У Кіеве пачалі продаж новай маркі «Расейскі ваенны карабель, ідзі *****». Чэргі заблакавалі працу «Укрпошты»


Ва Украіне сёння распачаўся продаж новай маркі з серыі «Расейскі ваенны карабель, ідзі *****». Другая марка выклікала аграмадны ажыятаж. Чэргі ахвотных здабыць гістарычную марку фактычна заблакавалі працу ўстановы. Дзень старту продажаў быў прымеркаваны да 40-а дзён з моманту затаплення крэйсера «Масква».

Маркі «Расейскі ваенны карабель… УСЁ!». Кіеў, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Аркуш з маркамі ўтрымлівае тры паштовых маркі і тры купоны. На купонах выяўлена выява першай паштовай маркі «Расейскі ваенны карабель, ідзі…», якая дазваляе ў дынаміцы прасачыць гісторыю расейскага крэйсера «Масква» і яго сумнавядомы фінал.

Апроч таго, на марках, акрамя назвы выпуску, у жалобнай рамцы зафіксавана дата 14.04.2022 – «чорны дзень у гісторыі расейскага флоту».

Чарга за маркай у галоўнае аддзяленне «Укрпошты» на Майдане ў Кіеве, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Старт продажаў быў прызначаны на 14-ую гадзіну паводле Кіеўскага часу. Але задоўга меркаванага пачатку людзі выстраіліся ў вялізарныя чэргі і фактычна заблакавалі дзейнасць «Укрпошты».

Урачыстае спецпагашэнне паштовых марак «Расейскі ваенны карабель… УСЁ!» у Кіеве адбылося з удзелам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, камандуючага ВМС ЗС Украіны контр-адмірала Аляксея Неежпапы і генеральнага дырэктара «Укрпошты» Ігара Смялянскага.

«Такія рэчы, як гэтая марка, – гэта перш за ўсё сімвалы, якія дапамагаюць нам верыць у нашу перамогу. Што мы абавязкова пераможам у гэтай вайне, а акупант пойдзе на дно. Цікавасць людзей да гэтых марак таму пацвярджэнне. Перакананы, што такіх сімвалаў перамогі ў нас будзе яшчэ шмат», – перадае словы Зяленскага сайт «Укрпошты»

Агульны наклад паштовых марак «Рускі ваенны карабель… УСЁ!» – 5 млн асобнікаў. У дадатак, да паштовых марак выпушчаны канверт «Першы дзень», немаркіраваны мастацкі канверт і паштовая картка. Аўтар малюнка марак, канвертаў і карты – Барыс Грох.

Генеральны дырэктар «Укрпошты» Ігар Смялянскі. Кіеў, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Кошт аркуша – 69 грн і $ 4, 5 адпаведна.

Пагашэнне маркі «Расейскі ваенны карабель, ідзі *****» спецыяльным штэмпелем. Кіеў, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Белсат
Чарга за маркай у галоўнае аддзяленне «Укрпошты» на Майдане ў Кіеве, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Белсат
Людзі купляюць марку «Расейскі ваенны карабель, ідзі *****». Кіеў, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Белсат
Маркі «Расейскі ваенны карабель… УСЁ!». Кіеў, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў