Паводле праваабаронцаў «Вясны», 23 студзеня пад пераслед сілавікоў трапілі прынамсі 84 асобы. Не менш за 37 былі затрыманыя. Рэпрэсіі закранулі сваякоў палітзняволеных. Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак у эфіры «Белсату» назваў новую хвалю пераследу атакаю на ўсю сістэму дапамогі палітвязням.
Кіраўнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак адзначыў, што, апроч ператрусаў у сваякоў палітвязняў, магутную атаку зазнаў сайт фонду, аб праблемах заявілі іншыя арганізацыі, што дапамагаюць людзям, якія цяпер за кратамі з палітычных прычынаў.
«Гэта комплексная атака на ўсю сістэму дапамогі», – упэўнены праваабаронца.
Стрыжак не сумняваецца, што неабходныя звесткі сілавікам даў рэтэйлер «Еўраопт»: менавіта яго сэрвісам даставы карысталіся актывісты, каб дапамагаць з харчамі родным рэпрэсаваных.
«Асабліва варта закрануць тое, як у гэта ўцягнуты калядзяржаўны бізнес, у прыватнасці, «Еўраопт». Арганізацыя «INeedHelpBy», што дапамагае беларусам, ладзіла даставу больш чым 16 тысячам сем’яў, якія пацярпелі падчас пратэстаў і далейшых рэпрэсіяў, і карысталася сэрвісам «е-доставка». Выглядае, што сілавікі атрымалі доступ да базаў «Еўраопту» і паводле гэтых базаў «працавалі». Шмат асобаў, да якіх учора прыйшлі, казалі пра тое, што цікавіліся не толькі сувяззю з «BYSOL», а ў тым ліку гэтымі харчовымі наборамі», – апавёў Андрэй Стрыжак.
Ён звярнуў увагу, што ініцыятывы «INeedHelpBy» доўгі час у Беларусі не чапалі. Толькі напярэдадні арганізацыю прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» – і адразу пачалася атака: «Гэта паказвае, што рыхтаваліся загадзя, даўно, і цяпер розныя сілавыя структуры каардынуюцца паміж сабою».
Кіраўнік «BYSOL» звязаў узмацненне рэпрэсіяў з выбарамі, што плануюцца ў Беларусі:
«Лукашысты паспрабуюць даказаць сабе, што яны перамаглі на тых выбарах 2020 года, што яны дасюль кантралююць сітуацыю ў краіне, а самае галоўнае – кантралююць тое, што адбываецца ў галовах людзей, што, безумоўна, няпраўда, бо людзі незадаволеныя цяперашняй уладаю і супраціўляюцца, як толькі могуць. Звычайна гэта нейкія падпольныя дзеянні, аднак улада гэта выдатна бачыць».
Стрыжак заклікаў сваякоў палітвязняў разважліва ацэньваць рызыкі і не выключаць варыянту эміграцыі, калі «багата эпізодаў атрымання дапамогі, ёсць факты актыўнасці»:
«Гэта адна з самых складаных сітуацыяў, адно з самых цяжкіх рашэнняў. Аднак варта падумаць пра тое, ці будзе лягчэй вашым родным, калі вы самі трапіце за краты, і ці будзе лягчэй вашай сям’і, калі ў ёй будзе на аднаго палітвязня больш».
Сцяпан Кубік belsat.eu