Вайсковага аналітыка Ягора Лебядка асудзілі на 5 гадоў калоніі за інтэрв'ю


У Менскім абласным судзе 23 снежня вынеслі прысуд палітзняволенаму вайсковаму аналітыку Ягору Лебядку. Яго абвінавацілі ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК) за інтэрв’ю незалежным медыям, паведамляюць праваабаронцы.

Ягор Лебядок. Крыніца: belvpo.com

Згодна з матэрыяламі справы, Ягор Лебядок у красавіку і траўні 2022 года «ў мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага каналу, інфармацыйную прадукцыю якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрвʼю прадстаўніку названага каналу на тэму правядзення Узброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі».

Суддзя Алена Міснік засудзіла Ягора Лебядка на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Ягора Лебядка затрымалі 12 ліпеня ў Смалявічах і арыштавалі на 15 содняў паводле арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне». Тады ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася«пакаяннае» відэа: затрыманы «прызнаваўся» ў тым, што дае інтэрв’ю каналам, «якія прызнаныя ў нас экстрэмісцкімі, на тэму вайны ва Украіне і на іншыя пытанні». Таксама на відэа ён кажа, што ў жніўні 2020 года наведваў «недазволеныя заканадаўствам масавыя мерапрыемствы».

Пазней стала вядома, што Лебядок затрыманы ў крымінальнай справе аб спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці за каментары для «Еўрарадыё» (арт. 361-4 КК). У кастрычніку праўладныя каналы паведамілі, што супраць аналітыка распачалі яшчэ адну крымінальную справу, паводле прыкметы паўторнасці, і адзначалі, што «кожнае інтэрв’ю экстрэмістам стварае асобны склад злачынства». Цяпер яго трымаюць у СІЗА № 1.

Ягор Лебядок – вайскова-палітычны аглядальнік, неаднойчы каментаваў у СМІ вайну ва Украіне і сітуацыю ў Беларусі, вядзе ўласны тэлеграм-канал. Фізік паводле адукацыі, скончыў БДУ. У 2005–2007 гадах служыў у 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь на пасадзе камандзіра ўзводу. Потым працаваў у Інстытуце фізікі АН РБ, адкуль быў звольнены ў студзені гэтага года.

З 2010 да 2014 года быў дэпутатам Смалявіцкага раённага савету дэпутатаў 26-га склікання ад Жодзінскай выбарчай акругі № 1.

Лебядок заставаўся ў Беларусі і жыў у Смалявічах пад Менскам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў