На выбарах у Іспаніі атрымаўся «падвешаны» парламент: правыя не здабылі бальшыні


У нядзелю 23 ліпеня ў Іспаніі прайшлі пазачарговыя парламенцкія выбары, на якіх ніхто не перамог: ані правыя, ані левыя не здабылі 50 % мандатаў у ніжняй палаце, хоць правая Народная партыя істотна палепшыла свае вынікі.

Правая «Народная партыя» святкуе перамогу на выбарах у Іспаніі
Правая Народная партыя святкуе перамогу на выбарах у Іспаніі. 24 ліпеня 2023 года.
Фота: NunezFeijoo / Twitter

Яўка склала 70,4 %. Пасля падліку 100 % галасоў з 350 месцаў у ніжняй палаце (Congreso) зоймуць:

  • 136 – правая і раней апазіцыйная Народная партыя;
  • 122 – Іспанская сацыялістычная рабочая партыя, што кіравала раней дзяржаваю;
  • 33 – крайне правая партыя «Vox», што супрацоўнічае з Народнай партыяй;
  • 31 – левая кааліцыя «Sumar»;
  • 13 – Левая рэспубліканская партыя Каталоніі;
  • астатнія 15 месцаў дзеляць драбнейшыя партыі.

У верхняй палаце (Senado) Народная партыя атрымала 120 месцаў з 208 (лёс якіх вызначалі гэтыя выбары), сацыялісты – 72, каталонска-баскская кааліцыя – 7, баскскія сепаратысты – 4. Агулам у верхняй палаце ёсць 265 месцаў, яшчэ 58 дэпутатаў прызначаюць аўтаномныя супольнасці, для бальшыні трэба мець 133 мандаты. Імаверна, сенат будуць кантраляваць правыя, тлумачыць «El País».

Выбары меліся адбыцца ў снежні, але прэм’ер Пэдра Санчэс раптоўна пастанавіў правесці выбары датэрмінова, у сезон адпачынкаў і ў спякотны месяц. Хоць ён, як і правыя, заявіў аб перамозе, ягоныя сацыялісты страцілі шмат мандатаў і рызыкуюць згубіць уладу.

Як адзначае «Reuters», іспанцы апынуліся ў палітычным тупіку, а лёс ураду можа вызначыць каталонская партыя, якая можа патрабаваць ад сацыялістаў саступак у справе незалежнасці Каталоніі – напрыклад, новага рэферэндуму. Іспанію зноў можа чакаць урад меншасці.

Хоць правыя і здабылі найбольш месцаў, іхны звяз з ультраправымі зробіць складанай здабычу дадатковых супольнікаў, неабходных для бальшыні. Але калі ў іх атрымаецца сфармаваць урад, гэта будзе першы раз з дыктатуры Франсіска Франка, калі ўльтраправыя апынуцца ва ўрадзе, адзначае «Deutsche Welle».

Так ці інакш, цягам найбліжэйшых тыдняў мае вызначыцца кіроўная кааліцыя, якая наўрад ці будзе стабільнай. Ды працэс можа зацягнуцца і ў скрайнім выпадку скончыцца новымі выбарамі.

Іспанія – канстытуцыйная манархія, якой фармальна кіруе кароль Фэліпэ VI. Але фактычна гэта парламенцкая дзяржава, дзе выканаўчую ўладу ўзначальвае лідар партыі, што перамагла на парламенцкіх выбарах.

Левы ўрад крытыкавалі ў тым ліку за эканамічныя праблемы, хоць на самой справе іспанская эканоміка трымаецца някепска на фоне іншых еўрапейскіх краінаў у 2023 годзе.

Беларускі свет
Уцёк з Беларусі за 24 гадзіны, змяніў 3 прафесіі. Гісторыя эмігранта ў Барсэлоне
2020.05.19 22:20

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў