«За кратамі не дазваляюць пісаць, знішчаюць рукапісы». Таццяна Нядбай – пра лёс беларускай кнігі


23 красавіка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень кнігі. З гэтай нагоды «Белсат» пагутарыў з беларускай паэткай, перакладчыцай, прэзідэнткай беларускага ПЭНу Таццянай Нядбай. Запыталіся, як рэпрэсіі, якія працягваюцца ў нашай краіне з 2020 года, адбіліся на беларускай літаратуры і пісьменніках і ці ёсць нагоды для аптымізму.

Старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай трымае кнігу «Алесь Бяляцкі», у якой сабраны ўспаміны Бяляцкага, публікацыі ў перыёдыцы, выступы на канферэнцыях і ў судах, лісты на свабоду ды інтэрв’ю. Варшава, Польшча. 18 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Ёсць уражанне, што ў Беларусі не засталося нічога жывога, але гэта не так»

– Спадарыня Таццяна, 23 красавіка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень кнігі. Давайце пагаворым пра беларускую кнігу: што з ёй адбываецца, якія асноўныя падзеі – як пазітыўныя, так і не вельмі, вы маглі б вылучыць?

– Найбольш беларуская кніга ў апошнія гады зазнала рэпрэсіяў – гэта і прызнанне твораў і кніг экстрэмісцкімі (нават твораў ХІХ стагоддзя, якія былі ў школьнай праграме), ліквідацыя незалежных выдавецтваў і выцясненне беларускай літаратуры і нелаяльных літаратараў з публічнай прасторы ў Беларусі.

З невідавочнага пакуль схаванага негатыўнага чынніка – немагчымасць пісаць у зняволенні: калі раней у палітычных зняволеных захоўвалася магчымасць пісаць у СІЗА ці калоніях і перадаваць рукапісы на волю, то цяпер, як правіла, зняволеныя не маюць такіх магчымасцяў. Больш за тое, з паведамленняў з-за кратаў вядома, што калі штосьці напісаць удаецца, то рукапісы адбіраюцца і знішчаюцца.

Таццяна Нядбай (справа) уручае кветкі пераможцы прэміі Гедройця Ганне Кандрацюк (1 месца) з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Гданьск, Польшча. 25 лістапада 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

З іншага боку, у апошнія гады здараліся і пазітыўныя моманты: пасля пратэстаў 2020 года і дваравых актыўнасцяў, якія ўключалі ў сябе і сустрэчы з беларускімі літаратарамі і музыкамі, шмат хто адкрыў для сябе беларускую літаратуру, то бок, у яе з’явіліся новыя чытачы.

Некаторыя рэпрэсаваныя выдавецтвы аднавілі дзейнасць за мяжою, з’явіліся і новыя замежныя ініцыятывы. 2020 год узняў цікавасць да беларускай літаратуры з боку замежных выдавецтваў і на хвалі гэтай цікавасці перакладаліся і выдаваліся творы беларускіх пісьменнікаў.

Цяпер склаўся відавочны перакос – найбольшая публічнасць сёння ўласцівая літаратарам і літаратурным ініцыятывам, якія існуюць за межамі Беларусі, што можа ствараць хібнае ўражанне, што ў Беларусі нічога жывога не засталося, але гэта не так.

Hавiны
У Беларусі закрылі выдавецтвы «Вышэйшая школа» і «Народная асвета»
2024.04.17 11:20

Кнігі можна дастаўляць па ўсёй Еўропе, але не ў Беларусь

– Вы ўзгадалі аднаўленне дзейнасці беларускіх выдавецтваў за мяжою. Як шмат з іх здолелі гэта зрабіць? І наколькі проста ім працаваць у чужых краінах, але выдаваць кнігі для беларусаў?

– Найбольш яркія прыклады – выдавецтвы «Гутэнберг» і «Янушкевіч». Працягнула дзейнасць таксама выдавецтва праваабарончага цэнтру «Вясна». Больш актыўнымі сталі выдавецтвы «Камунікат» (Беласток), «Вясна» (Vesna) у Празе. З’явіліся новыя выдавецкія ініцыятывы – Скарына (у Лондане), Hochroth Minsk (у Берліне). Мне і самой давялося ўзнавіць выдавецкую ініцыятыву «Полацкія лабірынты», каб выдаць кнігі за тых людзей, якія не могуць выдаць іх, знаходзячыся ў зняволенні.

