Знайшліся «Пагоня» і шыльда «Жыве Беларусь!» з пашкоджанага мемарыялу ў Кіеве


Журналіст радыё «Рацыя» Яўген Валошын правёў журналісцкае расследаванне і высветліў, дзе знаходзяцца шыльда з лозунгам «Жыве Беларусь» і герб «Пагоня», знятыя з мемарыялу на каледжы мастацтваў у Кіеве, усталяваным у гонар беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за Украіну.

Адкрыццё помніку беларусам, якія загінулі за Украіну.
Фота: Белсат

Як вынікае з журналісцкага матэрыялу, элементы мемарыялу знялі самі супрацоўнікі каледжа Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту тэхналогій і дызайну (КНУТД), бо напярэдадні невядомыя вандалы пашкодзілі іх і пакінулі вісець на адным шрубе. Каб гэтыя элементы не ўпалі і не пашкодзіліся, супрацоўнікі каледжу вымушаныя былі забраць іх сабе і захаваць «да лепшых часоў».

Дырэктарка каледжа Любоў Хмялеўская расказала сваю гісторыю аб тым, як ёй паступалі пагрозы па тэлефоне з патрабаваннямі дэмантаваць мемарыял, пагражалі ажно да мінавання будынку.

«У адзін момант з’явіўся манекен украінскага салдата, з мішэнню нібыта стрэл у спіну, а таксама пакет невядомага зместу. Я вымушана была выклікаць паліцыю, групу сапёраў, каб высветліць, бо ў сценах навучальнай установы вучыцца паўтары тысячы студэнтаў і магло быць усё што хочаш. Я павінна была рэагаваць», – расказвае пра пагрозы Любоў Хмялеўская.

Таксама дырэктарка каледжу расказала журналісту, што для таго, каб мемарыял зноў з’явіўся на месцы, неабходна афіцыйны дазвол уладаў. Паколькі каледж адносіцца да Міністэрства адукацыі Украіны, то, верагодна, менавіта ад яго і варта такі дазвол патрабаваць.

Элементы мемарыялу ў гонар беларускіх добраахвотнікаў, якія захоўваюцца ў дырэктаркі кіеўскага каледжа.
Фота: скрыншот з відэа

Як адзначае журналіст, у каледжы добра ведаюць гісторыю беларускіх добраахвотнікаў і з вялікай павагай ставяцца да іх, расказваючы навучэнцам пра іхныя заслугі перад Украінай. Але, на жаль, уся гэтая сітуацыя адбылася з прычыны, што не ўсе ўкраінцы добра ведаюць тое, што адбываецца ў Беларусі, і не раздзяляюць рэжым Лукашэнкі ад дэмакратычна настроеных беларусаў, якія падтрымліваюць Украіну і змагаюцца за яе вольнасць.

Нагадаем, што на пачатку кастрычніка стала вядома, што ў Кіеве псеўдапатрыёты пад выглядам змагання з краінай-агрэсарам дамагліся частковага разбурэння мемарыялу, пастаўленага ў памяць пра беларусаў, якія загінулі ў баях за Украіну. На гэта ў сваім TikTok звярнула ўвагу ўкраінская блогерка Хрыстына Кафка (@hrystynakafka).

9 кастрычніка беларускія актывісты правялі акцыю за аднаўленне мемарыялу, на мерапрыемстве прысутнічалі байцы палка імя Кастуся Каліноўскага, байцы БДК, беларускія і ўкраінскія ветэраны, валанцёры.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў