Сілавікі ідуць па кругу. У Берасці новыя суды ў «карагоднай справе»


У Берасці зноў судзяць за так званыя беспарадкі і ў межах «карагоднай справы», паведамляюць крыніцы «Белсату». Сілавікі не столькі шукаюць новых «злачынцаў», колькі затрымліваюць тых, хто ўжо адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю. Праваабаронцы папярэджваюць былых вязняў пра небяспеку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за свабоду. Берасце, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Мілана Харытонава / Вот Так / Белсат

Выглядае так, што сілавікі спяшаюцца сабраць некалькі групаў людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах 10 жніўня 2020 года, распавядае наш суразмоўца. Ён мяркуе, што «гераічнае» раскрыццё «злачынстваў» плануюць прымеркаваць да 3 ліпеня – афіцыйнага Дня Незалежнасці.

Са словаў нашай крыніцы, сілавікі ходзяць па хатах і пытаюцца, што людзі рабілі 9–10 жніўня і ці падтрымліваюць цяперашнія ўлады. У сувязі з гэтым усім тым, хто неяк удзельнічаў у пратэстах 2020 года, суразмоўца «Белсату» раіць пакінуць Беларусь, а тым, хто з’ехаў, пакуль не вяртацца.

Так, толькі за мінулы тыдзень у справе аб так званых берасцейскіх беспарадках затрыманыя Дзмітрый Лысюк, Дзяніс Якавенка, Дзмітрый Поснікаў, Валянціна Жукоўская (яна ўжо адбыла «хатнюю хімію» паводле «карагоднай справы») і яшчэ некалькі чалавек, імёны якіх пакуль высветліць не ўдалося.

Па выніках падзеяў 9–10 жніўня 2020 года ў Берасці была заведзеная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»). У выніку асудзілі 66 чалавек, яны атрымалі розныя тэрміны (у асноўным 3–4 гады), і большасць з іх выйшла на волю. І вось амаль праз чатыры гады ўлады надумалі вярнуцца да гэтай справы.

Дарэчы, як і да «карагоднай», у межах якой 23 красавіка ў судзе Берасцейскага раёну будуць судзіць Ксенію Турубчук і Дзмітрыя Мірашнічэнку.

Нагадаем, што 13 верасня 2020 года ў Берасці адбылася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Раптам некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так апісваюць гэтую падзею відавочцы. Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. Праз некалькі тыдняў на ўдзельнікаў завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Яна атрымала назву карагоднай.

Тэрмін даўнасці паводле «карагоднай справы» – пяць гадоў, а значыць, людзей паводле яе можна судзіць да 13 верасня 2025 года. А вось паводле так званых берасцейскіх беспарадкаў тэрмін даўнасці складае дзесяць гадоў, і можна судзіць аж да 10 жніўня 2030 года.

Крыніца «Белсату» нагадвае, што сілавікі абяцалі злавіць усіх удзельнікаў пратэсту, але не затрымалі пакуль нават 5 %. Цяпер пачалася новая спроба знайсці яшчэ кагосьці.

Чаму не спыняюцца рэпрэсіі, мы пацікавіліся ў праваабаронцы з ініцыятывы «Human Rights Impact» Рамана Кісляка. На ягоную думку, улады самі баяцца пратэстаў, і каб іх перадухіліць, запалохваюць грамадства з прафілактычнай мэтай.

Сітуацыя такая, што чакаць спынення рэпрэсіяў найбліжэйшым часам не варта, лічыць праваабаронца, сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак. Ён называе дзве нагоды для захавання небяспекі для тых, хто ўжо нейкім чынам трапіў у поле зроку сілавікоў.

«Сілавікі – лянівыя людзі, якім значна прасцей працаваць паводле базаў, якія ў іх ужо ёсць. Людзі, якія былі ўжо аднойчы асуджаныя, у іх праходзяць як рэцыдывісты і знаходзяцца ў спецыяльных базах, і проста яшчэ раз прайсціся праз іх значна прасцей, чым шукаць новых злачынцаў. Гэта адно з тлумачэнняў, чаму грабуць менавіта тых, хто адседзеў і ўжо выйшаў. І гэта моцны сігнал для тых, хто адседзеў і хоча застацца ў Беларусі. Хутчэй за ўсё, да вас яшчэ раз зноў прыйдуць. Практыка паказвае, што прыходзяць шмат да каго», – адзначыў ён у каментары «Белсату».

Другая прычына ў тым, што так званыя экстрэмісты – гэта просты спосаб для сілавікоў зрабіць карʼеру, бо не трэба шукаць нейкіх злачынцаў, усё пад рукой.

«Звычайна прыхільнікі пераменаў – гэта спакойныя і інтэлігентныя людзі, якіх лёгка затрымаць, таму навошта спыняць рэпрэсіі супраць іх?» – каментуе сітуацыю Андрэй Стрыжак.

АС belsat.eu 

Стужка навінаў