«Пуцін ніколі не выглядаў настолькі слабым». Як сусветныя СМІ рэагуюць на падзеі ў Расеі


Спроба вайсковага мяцяжу Прыгожына выклікала рэзананс у шмат якіх медыях свету. 24 чэрвеня на сайтах і першых старонках выданняў, паўсюль у топах – навіны з Расеі. Мяцеж Прыгожына называюць паўстаннем і разглядаюць яго як канец кіравання Пуціна, чым бы гэтыя падзеі ні скончыліся. Эксперты таксама разважаюць, чым мяцеж Вагнэра абернецца для вайны ва Украіне.

Скрыншот: The NYT

Самы сур’ёзны выклік Пуціну за ўвесь час ягонага праўлення

Брытанскі штодзённік «The Economist» выйшаў з вялікім артыкулам пад загалоўкам «Паўстанцы Вагнэра выступаюць супраць арміі Пуціна». Журналісты перадаюць храналогію падзеяў і адзначаюць слабасць расейскага кіраўніцтва, якое пачынае губляць кантроль над сітуацыяй.

Скрыншот: «The Economist»

«Даўняя варожасць паміж расейскімі военачальнікамі вылілася ў адкрытае паўстанне, калі найміты Вагнэра ўзялі пад кантроль вайсковую базу ў горадзе на паўднёвым захадзе Расеі, Растове-на-Доне, непадалёк мяжы з Украінай, і змагаліся з рэгулярнай арміяй у Варонежскай вобласці на поўначы. На фоне абвінавачванняў у міжусобных нападах і здрадзе, а таксама прыкметаў таго, што ён пачаў губляць кантроль над сваімі падначаленымі, прэзідэнт Уладзімір Пуцін раніцай 24 чэрвеня коратка звярнуўся да нацыі. Выглядаючы раззлаваным і ўзрушаным, ён паабяцаў пакараць «тых, хто пайшоў шляхам здрады», і сказаў, што Узброеным сілам былі дадзеныя «неабходныя загады», каб задушыць мяцеж Вагнэра.

Паўстанне Вагнэра пачалося з серыі відэазваротаў кіраўніка групоўкі Яўгенія Прыгожына, які абвінаваціў расейскае войска ў нападзе на ягоныя сілы. Ён пакляўся накіраваць тысячы сваіх байцоў, каб справіцца з ворагамі, што прымусіла ўлады абвінаваціць яго ў мяцяжы. Генералы з няўпэўненым выглядам выпускалі відэазапісы, у якіх прасілі войскі Вагнэра заставацца вернымі, але безвынікова», – піша выданне.

Скрыншот: «The Washington Post»

Амерыканская штодзённая газета «The Washington Post» актыўна сочыць і асвятляе падзеі ў Расеі ў кантэксце вайны ва Украіне. Даюцца заявы Прыгожына, выказванні ўкраінскіх палітыкаў, вайскоўцаў і аналітыкаў. Пры гэтым журналісты адзначаюць: сутыкнуўшыся з унутраным бунтам, Пуцін усё роўна выступае супраць «Захаду».

«Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сутыкаецца з выразна ўнутраным крызісам, але ў сваёй першай прамове пасля пачатку «мяцяжу» ён знайшоў спосаб абвінаваціць «Захад». У кароткім, але палымяным звароце ў суботу Пуцін паспрабаваў намаляваць Расею як няшчасную ахвяру «эканамічнай і інфармацыйнай машыны Захаду», а не дзяржаву-агрэсара, ахопленую ўнутранымі сваркамі», – пішуць у выданні.

Штодзённая амерыканская дзелавая газета «The Wall Street Journal» адзначае, што мяцеж Прыгожына – самы сур’ёзны выклік Пуціну за ўвесь час ягонага праўлення. Артыкул пра падзеі ў Расеі з ранку – у топе самых чытаных.

Скрыншот: «The Wall Street Journal»

Мяснікі Расеі

Сярод пяцёркі самых чытаных артыкулаў на сайце брытанскай газеты «The Guardian» тры звязаныя з падзеямі ў Расеі.

Скрыншот: «The Guardian»

«Нават калі паўстанне Вагнэра праваліцца, прэзідэнцтва Пуціна ніколі не выглядала слабейшым. Ягонае рашэнне ўварвацца ва Украіну даказала вялікую стратэгічную памылку – самую вялікую ў ягонай кар’еры і такую, якая рана ці позна можа адсунуць яго ад улады», – піша ў сваёй аналітычнай калонцы Люк Гардынг, дадаўшы, што фотаздымкі танкаў на вуліцах Масквы выклікаюць успаміны пра апошнія месяцы хісткага Савецкага Саюзу ў 1991 годзе.

