Дзе і калі «Чарнобыльскі шлях» пройдзе за межамі Беларусі ў 2024 годзе


У Беларусі наўрад ці пройдзе традыцыйны «Чарнобыльскі шлях» – на тле рэпрэсіяў ніхто не анансаваў акцыі памяці, якую ўлады лічаць апазіцыйнай. Але беларусы ў эміграцыі ўжо распачалі Чарнобыльскі тыдзень акцыямі памяці і кінапаказамі.

Архіўнае фота. «Чарнобыльскі шлях». Варшава, Польшча. 26 красавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Чаму ідуць на «Чарнобыльскі шлях»

У ноч на 26 красавіка 1986 года на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, што блізу гораду Прыпяць у тагачаснай Украінскай ССР, здарыўся магутны выбух, распачаўся пажар. Эфект ад аварыі быў як ад «бруднай бомбы»: з рэактару ў навакольнае асяроддзе былі выкінутыя тоны ядравага паліва і радыеактыўных рэчываў. Наўпрост ад выбуху загінулі толькі два чалавекі, у наступныя месяцы ад прамянёвай хваробы загінулі яшчэ 28 чалавек. Але радыяцыя прывяла да дзясяткаў тысяч выпадкаў заўчаснай смерці, папсавала здароўе незлічонай колькасці людзей і зрабіла вялізныя тэрыторыі непрыдатнымі для жыцця.

Савецкія ўлады два дні ўтойвалі катастрофу, а першыя парады аб бяспецы пачалі даваць толькі праз 10 дзён і нават потым вінавацілі Захад у «паклёпе», заніжалі небяспеку. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі цяпер настойвае на асваенні забруджаных радыяцыяй земляў і стварае ўражанне бяспекі, даўно забраў льготы ў ліквідатараў і пакідае пацярпелых без дапамогі, збудаваў новую АЭС, на якой пастаянна адбываюцца няштатныя сітуацыі.

Разбор
БелАЭС будзем адключаць? Немцы адмовіліся ад АЭС – ці змогуць адмовіцца іншыя
2023.04.26 16:00

Што будзе ў Беларусі

Беларускія дзяржаўныя ўстановы з 18 да 27 красавіка праводзяць «рэспубліканскую дэкаду грамадска-патрыятычных справаў “Чарнобыль. Захоўваючы памяць…”». Афішу абяцаюць апублікаваць на «платформе патрыятычнага выхавання», але станам на 23 красавіка ўсё, што анансавалі, – гэта абстрактныя «мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі краіны».

З 1989 да 2019 года ў Менску незалежна ад уладаў ладзілі акцыю памяці «Чарнобыльскі шлях», аднак пасля пандэміі і масавых рэпрэсіяў шэсцяў ужо не ладзілі. Пры гэтым у 2021 годзе акцыі не было, а затрыманні былі.

У 2024 годзе «Белсату» не ўдалося знайсці анонсаў чарнобыльскіх акцыяў памяці ў Беларусі. Пра такія не чула і экалагічная арганізацыя «Экадом», што ладзіць шэраг акцыяў за межамі нашай краіны. У «Экадоме» патлумачылі: лукашэнкаўскія ўлады назвалі арганізацыю «экстрэмісцкім фармаваннем», таму «Экадом» не заахвочвае людзей у Беларусі ладзіць нейкія публічныя акцыі ў межах Чарнобыльскага тыдня. Не выключана, што хтосьці зладзіць падпольныя акцыі памяці. «Экадом» заклікае людзей у Беларусі чытаць кнігі і глядзець фільмы пра наступствы чарнобыльскай катастрофы, лекцыі пра зялёную энергетыку або «па-партызанску» сеяць палявыя кветкі ў гарадах так званымі бомбачкамі з насеннем.

Аналітыка
Чарнобыль у беларускім кіно і літаратуры. Што пачытаць, паглядзець і як ацаніць
2021.04.26 11:15

Што ладзяць беларусы ў эміграцыі

Акцыі памяці ладзяць як у межах Чарнобыльскага тыдня арганізацыі «Экадом», так і самастойна. Чарнобыльскі тыдзень пачаўся яшчэ 19 красавіка, ужо прайшоў шэраг лекцыяў і кінапаказаў у розных краінах. Вось якія акцыі анансавалі на найбліжэйшыя дні.

Маршы і мітынгі

Беласток, Польшча. 26 красавіка, 18:00 – акцыя ў скверы Вольнай Беларусі (каля консульства Беларусі).

Варшава, Польшча. 26 красавіка, 18:00 – мітынг каля помніку Каперніку, шэсце да помніку Марыі Складоўскай-Кюры.

Вроцлаў, Польшча. 26 красавіка, 18:00 – акцыя «Не – ядравай зброі ў Беларусі» на Рынкавай плошчы (каля слупа «Pręgierz»).

Вільня, Літва. 26 красавіка, 12:00 – ускладанне кветак да помніка «Маці Чарнобылю» з удзелам Святланы Ціханоўскай і дыпламатаў.

Нью-Ёрк, ЗША. 26 красавіка, 12:30 – мітынг каля штаб-кватэры ААН.

Брусель, Бельгія. 27 красавіка, 14:00 – акцыя на Албэртынаплейн (Albertinaplein).

Тбілісі, Грузія. 27 красавіка, 14:00 – вечар памяці чарнобыльскай катастрофы ў прасторы «Кропка».

Чыкага, ЗША. 27 красавіка, 10:00 – акцыя памяці і пасадка дрэваў у парку імя Сэма Леонэ (Sam Leone Beach Park).

Кінапаказы, чытанні, спектаклі

Прагляд фільму «Чарнобыльскія бабулі» – 23 красавіка ў Берліне, 24 красавіка ў Варшаве і Вільні.

Прагляд выбраных момантаў серыялу «Чарнобыль» разам з фізікам-атамнікам – 23 красавіка ў Познані.

Прагляд фільму «Соль зямлі» і чытанне «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч – 24 красавіка ў Кракаве.

Паказ спектаклю «Ціхары» – 26 красавіка ў Вільні.

Іншыя імпрэзы могуць быць анансаваныя пазней. Калі ведаеце пра анонсы, не згаданыя вышэй, раскажыце нам праз ананімны Telegram-бот @BelsatBot.

Анонсы акцыяў таксама збіраюць на мапе Dze.chat.

Аналітыка
FAQ пра Чарнобыль у кантэксце вайны: ці можа атам быць мірным?
2022.04.26 10:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў