Так званы рэферэндум з запланаванымі вынікамі. Як прайшоў першы дзень галасавання


Расея ў тэрміновым парадку і практычна без папярэдняга рыхтавання распачала так званыя рэферэндумы на акупаваных тэрыторыях Украіны. Жыхарам прапануецца прагаласаваць за, або супраць далучэння рэгіёнаў да Расейскай федэрацыі. Медыі паведамляюць, што пра працягу першага дня асаблівага ажыятажу на выбарчых участках не было.

Выбаршчыкі самаабвешчанай ДНР на ўчастку для галасавання.
Фота: РИА Новости

Так званыя рэферэндумы аб далучэнні да Расеі адбываюцца з 23 да 27 верасня ў самаабвешчаных «ЛНР», «ДНР», а таксама на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай вобласцяў. Жыхарам рэгіёнаў прапануецца прагаласаваць аб далучэнні да Расеі, або супраць гэтага.

Аналітыка
Баі пад Ліманам і пагроза акружэння. Што вядома пра працяг наступлення ЗСУ
2022.09.23 20:25

У «ДНР» людзей заклікаюць на выбарчыя ўчасткі пры дапамозе гукаўзмацняльнай апаратуры. Прадстаўнікі выбарчых камісіяў ходзяць па дварах і ўключаюць запісы з запрашэннем прагаласаваць.

У Херсоне, як піша УНІАН, на ўчастках людзей зусім не шмат.  Гэта пры тым, што раней у горадзе было каля 300 тысячаў насельніцтва. Праз тое, што людзі не праяўляюць актыўнасці, расейцы са зброяй ходзяць па дамах жыхароў і прымушаюць галасаваць. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што нязгодным пагражаюць.

У Крамлі заяўляюць, што пасля падвядзення вынікаў на «рэферэндумах» на захопленых украінскіх тэрыторыях, кіраўнік краіны і парламент падпішуць неабходныя дакументы. Пасля гэтага, як заявіў Дзмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар Пуціна, спробы Украіны вярнуць акупаваныя тэрыторыі будуць разглядацца як атакі на Расею.

Выданне meduza.io са спасылкай на свае крыніцы ў Крамлі паведамляе, што расейскія ўлады маюць намер «забяспечыць» наступныя вынікі «рэферэндумаў»: у «ДНР» і «ЛНР» – прыкладна 90 % за «далучэнне да РФ» пры яўцы каля 90%, на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай абласцей – прыкладна 90 % за «далучэнне» пры яўцы каля 80 %.

Таксама праўладны расейскі Цэнтр вывучэння грамадскага меркавання 23 верасня агучыў вынікі апытання, паводле якіх у «ДНР» і «ЛНР» у «рэферэндуме» маю намер прыняць удзел 87 % рэспандэнтаў, пры гэтым за «далучэнне да РФ» выказаліся 97 % з іх. У Херсонскай вобласці гатовыя да галасавання 69 %, 89 % з іх падтрымаюць «далучэнне да Расеі». У Запарожскай вобласці ў «рэферэндуме» мае намер прыняць удзел нібыта 80 %, а падтрымаць рашэнне Крамля – ​​87 %.

Тым не менш жыхары захопленых тэрыторыяў не спяшаюцца галасаваць. Наадварот, жыхары мястэчка Снігіроўка, што ў Мікалаеўскай вобласці выйшлі на мітынг супраць «рэферэндуму». Людзі выказаліся супраць Расеі, заявілі, што лічаць сваю тэрыторыю Украінай.

«Мы – жыхары Снігіроўкі сёння сабраліся на акцыю пратэсту з нагоды незаконнага правядзення рэферэндуму ў горадзе Снігіроўка і бліжэйшых сёлах. Снігіраўскі край заўсёды быў Украінай. Быў і будзе Украінай. У Расейскую федэрацыю мы ніколі не хацелі і не будзем хацець. Заклікаем жыхароў Снігіроўскіх паселішчаў, не ісці на рэферэндум і не ўдзельнічаць у незаконным правядзенні рэферэндуму. Слава Украіне!» – сказала адна з удзельніц пратэсту.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што Кіеў не зменіць сваёй пазіцыі і працягне бараніцца, а акупаваныя тэрыторыі будуць вызваленыя.

Аналітыка
У «ДНР», «ЛНР» і акупаваных украінскіх рэгіёнах праходзяць рэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Што пра іх вядома?
2022.09.23 11:32

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў