news
Аналітыка
Вялікая вайна Шрэдынгера ў Афрыцы. Хто за каго будзе ў Нігеры, і якімі будуць наступствы
Ці варта чакаць вялікай вайны ў Афрыцы пасля перавароту ў Нігеры?
23.08.202318:07

Краіны Заходняй Афрыкі працягваюць заяўляць пра магчымасць вайсковага ўмяшання ў Нігер, дзе нядаўна адбыўся дзяржаўны пераварот і клікалі на дапамогу ПВК Вагнэра. А кіраўнік расейскіх наймітаў ужо з’явіўся ў Афрыцы. Ці азначае гэта, што новая вялікая вайна ўжо блізка? І якія могуць быць яе наступствы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыхільнікі прэзідэнта Мухамэда Базума сабраліся на дэманстрацыю каля нацыянальнай асамблеі ў Ньямэ. У Нігеры адбыўся вайсковы пераварот: прэзідэнцкая гвардыя Ньямэ на чале з генералам Умарам Тшыяні зняла з пасады і затрымала прэзідэнта краіны Мухамэда Базума. Вайсковая хунта адмяніла дзеянне Канстытуцыі і ўвяла каменданцкую гадзіну ў краіне. Ньямэ, Нігер.
Фота: AFP / East News

Рэгіён, дзе месціцца Нігер, атрымаў неафіцыйную назву «поясу пераваротаў». У 2020 годзе вайсковыя хунты захапілі ўладу ў Гвінеі, Малі і Буркіна-Фасо, дзе да ўлады прыйшлі прарасейскія сілы. Нігер жа быў галоўным хаўруснікам Захаду ў рэгіёне. Менавіта тут для правядзення антыісламісцкіх аперацыяў базаваліся войскі Францыі, выгнаныя прарасейскімі рэжымамі з Малі і Буркіна-Фасо. Краіна таксама актыўна дапамагала Еўразвязу змагацца з нелегальнаю міграцыяй і падтрымлівала Украіну ў ААН.

Аднак увечары 26 ліпеня вайскоўцы Нігеру заявілі, што прэзідэнт краіны Мухамэд Базум зняты з пасады, якую ён займаў з 2021 года. Пры гэтым у прыхільнікаў перавароту на вуліцах пачалі з’яўляцца сцягі Расеі. Выкрыкваючы прарасейскія і антыфранцузскія лозунгі, яны нават напалі на амбасаду Францыі. Кіраўнік расейскай ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын назваў падзеі ў Нігеры барацьбою з «каланізатарамі» і «здабыццём незалежнасці». Раней ён гэтак жа казаў пра пераварот у Буркіна-Фасо.

Агляд
«Кашмар для Захаду». Што значыць вайсковы пераварот у Нігеры і што ад таго беларусам
2023.07.27 17:49

Як заявіў нямецкі аналітык Ульф Лесінг, «Базум быў адзінай надзеяй Захаду ў Сахэльскім рэгіёне». На ягоную думку, пераварот стаўся «кашмарным сцэнаром для заходніх дзяржаваў», бо можа дазволіць Расеі ды іншым актарам распаўсюдзіць свой уплыў у Нігеры.

Хто рыхтуе інтэрвенцыю?

Пераварот у Нігеры асудзілі ўлады Еўразвязу, ЗША, ААН. Але не толькі. Негатыўна яго ўспрынялі і суседзі з Афрыкі. Гэтак, Афрыканскі звяз запатрабаваў «ад вайскоўцаў неадкладна і безумоўна вярнуцца ў свае казармы і аднавіць канстытуцыйную ўладу».

Але найбольш рашуча супраць хунты ў Нігеры выступае Эканамічная супольнасць дзяржаваў Заходняй Афрыкі (ECOWAS), куды ўваходзяць Бэнін, Гамбія, Гана, Гвінея-Бісаў, Кот-д’Івуар, Кабу-Вэрдэ, Ліберыя, Нігерыя, Сенегал, Сьера-Леонэ і Тога. Сяброўства Нігеру, Малі, Буркіна-Фасо і Гвінеі ў арганізацыі прыпынілі пасля пераваротаў у іх. ECOWAS ужо ўвёў вельмі моцныя санкцыі супраць Нігеру і запатрабаваў аднавіць на сваёй пасадзе прэзідэнта. Альянс папярэдзіў, што ў адваротным выпадку гатовы ўжыць сілу.

