Telegram-канал «Grey Zone», набліжаны да ПВК Вагнэра, пацвердзіў гібель Яўгенія Прыгожына «у выніку дзеянняў здраднікаў Расеі». «Нават у пекле ён будзе найлепшым», – гаворыцца ў допісе. Смерць кіраўніка ПВК пацвердзіла і Федэральнае агенцтва паветранага транспарту.
Агулам на борце было 10 асобаў, усе яны загінулі. Расейскія ўлады апублікавалі спіс: камандзір экіпажа Аляксей Леўшын; другі пілот Рустам Карымаў; бортправадніца Хрысціна Распопава. Пасажыры: Сяргей Прапусцін; Яўгеній Макар’ян; Аляксандр Тотмін; Валерый Чэкалаў; Дзмітрый Уткін; Мікалай Матусееў; Яўгеній Прыгожын.
Набліжаны да ПВК Вагнэра Telegram-канал «Grey Zone» пацвердзіў гібель Яўгенія Прыгожына:
«Герой Расеі, сапраўдны патрыёт свай радзімы – Яўгеній Віктаравіч Прыгожын – загінуў у выніку дзеянняў здраднікаў Расеі. Але нават у пекле ён будзе найлепшым!»
Telegram-канал «ВЧК-ОГПУ» піша, што на месцы здарэння знойдзеныя і апазнаныя целы Прыгожына, а таксама ягонага бліжэйшага паплечніка Дзмітрыя Уткіна.
Што сталася прычынаю крушэння, пакуль невядома. Як кажа крыніца выдання РБК, следства разглядае розныя версіі, у тым ліку памылка пілатавання, тэхнічныя і вонкавае ўздзеянне. Шэраг Telegram-каналаў таксама напісаў пра версію тэракта. «ВЧК-ОГПУ» адзначае: нібыта з’явіліся сцверджанні, што ў апошні момант перад вылетам на борт загрузілі «падарунак» – скрыню з дарагім віном, і там магла быць выбухоўка. Да загрузкі самалёт уважліва дагледзелі, у тым ліку з сабакамі.
Канал «Grey Zone» раней сцвярджаў, што самалёт быў збіты ракетаю СПА.
Бізнес-джэт Embraer разбіўся ў Цвярской вобласці, калі ляцеў з Пецярбургу ў Маскву. Следчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу паводле артыкула аб парушэнні правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту.
Сяргей Крот belsat.eu