Створаная Віктарам Бабарыкам галерэя «Арт-Беларусь» аднаўляе працу


Галерэя «Арт-Беларусь» зноў прэзентуе творы з карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк». Нагадаем, калекцыя была арыштаваная год таму ў межах крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі.

Галерэя працуе па адрасе: г. Менск, вуліца Казлова, 3. Там можна пабачыць творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кніжнага друку – усяго больш за 50 арт-абʼектаў. Новая экспазіцыя прысвечаная гісторыі беларускай культуры перыяду XVI–XX стст. У галерэі прадстаўленыя карціны Марка Шагала, Хаіма Суціна (у тым ліку «Ева»), Восіпа Цадкіна ды іншых сусветна вядомых мастакоў.

У Менску адкрылася выстава з карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка». На фота – «Ева» Хаіма Суціна. Менск, Беларусь. 23 чэрвеня 2021 года.
Фота: АД / Белсат

Паводле інфармацыі «Белсату», на выставе няма 10 карцінаў. Гэта творы, якімі валодае Віктар Бабарыка, і яны дагэтуль застаюцца пад арыштам. Дакладна няма адной карціны, «Аўтапартрэта» Марка Шагала.

У чэрвені 2020 года да крымінальнай справы «Белгазпрамбанку» далучылі больш за сто карцінаў з ягонай карпаратыўнай калекцыі банку. Сярод іх быў і самы дарагі з набытых у незалежнай Беларусі твораў – «Ева» Хаіма Суціна (прадстаўнікі банку купілі яе ў 2013 г. на аўкцыёне «Sothebys»). Дзяржаўная прапаганда тады сцвярджала, што дзясяткі карцінаў коштам $ 20 мільёнаў нібыта «рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны», хоць насамрэч гэтыя карціны якраз дзякуючы «Белгазпрамбанку» і з’явіліся ў Беларусі.

Калекцыя на сённяшні дзень налічвае 150 твораў сусветна вядомых беларускіх мастакоў, а таксама скульптуры, старадрукі. Самыя раннія артэфакты датуюць XVI стагоддзем. Калекцыя пачала фармавацца ў 2011–2012 гадах. Тады банк набыў шэраг працаў мастакоў Парыжскай школы – выхадцаў з Беларусі. Пазней калекцыя была прызнаная найбуйнейшым зборам твораў экспрэсіяністаў Парыжскай школы не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

Hавiны
«Гэта подзвіг Бабарыкі». Як стваралася калекцыя «Белгазпрамбанку» і чаму нам трэба яе ўратаваць
2020.06.22 09:00

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў