Расейскі дэпутат вывез з Украіны 10-месячную дзяўчынку, удачарыў і змяніў ёй імя. Што кажа ў апраўданне?


Расейскі дэпутат і лідар партыі «Справедливая Россия» Сяргей Міронаў, які актыўна падтрымлівае вайну РФ супраць Украіны, удачарыў вывезенае з Украіны 10-месячнае дзіця. Пра гэта паведамляе выданне «Важные истории».

Сяргей Міронаў і Іна Варламава.
Фота: storage.googleapis.com

Паводле расейскіх журналістаў, у канцы жніўня 2022 года Іна Варламава, на той момант 55-гадовая нявеста 69-гадовага палітыка, прыехала ў акупаваную Расеяй Херсонскую вобласць Украіны. Яе суправаджала першая намесніца Сяргея Міронава ў Дзярждуме Яна Лантратава. А з’ехалі яны разам з 10-месячнай Маргарытай Пракапенкай і двухгадовым Іллём Вашчанкам, якія да пачатку поўнамаштабнага ўварвання жылі ў Херсонскім доме дзіцяці, але на момант візіту былі ў Херсонскай абласной дзіцячай больніцы.

Разам з Таццянай Завальскай, якую пасля акупацыі Херсону прызначылі кіраваць домам дзіцяці, Варламава агледзела дзяцей і засталася задаволеная іхным станам. Пасля гэтага Завальская стала штодня тэлефанаваць і патрабаваць выпісаць дзяцей, бо, паводле супрацоўніцы больніцы, «тая жанчына іх выбрала і павязе ў Маскву, ужо ўсё гатовае і ёсць білеты».

Афіцыйна дзяцей вывезлі ў Маскву для «абследавання, вызначэння далейшай тактыкі лячэння і праходжання рэабілітацыі». А ў лістападзе, калі Херсон ужо вярнуўся пад кантроль украінскіх уладаў, была пададзеная заява ў Падольскі гарадскі суд Маскоўскай вобласці на ўдачарэнне. І ў снежні 2022 года Міронаў і Варламава, якія на той ужо былі жанатымі, удачарылі вывезеную з Херсону Маргарыту Пракапенку. Ёй было крыху больш за год. Таксама дзяўчынцы змянілі імя (яна стала Марынай Сяргееўнай Міронавай) і месца нараджэння: замест украінскага Херсону – падмаскоўны Падольск.

Лёс Іллі да канца невядомы. Праз год пасля дэпартацыі, у верасні 2023 года, ён атрымаў новае пасведчанне аб нараджэнні.

«Гэта лічыцца генацыдам»

І хоць маці Маргарыты была пазбаўленая матчыных правоў, а ейны бацька памёр, згодна з міжнародным правам усынаўленне/удачарэнне дэпартаваных украінскіх дзяцей у Расеі ёсць злачынствам.

«Гэта лічыцца генацыдам і парушае пункт «е» арт. 2 Канвенцыі «Аб папярэджанні генацыду»: гвалтоўная перадача дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую. У гэтых дзяцей нярэдка ёсць сваякі або апекуны ва Украіне, якія страцілі з імі сувязь, а ў выпадку выхаванцаў дзіцячых дамоў апекунамі выступаюць службовыя асобы гэтых устаноў. Паводле міжнароднага права, бакі канфлікту мусяць даваць сваякам і апекунам звесткі пра зніклых і спрыяць іхнаму вышуку», – заявіла юрыстка Марыя Чашчылава.

На ейную думку, Міжнародны крымінальны суд у Гаазе можа выпісаць ордар на арышт. У дачыненні Варламавай Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны 18 лістапада ўжо ўвяла санкцыі за незаконны вываз дзяцей.

«У гэтых дзяцей няма бацькоў, пра іх ніхто не паклапоціцца. І ў іх скралі яшчэ і Радзіму. Ніхто не меў права гэтага рабіць. Гэта ж не рэчы, гэта жывыя людзі, гэта дзеці!» – кажа лекарка Херсонскай абласной дзіцячай больніцы Наталля Люцікава.

Агулам, паводле «Важных историй», у агульнарасейскі банк звестак пра дзяцей-сіротаў унесеныя амаль 2,5 тысячы безнаглядных дзяцей з Украіны. Пры гэтым расейскія ўлады адпрэчвалі магчымасць іх усынаўлення/удачарэння.

Сам Міронаў у сацсетцы X назваў звесткі журналісцкага расследавання «фэйкам ад украінскіх спецслужбаў і іх заходніх куратараў».

«За ўсім гэтым стаіць адна мэта – дыскрэдытацыя тых, хто займае сёння непрымірымую патрыятычную пазіцыю. Дарма стараецеся. Праўда ўсё роўна пераможа. І Расея давядзе СВА да поўнай перамогі», – заявіў ён, але ніякага змястоўнага зняпраўджання апублікаванай інфармацыі не даў.

Hавiны
Дыпламат рэжыму ў ААН: Менску не падабаюцца абвінавачванні ў вывазе ўкраінскіх дзяцей
2023.11.11 15:47

У сакавіку Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Міжнародны крымінальны суд тлумачыць сваю пастанову тым, што Пуцін і Львова-Бялова падазраюцца ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Беларускія дэмакратычныя сілы спрабуюць дамагчыся выдачы такога ордару таксама ў дачыненні Аляксандра Лукашэнкі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў