Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў Захад у тым, што яны вядуць гібрыдную вайну супраць Беларусі і заявіў, што больш не мае намеру «бараніць» Еўропу ад нелегальнай міграцыі і кантрабанды.
Выступаючы 22 чэрвеня ў Берасці, Лукашэнка заявіў, што Еўропа цяпер чакае ад Беларусі дапамогі ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй.
«Сёння яны завылі: ах, беларусы іх не абараняюць. Яны патрабуюць ад нас абараніць іх ад кантрабанды, ад наркотыкаў. Аж з-за Атлантыкі чутны сігнал: дапамажыце, як гэта было раней, затрымайце ядравыя матэрыялы, каб яны не патрапілі ў Еўропу. Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі наогул? Вы супраць нас развязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней? Вы нас інфармацыйна душыце, метадычна і калектыўна, бурыце, спрабуеце забіць нашу эканоміку і чакаеце, што мы будзем марнаваць сотні мільёнаў долараў, як і раней, на абарону вашых геапалітычных інтарэсаў? Толькі варʼяты могуць так думаць і разлічваць на нашу падтрымку», – падкрэсліў ён.
ІІ belsat.eu