Кіраўнікі абаронных ведамстваў краінаў ECOWAS нават распрацавалі план ваенных дзеянняў для аднаўлення на пасадзе прэзідэнта Базума, і ўзгаднілі «дзень Д» для магчымага вайсковага ўмяшання.

«Калі справа дойдзе да бойкі, мы скіруемся ў Нігер з нашымі ўласнымі кантынгентамі, абсталяваннем і рэсурсамі, каб упэўніцца, што мы аднавілі канстытуцыйны лад. Калі іншыя дэмакратычныя партнёры захочуць падтрымаць нас, мы будзем радыя», – заявіў 17 жніўня камісар арганізацыі ў пытаннях палітыку, міру і бяспекі Абдэль-Фатаў Мусах.

20 жніўня ў Нігер прыбыла апошняя на гэты момант перамоўная дэлегацыя ECOWAS, але вайсковая хунта пакуль толькі паабяцала, што пераходны перыяд да дэмакратыі не працягнецца больш як тры гады. Напярэдадні візіту новы кіраўнік Нігеру генерал Умар Тшыяні папярэдзіў, што вайсковы напад на Нігер не будзе «прагулкай у парку, як думаюць некаторыя». Тым не менш, ECOWAS настойвае, што «трохгадовы транзіт непрымальны», а канстытуцыйны парадак у Нігеры мусіць быць адноўлены як найхутчэй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таблічка начальніка штабу абароны Нігеру бачная на сустрэчы дэлегацыі ECOWAS, прысвечанай разгортванню рэзервовых сілаў у Рэспубліцы Нігер. Акра, Гана. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Francis Kokoroko / Reuters / Forum

Застаецца пад пытаннем і роля Францыі ў магчымым будучым канфлікце. Парыж вельмі зацікаўлены ва ўране з Нігеру, што вельмі важны для працы французскіх АЭС. Больш за тое, французам належыць каля 63,4% акцыяў кампаніі SOMAIR, што займаецца здабычай урану. У тым ліку яе бесперабойную працу забяспечваюць каля 1500 французскіх вайскоўцаў, размешчаных у Нігеры для супрацьстаяння ісламістам. Апроч таго, для змагання з джыхадыстамі ў Нігеры знаходзяцца каля 1100 амерыканскіх вайскоўцаў, а таксама вайскоўцы з Нямеччыны і Італіі. Новыя ўлады Нігеру ўжо запатрабавалі, каб французскія войскі пакінулі краіну. Таксама яны забаранілі экспарт золата і ўрану ў Францыю. Парыж гэтыя патрабаванні адпрэчыў.

Таксама не варта забываць пра ўнутраны супраціў вайсковай хунты. Сярод іх, напрыклад, былы міністр замежных справаў Асумі Масаўду, які абвясціў сябе часовым кіраўніком краіны, і былы лідар туарэгскіх паўстанняў Рыса Аг Була, які адкрыта падтрымаў магчымую інтэрвенцыю ECOWAS.

Хаўрус дыктатараў

Аднак і вайсковая хунта ў Нігеры не застаецца без хаўруснікаў. Яшчэ 31 ліпеня прарасейскія рэжымы ў Малі і Буркіна-Фасо заявілі, што «любое вайсковае ўмяшанне супраць Нігеру было б раўназначнае абвяшчэнню вайны» іхным краінам.

Таксама вайсковая хунта Нігеру звярнулася па дапамогу да ПВК Вагнэра. Нават заяўлялася, што некаторыя з вагнэраўцаў ужо вылецелі туды з Беларусі. Праўда, пацвярджэнняў гэтай інфармацыі не паступала. А ўвечары 21 жніўня тэлеграм-каналы, звязаныя з ПВК Вагнэра, апублікавалі відэазварот Прыгожына, у якім ён на тле пейзажу, што падобны да афрыканскага, кажа, што «робіць Расею яшчэ больш вялікай на ўсіх кантынентах, а Афрыку яшчэ больш свабоднай». Як далёка ад Нігеру здымалася гэтае відэа, невядома.

Пратэстоўцы вітаюць нігерскія войскі, якія збіраюцца перад амбасадай Францыі ў Ньямэ падчас дэманстрацыі, якая адбылася пасля мітынгу ў падтрымку нігерскай хунты. Ньямэ, Нігер. 30 ліпеня 2023 года.
Фота: AFP / East News

Самае галоўнае, што пераварот актыўна падтрымліваюць жыхары краіны, прынамсі іх частка. Больш за тое, у сталіцы Нігеру Ньямэ з’явіліся шматтысячныя чэргі з добраахвотнікаў, гатовых супрацьстаяць умяшанню ECOWAS і незадаволеных французскімі ўплывамі і палітыкай зрынутага прэзідэнта.

Вайна ўжо блізка?

Ужо неаднаразова паведамлялася пра збройныя інцыдэнты, якія патэнцыйна могуць стаць спускавым кручком новага канфлікту. Гэтак, 9 жніўня ўлады Нігеру заявілі, што Францыя атакавала пазіцыі нігерскіх нацгвардзейцаў, гвалтам вызваліла з турмы 16 «экстрэмістаў», а ў закрытай паветранай прасторы Нігеру некалькі гадзін лятаў французскі вайсковы самалёт. Медыі 22 жніўня таксама паведамілі, што Алжыр нібыта адмовіў Францыі ў пралёце над сваёй паветранай прасторай дзеля вайсковай аперацыі ў Нігеры. А 16 жніўня ўжо ў ECOWAS казалі пра гібель нігерыйскіх вайскоўцаў ад рук збройных асобаў з Нігеру.

ECOWAS раней ужо ўчыняў міратворчыя аперацыі на тэрыторыі краінаў-чальцоў: у 2003 годзе – у Кот-д’Івуары ды Ліберыі, у 2012-м – у Гвінеі-Бісаў, у 2013-м – у Малі, у 2017-м – у Гамбіі. Але пакуль ні дата, ні колькасць войскаў, ні іншыя дэталі новай аперацыі не паведамляюцца. А ранейшыя тэрміны, пастаўленыя хунце Нігеру, ужо даўно мінулі.

Кэмэран Гадсан (Cameron Hudson) з Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследаванняў кажа, што насельніцтва і войскі Нігеру найбуйнейшыя сярод усіх краінаў, куды раней умешваўся ECOWAS:

«Я хачу верыць, што гэта блеф, бо, калі гэта не блеф, і яны паспрабуюць ажыццявіць гэта [ўмяшанне. — рэд. belsat.eu], не існуе спосабу, каб гэта адбылося без масавых ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва і без страху перад распаўсюдам рэгіянальнага канфлікту».

Авігўэ Эгуэгу (Ovigwe Eguegu) з «Observer Research Foundation» адзначае непадрыхтаванасць краінаў ECOWAS да вялікай вайны, асабліва супраць некалькіх праціўнікаў. Правакаванне ж канфлікту, на яго думку, «раўназначнае самазнішчэнню» краінаў Сахэлю. Пры гэтым ён бачыць прыкметы таго, што афрыканскія краіны ўсё больш уключаюцца ў геапалітычны падзел свету, абіраючы для сябе бок адной з вялікіх дзяржаваў.

Амерыканскі вайсковы аналітык Біл Розьё (Bill Rosio) мяркуе, што пераварот у Нігеры паставіў заходнія краіны ў вельмі цяжкую сітуацыю: або «запэцкаць рукі», або пацярпець «замежную піяр-катастрофу» і пакінуць Нігер. Пры гэтым, на яго думку, прызнанне Вашынгтонам вайсковага ўраду ў Нігеры больш верагоднае, тады як вайсковая перамога над хунтай – «50 на 50».

«Нават у лепшым выпадку, калі ECOWAS умяшаецца, калі яны ўвойдуць у краіну, яны сутыкнуцца з амаль невырашальнай палітычнай праблемай: яны падтрымліваюць прэзідэнта, які не будзе мець унутранай легітымнасці і будзе вымушаны правесці чыстку ўласных сілаў бяспекі», — заяўляе Натэньел Кінзі Паўэл (Nathaniel Kinsey Powell) з «Oxford Analytica».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэлегаты Эканамічнай супольнасці дзяржаваў Заходняй Афрыкі (ECOWAS) падчас надзвычайнага пасяджэння ў Акры, Гана. 17 жніўня 2023 года. 
Фота: Gerard Nartey / AFP / East News

Брытанскі палітолаг Алаінка Аджала (Olayinka Ajala) таксама лічыць вайсковае ўмяшанне малаверагодным. Ён падкрэслівае, што ў ECOWAS баяцца таго, што «поўнамаштабная вайна павялічыць крохкасць рэгіёну». Напрыклад, супраць інтэрвенцыі выступаюць суседнія Алжыр і Чад. Антываенныя пратэсты ахапілі таксама Поўнач Нігерыі, якая старшынюе ў ECOWAS.

Беларускі палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман мяркуе, што сітуацыя будзе развівацца «паводле вялацякучага сцэнара». Прычыны таго, што ECOWAS пакуль не пераходзіць «ад словаў да справы» ён бачыць у тым ліку ў рознагалоссях паміж ЗША і Францыяй: калі Вашынгтон хоча дамовіцца з путчыстамі, то Парыж гатовы падтрымаць інтэрвенцыю. На думку Фрыдмана, ёсць тры варыянты развіцця падзеяў:

  • можа перамагчы пазіцыя ЗША, і тады путчысты захаваюць уладу, але не будуць арыентавацца на РФ;
  • уварванне можа ўсё ж адбыцца, і ў выніку хуткіх дзеянняў паразу, прынамсі дыпламатычную, панясуць у тым ліку прарасейскія хунты ў Буркіна-Фасо і Малі;
  • уварванне можа справакаваць «доўгую крывавую вайну» ў Афрыцы з удзелам Расеі або вагнэраўцаў.

А што калі вайны не будзе?

Брытанскі журналіст Майкл Дэй (Michael Day) піша са спасылкай на дакументы выведкі, што Прыгожын плануе стварэнне «адзінай канфедэрацыі афрыканскіх дзяржаваў» на ўсёй тэрыторыі Паўночнай Афрыкі, якая б уключыла Буркіна-Фасо, Чад, Эрытрэю, Гвінею, Малі, Нігер і Судан. З гэтага спісу непадкантрольныя вагнэраўцам пакуль толькі Нігер і Чад. І іх падзенне будзе спрыяць далейшай экспансіі расейскіх наймітаў.

«Расея можа, аднак, дасягнуць сваіх мэтаў, калі Парыж (як гэта ўжо было ў Малі і Буркіна-Фасо) праявіць нерашучасць і кіне Нігер на волю лёсу», – мяркуе Фрыдман.

У сваю чаргу «кансалідацыя ўлады нігерскай хунты будзе азначаць далейшы распаўсюд адкату дэмакратыі ў Сахэлі», прагназуюць аналітыкі ACLED.

«Калі гэта адбудзецца, усе цэнтральныя дзяржавы Сахэлю будуць фактычна кіравацца вайсковымі хунтамі, што на гэты момант будзе азначаць канец дэмакратыі ў субрэгіёне. Нігер, верагодна, сутыкнецца з тымі ж наступствамі, якія ўжо назіраліся ў суседніх Малі і Буркіна-Фасо, дзе прыход да ўлады вайсковых урадаў прывёў да эрозіі грамадзянскіх свабодаў і асноўных правоў, у тым ліку свабоду прэсы і выказвання меркаванняў», – дадаюць яны.

Якімі будуць наступствы?

Паводле палітолага Алаінкі Аджалы, вялікая вайна адцягне сілы ад змагання з самымі рознымі ісламісцкімі групоўкамі, што актыўна дзейнічаюць у рэгіёне. У выніку тэрарысты «змогуць скарыстацца паслабленнем межаў у выніку канфлікту», а таксама тым, што іхныя ворагі цяпер ваююць супраць адзін аднаго. Да таго ж, паводле яго, поўнамаштабны ваенны канфлікт дазволіць Маскве ўмяшацца і патэнцыйна дапаможа «атрымаць яшчэ аднаго хаўрусніка».

Пры гэтым вайна ў Нігеры можа справакаваць маштабны міграцыйны крызіс, які спачатку ўдарыць па суседніх краінах, а затым – па Еўропе. У краіне ўжо 4,3 мільёны асобаў маюць недахоп ежы, лекаў і іншых базавых тавараў. А вайна і санкцыі сітуацыю толькі пагоршаць, заяўляюць у ААН.

«З кожным днём, калі не будзе дасягнутае пагадненне, сітуацыя рызыкуе пагоршыцца. Калі ў Нігеры пачнецца вайна, гэта будзе катастрофа», – прагназуе міграцыйны крызіс міністр замежных справаў Італіі Антоньё Таяні.

Эгуэгу, які лічыць вайсковую інтэрвенцыю «найгоршым з таго, што можа адбыцца», прапануе надаваць больш увагі дыпламатычнаму ўрэгуляванню з адначасовым санкцыйным ціскам. На думку ж брытанца Аджалы, найлепшы варыянт заключаецца ў тым, каб дамовіцца пра найкарацейшы транзітны перыяд для аднаўлення дэмакратыі ў Нігеры.

Аналітыка
Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі
2023.07.21 10:00

Макар Мыш belsat.eu