«Нават калі паўстанне праваліцца, шок будзе працягвацца некалькіх месяцаў, распальваючы палітычную нестабільнасць і падымаючы пытанні аб прыдатнасці Пуціна да кіравання. У шэкспіраўскай пʼесе пра доўгае прэзідэнцтва Пуціна, падобнае да Макбэта, мы цяпер у пятай дзеі», – піша Гардынг.

Выданне таксама вельмі актыўна адсочвае падзеі і дае іх у онлайн-фармаце.

Найстарэйшая штодзённая французская газета «Le Figaro» таксама актыўна асвятляе падзеі ў Расеі, на першых старонках – мяцеж Вагнэра. Таксама газета выдае аналітычныя матэрыялы. Адзін з іх выйшаў пад загалоўкам «Паўстанне групы Вагнэра: на ўкраінскім фронце будзе ўзмацняцца ціск на рубяжы расейскай абароны», дзе ўтрымліваюцца развагі пра наступствы мяцяжу для вайны ва Украіне і ўкраінскага контрнаступу.

Скрыншот: «Le Figaro»

«Нягледзячы на ​​тое, што яшчэ занадта рана ацэньваць рэальныя наступствы паўстання групы Вагнэра, расейскія лініі на ўкраінскім фронце могуць пацярпець, калі падзеі вымушаюць перагрупаваць сілы.

Нечаканасць і замяшанне небяспечныя на полі бою. Мяцеж Яўгенія Прыгожына дадае няпэўнасці вайне ва Украіне, у той час як украінскі контрнаступ апошнімі днямі нібыта таптаўся на месцы. «Будзем спадзявацца, што сітуацыя станоўча адаб’ецца на ўкраінцах», – тлумачыць інфармаваная крыніца, блізкая да арміі. «Сітуацыя на месцы вельмі незразумелая. Гэты момант, які яшчэ вельмі рана кваліфікаваць як вырашальны, безумоўна, парушыць гульню. Трэба пачакаць, каб паназіраць, як будзе рухацца ўсё апалчэнне Вагнэра», – піша выданне.

Скрыншот: «El País»

На першай старонцы іспанскай штодзённай грамадска-палітычнай газеты «El País» вялікі разбор таго, што адбываецца ў Расеі, пад загалоўкам «Бос групы Вагнэра кідае выклік Пуціну і вядзе свае войскі на Маскву». На сайце выдання вядзецца онлайн-трансляцыя з каментарамі. Усё падаецца ў кантэксце вайны ва Украіне.

«Пуцін абвінаваціў у бунце боса ПВК Вагнэра, вінаваціць яго ў дзяржаўнай здрадзе і абяцае пакаранне. Кіраўнік апалчэнцаў сцвярджае, што не здасца, і кажа пра «грамадзянскую вайну».

«У Кіеве прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што мяцеж паказвае, што «слабасць Расеі відавочная», і папярэдзіў, што чым даўжэй Масква будзе трымаць свае войскі і наймітаў ва Украіне, «тым больш хаосу, болю і праблемаў будзе пазней» у іх саміх», – піша выданне.

Скрыншот: «The Sun»

Брытанская газета «The Sun» называе Яўгенія Прыгожына «мясніком Расеі» і выпусціла вялікі артыкул пра тое, як расейскі военачальнік прайшоў шлях ад «кухара Пуціна» да кіраўніка групы Вагнэра, які зладзіў «пераварот» у Расеі.

«Военачальнік, магнат, а цяпер самы вялікі вораг Пуціна, Яўгеній Прыгожын падняўся па службовай лесвіцы, каб кантраляваць расейскую наёмную армію, і цяпер кажа, што будзе штурмаваць Маскву. Прыгожын зрабіўся вельмі гучным крытыкам расейскай арміі і самога Пуціна, і кульмінацыяй гэтага стала жорсткае супрацьстаянне паміж двума распальвальнікамі вайны, пакуль у Расеі бушуе «мяцеж», – піша выданне.

Скрыншот: «The Bild»

Найбуйнейшая нямецкая штодзённая газета-таблоід «The Bild» называе падзеі ў Расеі ўзброеным бунтам і таксама актыўна іх асвятляе.

Саша Корн belsat.eu

Стужка навінаў