Лідарку дэмакратычнай Беларусі Святлану Ціханоўскую, палітзняволеную Марыю Калеснікаву і Вераніку Цапкалу ўганаруюць прэміяй Карла Вялікага. Прэмія прысуджаецца за мужнасць, выяўленую ў барацьбе супраць рэпрэсіўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе сайт прэміі.
Цырымонія ўзнагароджвання адбудзецца 25 траўня ў нямецкім горадзе Аахен, у каранацыйнай зале гарадской ратушы. Марыю Калеснікаву на ўзнагароджванні будзе прадстаўляць ейная сястра Таццяна Хоміч. З урачыстай прамовай выступіць міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі мае выступіць Лявон Вольскі.
Нагадаем, што міжнародная прэмія імя Карла Вялікага ўручаецца з 1950 года за ўнёсак у аб’яднанне Еўропы. Прысуджае яе нямецкі горад Аахен. У розныя гады прэмію атрымлівалі такія вядомыя дзеячы, як Ангела Мэркель, Эманюэль Макрон, Даля Грыбаўскайце ды інш.
Сёння Святлана Ціханоўская, Таццяна Хоміч і Вераніка Цапкала бяруць удзел у «Форуме Свабоды» ў горадзе Осла, Нарвегія. Нагадаем, што менавіта парламентары з Нарвегіі намінавалі сёлета Ціханоўскую на Нобэлеўскую прэмію міру.
Раман Лугоўскі belsat.eu