Памежная служба Украіны паведамляе, што дзяржаўная мяжа зазнала напад расейскіх войскаў пры падтрыманні Беларусі. Паведамленняў, што менавіта беларускія войскі бяруць удзел у нападзе, не было, але беларускія землі выкарыстоўваюцца для агрэсіі. Гэта робіць Беларусь краінай-агрэсарам?
Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін кажа «Белсату», што Беларусь не абавязаная рабіцца ўдзельнікам расейскага нападу і не мусіць аўтаматычна:
«Раз аперацыю пачала Расейская Федэрацыя, то, калі фармальна трымацца палажэнняў саюзнай дамовы між Беларуссю і Расеяй, Беларусь не абавязаная браць удзелу ў спецаперацыі Расейскай Федэрацыі. Калі Расея звернецца з просьбаю да кіраўніцтва Беларусі, то беларускае кіраўніцтва можа разглядзець просьбу і прыняць пастанову пра ўступленне».
Эксперт адзначае: цяпер, падобна, атака вядзецца толькі высокадакладнаю дальнабойнаю зброяй, якой у распараджэнні Беларусі няма. Таму калі з тэрыторыі Беларусі будуць нанесеныя ўдары па Украіне, гэта будуць расейскія комплексы «Іскандэр-М»: 15 такіх установак увялі ў Беларусь падчас вучэнняў, на кожным – па дзве ракеты. Таксама ў Беларусі (мяркуюць, што ў Лунінцы) эскадрылля расейскіх самалётаў-знішчальнікаў Су-35С і каля 20 штурмавікоў Су-25СМ.
Акрамя як даць свае базы і тэрыторыі, Беларусь не можа дапамагчы Расеі пры цяперашнім характары аперацыі, лічыць Алесін. Калі Расея папросіць, Беларусь можа ўзяць удзел з сіламі спецыяльных аперацыяў, але выглядае, што пакуль такіх просьбаў не было.
Гэта робіць Беларусь краінай-агрэсарам? Алесін адказвае:
«Фармальна, згодна з міжнароднымі нормамі, Беларусь не дзяржава-агрэсар. Кіраўніцтва дзяржавы мусіла б абвясціць сваё стаўленне да спецаперацыі ва Украіне, на чыім яна баку, ці падтрымлівае Расейскую Федэрацыю ў яе дзеяннях. Калі будуць такія рашэнні на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, калі Беларусь далучыцца да дзеянняў Расейскай Федэрацыі, тады можа лічыцца суўдзельніцаю».
Аляксандр Лукашэнка раней казаў, што канфлікт з Украінаю будзе з «намі», маючы на ўвазе Расею і Беларусь.
Злучаныя Штаты Амерыкі прапаноўвалі ў тым ліку ўводзіць санкцыі супраць Беларусі, калі яна падтрымае дзеянні Расеі нават тым, што дасць тэрыторыю для агрэсіі.
Літва ж прапаноўвала ўвесці новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі, не чакаючы нападу.
АА belsat.eu