Ёсць рэчы, пра якія я не магу сказаць у інтэрв’ю, але праца па выданні кніг працягваецца. Частка выдавецкай дзейнасці сёння – прамоцыя кніг і кнігавыданне –  ў Беларусі існуюць ва ўмовах самацэнзуры і адмовы ад шырокай рэкламы.

Старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай. Варшава, Польшча. 18 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

– Ці ёсць сэнс цяпер выдаваць кнігі на паперы? Можа, нам патрэбныя не столькі «папяровыя» выдавецтвы ў выгнанні, колькі наладжаная сістэма лічбавай дыстрыбуцыі добра аздобленых і вычытаных беларускіх электронных кніг з ганарарамі аўтарам?

– Безумоўна, сэнс ёсць. Пытанне павінна было б гучаць: ці варта выдаваць электронныя кнігі (бо яны пакуль прадаюцца вельмі слаба), але я лічу, што ёсць сэнс рабіць і іх. Сёння ў Еўропе развітыя сістэмы дастаўкі і кнігі лёгка высылаць у розныя краіны. Акрамя Беларусі, вядома, вось з гэтым – вялікая праблема.

«Толькі нямногія з беларускіх пісьменнікаў сёння могуць быць «прафесійнымі» літаратарамі»

– Ці ёсць у нашых пісьменнікаў за мяжой магчымасць свабодна пісаць, ці трэба шукаць асноўную працу, каб выжыць? Наколькі развітая сістэма падтрымкі?

– Заўсёды існавалі літаратурныя рэзідэнцыі, якія дапамагалі пісьменнікам мець літаратуру ў якасці асноўнай працы хаця б на пэўны перыяд часу. Праблема ў тым, што такіх рэзідэнцыяў не стае на ўсіх ахвочых, на ўсіх, каму варта было б у іх паўдзельнічаць. Зрэшты, у нашай сітуацыі для літаратараў, якія працягваюць жыць у Беларусі, часовы выезд за мяжу на рэзідэнцыю важны ўжо ў якасці перадышкі і, на мой погляд, не заўсёды жорсткае вымаганне «прадукту» павінна быць у дачыненні да тых, хто прыязджае «знутры краіны».

Салідарнасць замежных арганізацыяў у выніку падзеяў 2020 года часова павялічыла колькасць такіх рэзідэнцыяў і значна большая колькасць беларускіх літаратараў змагла ў іх паўдзельнічаць. Але ўсё адно іх не стае на ўсіх. Таму літаратары (зрэшты, гэтая сітуацыя характэрная не толькі для беларускіх пісьменнікаў) рэдка калі могуць мець літаратуру ў якасці «асноўнай працы», часцей за ўсё яны працуюць у сумежных сферах – журналістыцы, рэдактуры, карэктуры, выкладчыцкай дзейнасці і іншых.

Агляд
8 з 14. Стаў вядомы кароткі спіс намінантаў на прэмію Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку
2024.04.17 11:00

У замежжы, асабліва для пісьменнікаў, якія былі вымушаныя выехаць з прычынаў бяспекі, сітуацыя яшчэ цяжэйшая: з «моўных» прычынаў значна менш магчымасцяў працы ў сумежных прафесіях, таму пісьменнікам часта даводзіцца звяртацца да некваліфікаванай працы. Гэта ў цэлым вельмі складаная сітуацыя, калі людзі вымушаныя выжываць і не заўсёды застаюцца сілы на творчасць. Разам з тым, гэта, безумоўна, таксама новы досвед і ён можа быць перапрацаваны ў літаратурны твор, зноў-такі, калі магчымасці творчай працы ў чалавека будзе.

Паўтаруся, такая сітуацыя не ўнікальная для Беларусі, з ёй сутыкаюцца пісьменнікі з усяго свету. Больш за тое, эміграцыя пасля Другой сусветнай вайны, таксама не мела лепшых умоваў, а часам нават горшыя.

Мне і самой як аўтарцы даводзіцца працаваць у арганізацыі. Адзіная рэзідэнцыя, на якую я трапіла пасля 2020 года (а была запланаваная рэзідэнцыя яшчэ ў 2018 годзе), здарылася ў 2022 годзе, калі Бяляцкі атрымаў Нобеля і ўвесь мой месяц рэзідэнцыі я ў выніку працавала над кнігай «Алесь», чым, зрэшты, задаволеная.

Старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай трымае кнігу «Алесь Бяляцкі», у якой сабраны ўспаміны Бяляцкага, публікацыі ў перыёдыцы, выступы на канферэнцыях і ў судах, лісты на свабоду ды інтэрв’ю. Варшава, Польшча. 18 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Падкрэслю – толькі нямногія з беларускіх пісьменнікаў на сёння могуць быць «прафесійнымі» літаратарамі, але некаторым з іх таксама давялося дзеля гэтага адмовіцца ад іншай працы і прайсці цяжкія перыяды безграшоўя, перш чым яны змаглі жыць, дзякуючы сваёй творчасці.

Дзе набываць беларускія кнігі?

– Калега распавяла, што надоечы спрабавала набыць кнігу Сашы Філіпенкі онлайн і зламала сабе мозг, бо аказалася, што гэта не так і проста. Замовіла ў выніку, але ўзнікла пытанне – ці будзе створаная нейкая платформа, дзе можна онлайн набыць беларускія кнігі, і якая не будзе абмежаваная адным выдавецтвам? Ці, магчыма, патрэбная нейкая кампанія па распаўсюду інфармацыі пра тое, дзе набываць беларускія кнігі?

– Цяпер анансуюць беларускі маркет-плэйс, спадзяюся, ён ужо хутка з’явіцца. На мой погляд, для дастаўкі па Еўропе зручны варыянт Allegro.pl. Онлайн-кнігарня ёсць у выдавецтва «Янушкевіч». Не адмаўляю, што праблема з інфармацыяй ёсць, але мяркую, што гэта працэс станаўлення на ногі, спадзяюся, што неўзабаве ўсё будзе, бо ў продажах зацікаўленыя самі выдавецтвы.

Аб’ектыў
Хто прыходзіць на месца выціснутых за мяжу беларускіх літаратараў?
2024.03.09 20:49

– Якая сітуацыя з аўтарамі ўнутры Беларусі? Ці выходзяць там цяпер годныя творы, ці можна пісаць у Беларусі, а выдавацца за мяжой, пад псеўданімам, напрыклад?

– Пра тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, што робяць людзі ўнутры краіны, на жаль, не варта расказваць публічна ў СМІ, каб тая дзейнасць магла працягвацца.

За кратамі – мінімум 37 людзей слова

– Колькі пісьменнікаў цяпер знаходзяцца за кратамі ў Беларусі?

– На сёння, паводле дадзеных Беларускага ПЭНу, у зняволенні знаходзіцца мінімум 37 Людзей слова. Людзі слова – гэта нашае вельмі шырокае разуменне пісьменнікаў: гэта беларускія літаратары, перакладчыкі і даследчыкі літаратуры, публіцысты, інтэлектуалы і тыя, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў. На жаль, гэты спіс няпоўны. Мы ведаем, што ёсць за кратамі тыя, хто не хоча апублічвання свайго імя, і мы вымушаныя прыслухоўвацца да пажадання чалавека.

Старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай. Варшава, Польшча. 18 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

– Што сёння беларускі ПЭН робіць для беларускіх аўтараў і развіцця нашай літаратуры?

– У нас ёсць два кірункі – адзін накіраваны менавіта на пісьменнікаў, ягонай мэтай зʼяўляецца спрыянне развіццю патэнцыялу аўтараў. Беларускі ПЭН працягвае рэалізоўваць літаратурныя прэміі, якія крыху дапамагаюць аўтарам, але не могуць у сённяшніх умовах напоўніцу выконваць сваю публічную функцыю, асабліва калі перамагаюць аўтары з Беларусі. Мы плануем узнавіць майстар-класы для беларускіх літаратараў і перакладчыцкую майстэрню. Ёсць шэраг праектаў, накіраваных на аўтараў у Беларусі, пра іх, на жаль, не магу казаць публічна.

У межах праваабарончага кірунку мы працуем не толькі з літаратарамі, а з усімі дзеячамі культуры, з рэпрэсаванымі (у межах магчымасцяў), але пра гэта таксама не магу публічна шмат сказаць.

Даведка «Белсату»

7 траўня 2024 года ў Музеі Вольнай Беларусі адбудзецца цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку.

Адрас: вуліца Foksal, 11, Варшава. Пачатак цырымоніі а 18:00. Уваход вольны.

На прэмію былі намінаваныя 14 вокладак, з якіх журы выбрала 8 фіналістаў.

Генеральны партнёр прэміі – «Белсат».

Hавiны
«У цёмныя часы ты прыходзіш у гэты свет». «Сабакі Еўропы» Бахарэвіча выйшлі ў перакладзе на нямецкую
2024.01.31 14:54

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў