Тавараў на 8 млрд рублёў. Разбіраемся, чаму рэзка выраслі складскія запасы


Складскія запасы ў Беларусі ў снежні выраслі больш як на 48 %. Белстат не дае падрабязнай статыстыкі, але з улікам наяўных звестак эканамісты праекту «Кошт ураду» ў размове з «Белсатам» лічаць, што рост запасаў адбываецца амаль ва ўсіх сферах эканомікі. Пры гэтым прамысловая вытворчасць у нашай краіне скарацілася больш як на 5 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадукцыя беларускага металургічнага заводу.
Фота: BelSteelWorks / Facebook

Паводле вынікаў 11 месяцаў бягучага года складскія запасы ў Беларусі выраслі ў грашовым вымярэнні да BR 8,1 млрд у эквіваленце, або на 48,1 %. У параўнанні з сярэднямесячным аб’ёмам вытворчасці цяпер гатовай прадукцыі на складах захоўваецца 71,4 %. Летась у адпаведны перыяд узровень запасаў гатовай прадукцыі складаў 53,6 %.

«Гэта максімальны абʼём у бягучым годзе. Увогуле на працягу года сёлета абʼёмы складскіх запасаў істотна вагаліся. Змяненне лагістыкі паставак, страты рынкаў і пераарыентацыя на новыя кірункі спачатку прывялі да таго, што запасы ў грашовым вымярэнні за студзень – ліпень выраслі амаль у паўтара разу – з BR 5,4 млрд у канцы мінулага года да BR 8 млрд у ліпені, што адпавядае росту з 52,7 % да 72,9 % сярэднямесячнага абʼёму вытворчасці. Далей сітуацыя стала паляпшацца, аднак ужо пасля жніўня запасы зноў пайшлі ў рост», – кажуць эксперты праекту «Кошт ураду».

Сітуацыя з складскімі запасамі ў Беларусі. Інфаграфіка: праект «Кошт ураду»

Адбываецца назапашванне складскіх запасаў на фоне скарачэння вытворчасці, за студзень – лістапад прамысловасць скарацілася на 5,6 % да ўзроўню мінулага года.

Эксперты таксама нагадваюць, што рост запасаў у прамысловасці назіраецца ва ўсіх вобласцях краіны. З лістапада летась да лістапада сёлета найбольш яны выраслі ў Берасцейскай вобласці – у 1,8 разу ў грашовым вымярэнні, або з 64,8 % да 93,2 % сярэднямесячнага абʼёму вытворчасці. Найменш у грашовым вымярэнні запасы прыраслі ў Менскай вобласці – на 19,5 %, або з 74,3 % да 80,5 % сярэднямесячнага абʼёму вытворчасці.

Сітуацыя з складскімі запасамі ў Беларусі. Інфаграфіка: праект «Кошт ураду»

З улікам узроўню інфляцыі, атрымліваецца, падлічваюць суразмоўцы «Белсату», што складскія запасы павялічыліся як у грашовым, гэтак і ў рэальным або якасным выражэнні – ва ўзроўні да сярэднямесячнага абʼёму вытворчасці ў прамысловасці.

«Дэталёвай статыстыкі з разбіўкаю па відах эканамічнай дзейнасці Белстат не дае з траўня, таму сказаць, якія галіны ў найбольшай ступені адказныя за рост складскіх запасаў, складана. Аднак, зыходзячы з таго, што, як мы казалі вышэй, запасы якасна і колькасна выраслі ва ўсіх вобласцях, можна меркаваць, што рост запасаў мае месца ў розных сферах эканомікі. Гэта лагічна, калі ўлічыць уплыў санкцыяў і страты цэлых рынкаў збыту – фактараў, якія ўплываюць на ўсю беларускую эканоміку», – звяртаюць увагу эканамісты.

Эксперты тлумачаць рост запасаў з пагаршэнне канʼюнктуры на ключавым рынку збыту – у Расеі. На фоне пашырэння абмежавальных захадаў у дачыненні расейскай эканомікі, яна сама адчувае ўсё большыя цяжкасці, у тым ліку ў частцы лагістыкі. А цяпер лагістычныя шляхі для расейскіх і беларускіх вытворцаў на рынкі трэціх краінаў фактычна адны і тыя ж.

«Дзяліць магчымасці для экспарту, якія ўвесь час змяншаюцца, становіцца ўсё больш складана. Адпаведна, больш складана становіцца распрадаваць беларускія прамысловыя тавары. У выніку чаго іх абʼём на складах становіцца ўсё большым», – кажуць эксперты праекту «Кошт ураду».

Сітуацыя з складскімі запасамі ў Беларусі. Інфаграфіка: праект «Кошт ураду»

Перспектывы беларускай вытворчасці

Перспектывы сітуацыі з запасамі будуць залежаць шмат у чым ад сітуацыі ў эканоміцы Расеі, канстатуюць эксперты. Пакуль, як паказвае сітуацыя з расейскім бюджэтам, паляпшэнняў на суседнім рынку чакаць не варта. У выніку сыходу замежных кампаніяў з расейскага рынку для беларускіх кампаніяў, безумоўна, могуць адкрывацца новыя нішы, аднак, агульнае зніжэнне пакупніцкай здольнасці мясцовага насельніцтва будзе ісці супраць росту продажаў на рынку ў цэлым.

«Стан беларускай прамысловасці выклікае тыя ж клопаты, што і ў Расеі. Цяпер магчымасці падтрымання, мадэрнізацыі або набыцця новага абсталявання істотна ўскладненыя, як, адпаведна, і магчымасці пашырэння вытворчасці», – падсумоўваюць эканамісты.

Праваленая дыверсіфікацыя

Магчымасці дыверсіфікацыі паставак на новыя рынкі для беларускай прамысловасці існуюць, лічаць эксперты. Але гэтыя перспектывы, па-першае, абмежаваныя лагістычным цяжкасцямі, санкцыямі і агульнай «таксічнасцю» працы з беларускімі кампаніямі. А па-другое, яны не ў стане паўнавартасна замясціць страчаных рынкаў ні ў грашовым выражэнні, ні абʼёмам. На новыя рынкі давядзецца пастаўляць танней і даражэй з гледзішча лагістыкі. Адпаведна, патэнцыялу замены на новыя рынкі для беларускай прамысловасці пакуль не назіраецца. Чыноўнікі ж рапартуюць пра адваротнае і кажуць пра станоўчыя вынікі. Але рэальныя лічбы адлюстроўваюць зусім іншую рэальнасць.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў