Транзіт улады працягваецца: Назарбаеў больш не старшыня кіроўнай партыі Казахстану


Нурсултан Назарбаеў кіраваў краінай фактычна з 1989 года, калі заняў пасаду першага сакратара ЦК Кампартыі Казахскай ССР. Крыніца фота: Афіцыйны сайт прэзідэнта РК

Былы прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, які, нягледзячы на сваю адстаўку з прэзідэнцкай пасады працягвае займаць важныя пасады ў краіне, прыняў рашэнне перадаць паўнамоцтвы старшыні кіроўнай партыі «Нур Атан». Пра гэта паведамляе Tengrinews.kz.

Як паведаміў прэс-сакратар Назарбаева Айдос Укібай, «Назарбаеў прыняў рашэнне перадаць паўнамоцтвы старшыні партыі «Нур Атан», падкрэсліўшы, што партыю павінен узначальваць прэзідэнт краіны».

Пашыранае паседжанне палітычнай рады партыі скліканае на 23 лістапада.

Згодна са статутам «Нур Атан», абранне і вызваленне ад пасады старшыні партыі адносіцца да выключнай кампетэнцыі з’езду партыі.

«Варта разумець, што незалежна ад займаных пасадаў і рэгаліяў Нурсултан Абішэвіч застаецца лідарам нашай нацыі – елбасы, выдатным палітыкам сучаснасці, аўтарытэтнай асобай, прызнанай сусветнай супольнасцю», – паведаміў Айдас Укібай.

Паводле яго, рашэнне Назарбаева – гэта толькі лагічны працяг транзіту ўлады.

Аб’ектыў
Нурсултан Назарбаеў падаў у адстаўку. Але не страціў уладу
2019.03.19 22:19

Нагадаем, што Нурсултан Назарбаеў кіраваў Казахстанам 28 гадоў 10 месяцаў і 23 дні. А ў сакавіку 2019 года носьбіт афіцыйнага тытулу «лідар нацыі» ва ўзросце 78 гадоў пастанавіў сысці з улады. Але не зусім:

«Я застаюся старшынём Рады бяспекі, які законамі надзелены вялікімі паўнамоцтвамі ў вызначэнні ўнутранай і замежнай палітыкі краіны, застаюся кіраўніком партыі «Нур Атан», сябрам Канстытуцыйнай рады».

За тры дзесяцігоддзі Назарбаеў знішчыў у краіне незалежныя СМІ, падпарадкаваў сабе палітычныя партыі ды судовую сістэму, ягоныя сваякі занялі дамінантавыя пазіцыі ў эканоміцы. Назарбаеў і ягоныя людзі жорстка распраўляліся з любымі пратэстамі – як сацыяльнымі, гэтак і палітычнымі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў