Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран знаходзіцца з візітам на Бліжні Усходзе. Ён мае намер сустрэцца з ізраільскімі і палестынскімі лідарамі, каб абмеркаваць угоду аб вызваленні закладнікаў і дастаўку гуманітарнай дапамогі ў сектар Газа, паведамляе BBC.
Гэта другая замежная паездка Дэйвіда Кэмэрана пасля яго нядаўняга вяртання ў брытанскі ўрад. Першы ягоны візіт быў ва Украіну.
У Ізраілі Кэмэран наведаў месца масавых забойстваў, учыненых баевікамі «Хамас» 7 кастрычніка ў кібуцы Беэры. У гэтым кібуцы тэрарысты забілі 130 чалавек.
«Сённяшні дзень – гэта дзень, калі мы спадзяёмся пабачыць гуманітарную паўзу ў гэтай вайне. Гэта магчымасць вызваліць закладнікаў і даставіць дапамогу», – сказаў Дэйвід Кэмэран.
Урад Ізраілю ўчора ўхваліла ўгоду з групоўкай «Хамас» аб вызваленні 50 захопленых ізраільскіх закладнікаў у абмен на 150 зняволеных палестынскіх жанчын і падлеткаў. У бліжэйшыя суткі павінна быць абвешчаная чатырохдзённая гуманітарная паўза ў баявых дзеяннях. Але пакуль яна не наступіла. Сёння ізраільскія СМІ паведамлялі пра чарговыя абстрэлы сектару Газа.
Ізраільскія кіраўнікі абяцаюць, што гуманітарная паўза пачнецца ў пятніцу 24 лістапада.
Дэйвід Кэмэран заклікае абодва бакі дамагчыся таго, каб гэтае спыненне агню, пра якое дамовіліся, нарэшце адбылося. Сёння брытанскі прэм’ер-міністр сустракаецца з ізраільскімі палітыкамі і семʼямі закладнікаў.
Зміцер Міраш belsat.eu