукашэнка заспакойваў, што баевікі «дапамогуць нам». Казаў: «Яны раскажуць пра зброю: якая добра працавала, якая не. І тактыка, і ўзбраенне, і як наступаць, як абараняцца. Гэта неацэнна. Вось гэта нам ад вагнэраўцаў трэба ўзяць». Разам з тым, Лукашэнка сцвярджаў, што гэта нібыта міністр абароны хоча, каб баевікі групы Вагнэра сталі падраздзяленнем беларускай арміі, а сам ён не ініцыятар, але не супраць.

Каментар
Найміты могуць быць скарыстаныя супраць Лукашэнкі
2023.07.21 14:59

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў