Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) запытала ў Кітаю падрабязную інфармацыю пра рост рэспіраторных захворванняў, у тым ліку пра недыягназаваную пнеўманію ў дзяцей.
Прадстаўнікі Нацыянальнай камісіі аховы здароўя Кітаю 13 лістапада паведамілі пра рост захворвання на рэспіраторныя захворванні. Улады патлумачылі гэты рост адменай абмежаванняў, звязаных з COVID-19, і цыркуляцыяй вядомых вірусаў.
Тым часам САЗ заявіла 22 лістапада, што некаторыя групы, у тым ліку Праграма маніторынгу новых захворванняў (ProMED), паведамілі пра рост колькасці недыягназаванай пнеўманіі ў дзяцей на поўначы Кітая. Пры гэтым незразумела, ці звязаныя гэта з агульным ростам рэспіраторных інфекцыяў, ці з асобнымі падзеямі.
У сувязі з гэтым САЗ запытала дадатковую эпідэміялагічную і клінічную інфармацыю, а таксама лабараторныя вынікі зарэгістраваных выбліскаў сярод дзяцей праз механізм Міжнародных медыка-санітарных правілаў. Паводле правілаў, Кітай павінен адказаць САЗ цягам 24 гадзін.
Агенцтва аховы здароўя ААН таксама запытала ў Кітаю дадатковую інфармацыю пра тэндэнцыі цыркуляцыі вядомых патагенаў і нагрузку на сістэмы аховы здароўя.
САЗ вырашыла выпусціць заяву аб Кітаі, каб падзяліцца даступнай інфармацыяй, бо атрымала шэраг запытаў наконт гэтага ад медыяў.
У САЗ, хаця і шукаюць дадатковую інфармацыю, рэкамендавалі людзям у Кітаі выконваць меры для зніжэння рызыкі рэспіраторных захворванняў: вакцынацыю, захаванне дыстанцыі, знаходжанне ўдома ў выпадку хваробы, нашэнне масак пры неабходнасці, забеспячэнне добрай вентыляцыі і рэгулярнае мыццё рук.
Нагадаем, што менавіта з Кітаю па свеце ў 2019 годзе пачаў распаўсюджвацца новы каронавірус, што пазней набыло маштабы пандэміі. Пры гэтым КНР не заўсёды давала праўдзівыя звесткі.
Якуб Хруст belsat.eu