Страляніна ў Празе і вывяржэнне вулкану Рэйк’янэс. Фатаграфіі тыдня


Землетрасенне ў Кітаі, стральба ў пражскім універсітэце, антыўрадавыя пратэсты ў сталіцы Аргенціны, вывяржэнне вулкану на ісландскім паўвостраве Рэйк’янэс – сабралі галоўныя здымкі тыдня.

Пратэстоўцы, Аргенціна
Дэманстранты скандуюць антыўрадавыя лозунгі, стоячы на плоце перад будынкам Нацыянальнага кангрэсу, падчас акцыі пратэсту супраць урадавых эканамічных зменаў. Пасля ўступлення на пасаду ўрад новага прэзідэнта Аргенціны Хавіера Мілея абвясціў аб шырокіх рэформах, накіраваных на паслабленне ўплыву дзяржавы на эканоміку Аргенціны, уключаючы крокі па прыватызацыі дзяржаўных кампаній, аблягчэнні экспарту і спыненні кантролю над коштамі. Буэнас-Айрэсе, Аргенціна. 21 снежня 2023 года.
Фота: Rodrigo Abd / AP Photo / East News
Анджэй Пачобут
Пратэст супраць зняволення актывіста незалежнага «Саюзу палякаў Беларусі» Анджэя Пачобута, асуджанага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі на 8 гадоў зняволення. 20 снежня споўнілася 1000 дзён з дня затрымання журналіста. Беласток, Польшча.
Фота: Michal Kosc / Forum
Вулічнае жыццё ў США
Жанчына корміць арэхамі вавёрку, якая села на яе сумачку ў парку. Нью-Ёрк, ЗША. 19 снежня 2023 года.
Фота: Charly Triballeau / AFP / East News
Пад’ёмны кран эвакуюе мёртвага фінвала (лат. Balaenoptera physalus), які выкінуўся на бераг, з пляжу Міні-Ўотэр (Minnie Water), Аўстралія. 22 снежня 2023 года.
Фота: Palani Mohan / AFP / East News
Стральба ў Празе
Людзі смуткуюць ля мемарыяла ахвярам страляніны ў Карлавым універсітэце ў цэнтры Прагі. 24-гадовы студэнт Давід Козак адкрыў стральбу ў адным з будынкаў ВНУ, у выніку чаго загінулі 13 чалавек. Сам нападнік застрэліўся пры набліжэнні паліцыянтаў. Прага, Чэхія.
Фота: Michal Cizek / AFP
Вяскоўцы вяслуюць на лодцы падчас заходу сонца праз возера Магуры-Матапунг-Біль (Maguri Motapung Beel) у раёне Tinsukia (Тынсук’я), Індыя. 22 снежня 2023 года.
Фота: Biju Boro / AFP / East News
землетрасенне, Кітай
Салдаты аказваюць медычную дапамогу людзям, якія пацярпелі ад землятрусу ў пасёлку Шы Юань (Shiyuan) у правінцыі Гань-Су (Gansu) на паўночным захадзе Кітая. Землетрасенне магнітудай 6,2 унесла жыцці больш за 120 чалавек, сотні пацярпелі.
Фота: Zhang Yongjin / Xinhua / East News
вывяржэнне вулкана
Вывяржэнне вулкану Рэйк’янэс (Reykjanes) на аднайменным ісландскім паўвостраве. Даўжыня расколіны ў вулкане складае каля 3,5 км, лава выцякае з хуткасцю 100-200 кубічных метраў у секунду. Жыхары бліжэйшага да вулкану гораду Грындавік (Grindavík) былі эвакуяваныя яшчэ месяц таму, бо з канца кастрычніка назіраўся рост сейсмічнай актыўнасці ў рэгіёне. Рэйк’янэс, Ісландыя. 18 снежня 2023 года.
Фота: Icelandic Coast Guard / Cover Images / East News

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў