Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) правяла 23 ліпеня брыфінг на тэму воспы малпаў. Хваробе надалі статус глабальнай надзвычайнай сітуацыі – найгоршы статус, што можа даць WHO.
Генеральны дырэктар WHO Тэдрас Адханам Гебрэесус (Tedros Adhanom Ghebreyesus) растлумачыў, што выбух воспы малпаў нясе высокія рызыкі ў Еўропе (вірус ужо дабраўся да Латвіі, Польшчы, Расеі), а ў астатніх рэгіёнах рызыкі пакуль сярэднія.
Пад найбольшай пагрозай – мужчыны, якія займаюцца сексам з мужчынамі, асабліва калі партнёраў шмат. Але заразіцца могуць і іншыя людзі: перадача ад чалавека чалавеку адбываецца пераважна паветрана-кропельным шляхам у выніку працяглага цеснага кантакту з інфікаванымі.
Статус глабальнай надзвычайнай сітуацыі, спадзяецца ён, паскорыць распрацоўванне вакцынаў і распаўсюд захадаў для абмежавання вірусу. Месяц таму, згадаў гендырэктар WHO, Камітэт надзвычайных здарэнняў вырашыў не даваць эпідэміі такога статусу. Тады паведамлялася пра 3040 выпадкаў воспы малпаў у 47 краінах. Цяпер жа вядома пра 16 000 выпадкаў у 75 краінах, а таксама пра пяць смерцяў ад хваробы. На гэты раз адпаведны камітэт таксама не дасягнуў кансэнсусу, але глабальную надзвычайную сітуацыю абвясціў сам гендырэктар WHO, раскрытыкаваўшы міжнародныя рэгуляцыі.
У сувязі з гэтым ён даў некалькі рэкамендацыяў: асобна для краінаў, у якіх не рэгістравалі выпадкаў воспы малпаў за апошнія тры тыдні, асобна для тых, дзе былі «прывазныя» выпадкі воспы малпаў і перадача ад чалавека чалавеку, асобна – краінам, дзе вірус перадаецца ад жывёлы чалавеку, і асобна – краінам, якія маюць магчымасць вырабляць вакцыны і лекі.
Алесь Наваборскі belsat.eu